23 сакавіка пачаўся разгляд «Пінскай справы». «Вясна» яшчэ ў кастрычніку 2020-га сустрэлася са сваякамі пінскіх палітвязняў у Баранавічах каля СІЗА, куды яны прыехалі ўсе разам, каб перадаць сваім блізкім перадачы. Праваабаронцы тады пагутарылі з імі. З чаго пачалася «Пінская справа», як яе фігурантамі сталі Вячаслаў Рагашчук, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў, Алег Рубец і Данііл Богнат, што яны пішуць у сваіх лістах — чытайце ў матэрыяле.

У матэрыялах крымінальных справаў фігурантаў так званай «Пінскай справы» адзначаецца, што «ў перыяд часу з 20 гадзіны 9 жніўня да 3 гадзіны 10 жніўня, знаходзячыся на тэрыторыі горада Пінска, у тым ліку паблізу адміністрацыйнага будынка Пінскага гарвыканкама, дзейнічаючы наўмысна ў групе з Раманам Багноўцам, Станіславам Міхайлавым, Артурам Халімончыкам, Вячаславам Рагашчуком, Аленай Маўшук, Алегам Рубцом, Даніілам Богнатам, Рыгорам Гунько, Вячаславам Шаляметам, Канстанцінам Шырокіх, Сяргеем Ляжэнкам, Андрэем Мацуком, Ігарам Салаўём [13 чалавек] і іншымі неўстаноўленымі асобамі, удзельнічалі ў масавых беспарадках, якія суправаджаліся пагромамі, знішчэннем маёмасці, гвалтам над асобай, што выявілася ў прычыненні цялесных пашкоджанняў і нанясенні пашкоджанняў супрацоўнікам органаў унутраных справаў, гто-бок злачынстве, прадугледжаным часткай 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса».

Практычна ўсе фігуранты гэтай справы былі ўзятыя пад варту і да суда знаходзіліся ў Баранавіцкім СІЗА. 9 кастрычніка змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе Канстанціну Шырокіх, яго выпусцілі на волю. Дзевяць фігурантаў «Пінскай справы» прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітычнымі вязнямі.

Сваякі палітычных зняволеных з Пінска. Фота: spring96.org

Сваякі палітычных зняволеных з Пінска. Фота: spring96.org

Кароткая даведка «Вясны» пра палітвязняў:

  • Вячаслаў Рагашчук затрыманы 10 жніўня, яго збівалі на працягу трох дзён, з першага дня пасля збіцця і да гэтага часу ў яго ў галаве шум і звон, у СІЗА яму не аказваецца медыцынская дапамога з гэтай нагоды;
  • Сябры-фанаты ФК «Волна» Алег Рубец і Данііл Богнат затрыманыя 10 жніўня, іх збівалі на працягу трох дзён;
  • Алена Маўшук затрыманая 10 жніўня, пасля затрымання ў камеры апынулася голай і збітай, у СІЗА стаіць на ўліку як схільная «да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў»;
  • Станіслаў Міхайлаў затрыманы 9 жніўня ў кавярні за кубкам кавы, збівалі пры затрыманні, больш інфармацыі няма.

Што адбылося ў ноч з 9 на 10 жніўня каля Пінскага гарвыканкама?

Як распавядаюць пінчукі, вечарам 9 жніўня людзі пачалі збірацца каля сваіх выбарчых участкаў, каб даведацца вынікі выбараў па сваіх раёнах. Аднак там іх пачалі адпраўляць да Пінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Сябры выбарчых камісіяў тлумачылі гэта тым, што ўсе звесткі ўжо перададзеныя ў гарвыканкам. Яны казалі, што людзям там скажуць вынікі.

«Атрымліваецца, што яны самі сабралі людзей каля гарвыканкама», — распавядаюць сваякі палітвязняў. «Людзей завабілі туды падманам і сабралі такім шляхам каля гарвыканкама, а потым яшчэ і справакавалі на агрэсію».

Калі ўвечары 9 жніўня каля гарвыканкама сабралася каля тысячы чалавек, да іх выйшаў з мегафонам начальнік Пінскага ГАУС Дзмітрый Каравякоўскі і чыноўнік. Было прапанавана вылучыць ад людзей пяць дэлегатаў, якія змогуць пагутарыць з кіраўніцтвам горада. Па словах пінчукоў, людзі проста хацелі даведацца вынікі выбараў. Калі пяць чалавек увайшлі ў будынак гарвыканкама, начальнік міліцыі сказаў усім чакаць. Каля будынка гарвыканкама яны прачакалі каля дзвюх гадзін, але сваіх пяці дэлегатаў у той вечар яны так і не дачакаліся.

«Людзі спакойна чакалі іх: яны размаўлялі, спявалі песні, пляскалі, смяяліся. Яны паводзілі сябе мірна, ніхто ніякай агрэсіі не выказваў. Побач стаялі мясцовыя супрацоўнікі міліцыі са шчытамі, але да іх ніхто нават не падыходзіў. Казалі, што прысутныя на плошчы перагаворваліся з імі. Атрымалася, што адзін насупраць аднаго стаялі кумы, суседзі. Яны нават «вітанкі» адзін аднаму перадавалі.

Але, як аказалася, улады проста цягнулі час. За гэтыя дзве гадзіны ў горад прыбыло падмацаванне сілавікоў. Людзей сталі акружаць. Апынуўшыся ў такой сітуацыі, людзі, вядома, пачалі прарывацца з «кола». «А што рабіць?»

Па словах мясцовых, далей пачаліся сутыкненні з АМАПам: сілавікоў пачалі адціскаць.

«Таксама кажуць, што, акрамя гэтага, была правакацыя з боку сілавікоў з кіданнем бутэлек. Напэўна, гэта былі так званыя «ціхары». Кідаліся амаль пустыя пластмасавыя бутэлькі, якія не могуць нанесці ніякай шкоды».

«Але потым і сілавікі пачалі ўжо «лютаваць», пачаліся масавыя жорсткія затрыманні. Ноччу ў горадзе выключылі святло, горад быў пагружаны ў апраметную цемру. І ў гэты час шмат людзей затрымлівалі: моладзь, якая гуляла, людзей, якія вярталіся з начных змен, тых, хто проста выходзіў у краму. Была гісторыя, калі хлопцы, прыехаўшы з рыбалкі, зразумелі, што дома няма ежы, і яны спусціліся па хлеб. Але апынуліся ў аўтазаку. Потым гэты батон з хлебам валяўся ў куце ў ціры [там з-за адсутнасці месцаў у ізалятары ўтрымлівалі затрыманых пасля выбараў]. У гэтыя дні адбываліся проста зверствы».

Палітвязні Вячаслаў Рагашчук, Алена Маўшук, Станіслаў Міхайлаў, Алег Рубец і Данііл Богнат былі затрыманыя 9 і 10 жніўня. Нягледзячы на тое што ў матэрыялах справаў пазначаецца, што «яны дзейнічалі наўмысна ў групе», з гэтых пяці чалавек паміж сабой знаёмыя толькі Алег і Данііл.

«З-за гэтага відэа сядзяць вашы дзеці і мая жонка!»

Як распавядаюць пінчукі, многія сталі фігурантамі крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса з-за відэа, на якім супрацоўнікі міліцыі пачалі апазнаваць іх.

«Некаторых людзей сталі затрымліваць пазней, калі пачалі ў інтэрнэце з'яўляцца відэа. А некаторых затрымалі, апазнаўшы па відэа, якія захоўваліся на тэлефонах затрыманых, якія ў іх забралі».

Як распавядае Сяргей Маўшук, муж палітзняволенай Алены, многіх фігурантаў «Пінскай справы» затрымалі з-за аднаго відэа. На многіх пасля затрымання прыносілі раздрукоўкі скрыншотаў з гэтага відэа.

«Яно вельмі дакладнае. Па сутнасці, з-за гэтага відэа сядзяць вашы дзеці і мая жонка!» — кажа іншым сваякам палітвязняў Сяргей.

У канцы верасня быў узяты пад варту ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 КК 27-гадовы пінчук Сяргей Ляжэнка. Яго першы раз затрымалі 28 жніўня, апазнаўшы яго па відэа з пратэсту, якое з'явілася ў інтэрнэце. Да 23 верасня ён быў пад хатнім арыштам, але яму змянілі меру стрымання нібыта з-за «парушэння рэжыму і намераў схавацца за мяжу».

Пяць гісторый палітычных зняволеных пінчукоў

Вячаслаў Мікалаевіч Рагашчук, 35 гадоў, таксіст

Маці і сястра Вячаслава Рагашчука. Фота: spring96.org

Маці і сястра Вячаслава Рагашчука. Фота: spring96.org

Як распавядае сястра Вячаслава Кацярына, 9 жніўня да вечара ён працаваў.

«Як так атрымалася, што ён апынуўся там [каля гарвыканкама] — мы не ведаем, таму што нас там не было».

Па словах маці і сястры Вячаслава, ён быў затрыманы на наступны дзень.

«Увечары 10 жніўня ён зноў пайшоў на нейкія зборы, але не дайшоў да плошчы. Я Славе патэлефанавала, калі ён быў у іншым канцы горада ад плошчы. Я паклікала яго да сябе дадому, я жыла недалёка ад месца, дзе ён быў. Ён пагадзіўся і сказаў, каб я выйшла яго сустрэць. Я сама пабаялася выходзіць з хаты, было ўжо палова на адзінаццатую, — узяла з сабой 12-гадовага сына. Мы сустрэлі Славіка на вуліцы, ён узяў майго сына за руку з аднаго боку, а я — з другога. Тут ззаду падлятаюць пяць супрацоўнікаў міліцыі па форме і давай яго «круціць». Я пачала крычаць: «Што тут адбываецца? Што вы робіце?» А яны мне: «Ты хто?» Я сказала, што я яго жонка, а побач наш сын. Але яны мяне з сынам адштурхнулі і сказалі: «Вядзі дадому сына, не траўмуй яго».

Славу пасадзілі ў машыну накшталт ахоўнай, гэта была не міліцэйская машына. Я спытала яшчэ, куды яны вязуць Славіка, яны мне адказалі, што на Кірава, 53 [па гэтым адрасе знаходзіцца Пінскае ГАУС]. Я пабегла дадому і пачала тэлефанаваць туды. Са мной размаўлялі як са свіннёй. Я пытаюся: «На якой падставе вы яго забралі?» Яны адказалі, што для высвятлення асобы. Я ім кажу: «Дык давайце я вам пашпарт яго прывязу!» На што мне адказалі ў аддзяленні міліцыі: «Дзяўчына, у нас такая кантора!» Потым накрычалі, што я нібыта займаю лінію дзяжурнай часткі і сказалі, каб я больш не тэлефанавала. Я папрасіла іншы нумар, каб даведацца інфармацыю пра брата, але мне толькі адказалі: «Шукай адваката!»

У той жа вечар я знайшла адваката. На наступны дзень [11 жніўня] да Славы на аператыўныя мерапрыемствы патрапіў адвакат», — распавядае сястра Вячаслава.

«Быў збіты больш за ўсіх у камеры, проста нечалавечна збіты»

Як распавядае маці Вячаслава Рагашчука, калі яна вярнулася дадому 11 жніўня, у дзвярах яе чакала запіска ад сукамерніка яе сына. Ён пакінуў свой нумар тэлефона і напісаў, што ён быў з Вячаславам у ІЧУ.

«Мабыць, яго так моцна збівалі там, што ён, напэўна, падумаў, што ўжо адтуль і не выйдзе», — кажа маці Вячаслава.

«Мы сустрэліся з гэтым хлопцам, і ён распавёў, што Слава вельмі моцна збіты. У яго была вельмі вялікая вісячая гематома за вухам, тры рассечыны на галаве, па ўсіх пазванках былі чорныя круглыя сінякі. Яго сукамернік сказаў, што ён быў збіты больш за ўсіх у камеры, проста нечалавечна збіты.

Гэты хлопец, якога затрымалі 7 жніўня за збор подпісаў, распавёў, што 10-11 [жніўня] ў ізалятары стаяла страшнае чалавечае выццё. Яны пачалі крычаць і стукаць: «Што адбываецца?» Міліцыянты сказалі: «Зараз ўбачыце!» і пачалі ўсіх закідваць у камеры. Яны проста аслупянелі. Кажа, што ў калідорах стаялі лужыны крыві. Нават следчыя ў кабінетах казалі: «Не біце тут, нам кроў у кабінеце не патрэбная», — перадаюць аповед сукамерніка Вячаслава ягоная маці і сястра.

«Як білі на Кірава [у Пінскім ГАУС] — такога я яшчэ не бачыў. Хто яны..?» — напісаў у адным з лістоў Вячаслаў.

«Яго збівалі тры дні. Гэта было ўжо не збіццё, гэта былі катаванні. Гэта самыя сапраўдныя катаванні. Як распавядаў яго сукамернік, калі Слава распранаўся і мяняў кашулі ў камеры, то ўсе «ахалі» проста. Ён быў збіты мацней за ўсіх!

Калі яны думаюць, што схаваюць гэтыя пабоі, то не выйдзе, людзі бачылі ўсё, яны распавялі ўсё», — кажа маці Вячаслава.

Намеснік пракурора: Ніхто нікога там не біў

Родным Вячаслава вядома, што ў СІЗА ён праходзіў судмедэкспертызу з нагоды збіцця, але больш інфармацыі яны не ведаюць, бо адвакат Вячаслава знаходзіцца на падпісцы аб неразгалошванні.

Сястра і маці Вячаслава Рагашчука напісалі тры заявы з нагоды яго збіцця: у пракуратуру, Следчы камітэт і Пінскі ГАУС. Іх выклікалі на допыт, аднак тое, што яны заяўлялі, што могуць прывесці сведак збіцця Святаслава Рагашчука, не было прынята пад увагу. Праз некаторы час яны сказалі сваякам, што справа адпраўлена ў Брэст, там будуць разбірацца. 

12 жніўня родныя Вячаслава хадзілі на прыём да намесніка Пінскага міжраённага пракурора Аляксандра Плескацэвіча.

«Мы кажам, што ён збіты, а ён нам: «Вы што, я вас запэўніваю, я вам слова даю, я там усю ноч быў: ніхто нікога не біў. Вы разумееце, у міліцыі ёсць такая структура, іх кайданкамі прыкоўваюць і на падлогу кладуць. Вось ён, напэўна, калі клаўся — упаў. Ён жа галаву сабе не зберажэ».

Я кажу: «У яго гематома за вухам! Тут ён упаў, а потым перавярнуўся і пачаў біць сябе ў іншым месцы?» — распавядае сястра Кацярына пра прыём у пракуратуру.

Шум у галаве да гэтага часу

Як распавядаюць родныя Вячаслава, з першага дня пасля збіцця і да гэтага часу ў яго ў галаве шум і звон. 6 кастрычніка ў лісце Вячаслаў напісаў, што да яго ў першых чыслах прыходзіла доктарка:

«Цытую: «Ну гэта можа быць кровазліццё, або сатрасенне, або траўма галавы», карацей, неяк так. Ну нічога страшнага, прарвуся! Вось цяпер таблеткі п'ю, яшчэ 3 дні засталіся, але шум застаецца ў галаве», — піша Вячаслаў у лісце сястры.

Працяг ліста Вячаслава Рагашчука. Фота: spring96.org

Працяг ліста Вячаслава Рагашчука. Фота: spring96.org

Сястра Вячаслава распавядае, што яшчэ ў адным лісце ён напісаў, што яму неяк дыягнаставалі «мікраінсульт».

«Мы ўчора тэлефанавалі ў СІЗА і размаўлялі з ягоным лекарам. Мы ў яе пытаем: як мы можам яму дапамагчы, што нам зрабіць, каб яго на абследаванне галавы адправілі? На што яна нам сказала, што «ў яго ніякіх хваляванняў няма, адчувае ён сябе добра». Таксама яна сказала: «Вы не хвалюйцеся, у яго са здароўем усё нармальна. Адзінае, што вы можаце перадаць, — гэта таблеткі «Бэтагісцін», — распавядаюць родныя Вячаслава.

У інструкцыі па ўжыванні пазначана, што гэтыя лекавыя сродкі прызначаюцца пры «галавакружэнні рознага паходжання, галаўнога болю, шуме ў вушах, прагрэсавальным зніжэнні слыху, млоснасці і ванітах, хваробе або сіндроме Меньера» [паражэнне ўнутранага вуха, пры якім узнікае галавакружэнне].

Таксама сястра Вячаслава кажа, што за два месяцы ён прапіў два курсы антыбіётыкаў, з-за гэтага ў яго цяпер адзначаюцца праблемы яшчэ і з падстраўнікавай. Аднак родныя не ведаюць, па якой прычыне яму выпісалі столькі антыбіётыкаў: ці то з-за нейкай прастуды, ці то з-за збіцця, ці то з-за праблем з галавой.

Сястра і мама Вячаслава распавядаюць, што яны перадавалі яму перадачы 13 і 14 жніўня ў Пінскае ІЧУ, але да яго яны так і не дайшлі.

«Мы здагадваліся, што яго могуць павезці кудысьці, таму мы сабралі яму пакет з усім неабходным, сярод якіх былі і гумовыя сланцы. А цяпер ён піша ў лісце жонцы: «Вы хоць мне сланцы перадайце». Мы зразумелі, што перадачу яму тую не перадалі. І вось цяпер зноў купілі і прывезлі яму сланцы», — распавядаюць родныя Вячаслава.

Сваякі Вячаслава Рагашчука і Станіслава Міхайлава нясуць перадачы ў СІЗА. Фота: spring96.org

Сваякі Вячаслава Рагашчука і Станіслава Міхайлава нясуць перадачы ў СІЗА. Фота: spring96.org

У Вячаслава трое непаўналетніх дзяцей: шасці, сямі і дзевяці гадоў.

Алег Рубец і Данііл Богнат, 18 і 19 гадоў, пасля ліцэя на адпрацоўцы, фанаты Пінскага ФК «Хваля»

Алег Рубец і Данііл Богнат. Фота: spring96.org

Алег Рубец і Данііл Богнат. Фота: spring96.org

Па словах родных Алега і Данііла, хлопцы сябруюць даўно: «Яны па жыцці сябры. Разам у ліцэі ў адной групе вучыліся. Яны разам усюды гулялі, тусаваліся, вось і па гэты дзень разам…»

Хлопцы адвучыліся ў мясцовым ліцэі і атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Уладкаваліся трактарыстамі на адпрацоўку. На ёй паспелі папрацаваць менш за два тыдні. Таксама родныя Алега і Данііла распавядаюць, што хлопцы заўзелі за пінскі футбольны клуб «Хваля».

Алега і Данііла затрымалі ўвечары 10 жніўня на вуліцы горада. Іх сваякі не ведаюць, як менавіта і пры якіх абставінах гэта адбывалася. Усю наступную інфармацыю пра Алега і Данііла яны атрымлівалі толькі ад сукамернікаў і адвакатаў.

«10 жніўня пасля працы Алег зайшоў дадому, а потым пайшоў гуляць у горад. У горадзе ўжо трохі пачалі даведвацца пра падзеі папярэдняй ночы. Але мы не ведалі ўсю карціну, таму што адсутнічаў інтэрнэт. З таго вечара Алега мы больш не бачылі.

Гэта былі першыя выбары ў жыцці, яму толькі споўнілася 18 гадоў. Ён галасаваў, але, напэўна, ён быў не згодны з вынікамі выбараў і разам з усімі 9 жніўня прыйшоў на плошчу. Напэўна, ён зрабіў свае высновы ў той сітуацыі. І тое, што ён зрабіў, — гэта яго выбар. Мы ганарымся сынам», — расказваюць бацька Алега Віктар і яго жонка Таццяна.

Бацька Алега Рубца Віктар і яго жонка Таццяна. Фота: spring96.org

Бацька Алега Рубца Віктар і яго жонка Таццяна. Фота: spring96.org

Збівалі на працягу трох дзён

Блізкім і родным Алега і Данііла людзі, якія ўтрымліваліся разам з імі, распавялі, што іх збівалі, прыніжалі, пагражалі на працягу трох дзён з 10 па 13 жніўня.

«Людзей у Пінску ў тыя дні затрымлівалі вельмі шмат. Не хапала месца, таму затрыманых трымалі ў актавай зале і «падвале», так званым ціры. Іх там сотнямі трымалі. Наогул, Пінскі ІЧУ праславіўся сваёй антысанітарыяй па ўсёй Беларусі. Там былі блашчыцы, вошы, усе былі пакусаныя.

Затрыманым такой спякотай не давалі вады. Не пускалі ў прыбіральні. Выцягвалі з камер і збівалі іх за любую дробязь: за слова, за няправільны погляд — за ўсё. У актавай зале, распавядалі, цэлыя суткі трымалі затрыманых на кукішках і з рукамі за галавой. Калі хтосьці варушыўся — адразу прылятала дубінкай па галаве, па спіне. Адтуль выходзілі практычна ўсе збітыя: і дзяўчынкі, і хлопчыкі. Дзяўчынак распраналі да бюстгальтараў, пагрозы згвалтаваннем былі.

Калі мы гэта ўсё даведаліся, то былі вельмі абураныя і абражаныя, але дагэтуль не можам дамагчыся праўды», — распавядае Таццяна, мачыха Алега.

Сваякі Алега Рубца і Данііла Богната сцвярджаюць, што як мінімум трое чалавек гатовыя выступіць сведкамі па справе аб збіцці хлопцаў супрацоўнікамі міліцыі, калі справа дойдзе да суда. Па словах Таццяны, гэтыя трое хлопцаў самі пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў.

«Самае крыўднае, што білі свае ж, мясцовыя міліцыянты. Супрацоўнікі з Пінскага ГАУС так з іх здзекаваліся», — дадае маці Данііла.

Хлопец, які быў з Алегам, распавёў, што адразу пры затрыманні ноччу 10 жніўня супрацоўнікі міліцыі хацелі скласці на іх адміністрацыйныя пратаколы і адпусціць.

«Іх потым завялі ў кабінет, там збілі. І тут зайшоў следчы з раздрукоўкамі з відэа, дзе Алег і Данік, і сказаў, што яны затрыманыя», — пераказала словы відавочцы маці Данііла.

«На дзень нараджэння ў камеры зрабілі торт з печыва і згушчонкі»

У лістах бацькам Алег піша, што ў яго ўсё добра, падтрымлівае іх. Алег перажывае за сваю маці, якая цяпер сур'ёзна хварэе, і за сваю 6-гадовую сястру.

Данііл Богнат сваё 19-годдзе адзначыў у камеры ў баранавіцкім СІЗА.

Маці і сястра Данііла Богната. Фота: spring96.org

Маці і сястра Данііла Богната. Фота: spring96.org

«Напісаў, што на дзень нараджэння ў камеры зрабілі торт з печыва і згушчонкі. Піша ў лістах, што святло перашкаджае спаць і шумна пастаянна: радыё вельмі гучна працуе», — распавядае маці Данііла.

Бацькі Алега і Данііла распавядаюць, што спрабавалі дамагчыся з імі спаткання, але ім гэтага не ўдалося.

«Я ўжо тры разы спрабавала выбіць спатканне праз адваката, але следчы адмаўляе. Цяпер сама асабіста напісала следчаму ўжо. Чакаю», — кажа маці Данііла.

Алена Уладзіміраўна Маўшук, 44 гады, кухонная работніца ў бальніцы

Сяргей Маўшук. Фота: spring96.org

Сяргей Маўшук. Фота: spring96.org

Увечары 9 жніўня яна пайшла з мужам Сяргеем прагуляцца на плошчу Леніна. Па словах Сяргея, яны ўбачылі, што збіраецца шмат людзей і пачынаюць крычаць лозунгі накшталт «Ганьба!», «Сыходзь». Са словаў Сяргея, раней на мітынгі з жонкай не хадзілі, часам глядзелі відэа блогераў.

«Мы ўбачылі, што раптам на людзей пайшлі шчыты [сілавікі са шчытамі]. Мы пачалі выбірацца адтуль, але нас цалкам атачылі сілавікі. Была толькі маленькая вулачка для выхаду. Мы з яшчэ 15-20 людзьмі пабеглі туды. Але мы ўперліся ў гаражы з калючым дротам. Я заскочыў на гаражы, а жонка не змагла. Я застаўся з ёй. Мяне адразу заламалі сілавікі: тварам у асфальт, рукі за спіну. Мяне закінулі ў аўтазак, а Лену проста завялі», — распавядае Сяргей Маўшук.

Мужа і жонку даставілі ў Пінскае ГАУС. Там супрацоўнікі міліцыі ўстанавілі па відэа, якое пазней з'явілася ў інтэрнэце, што «Алена брала ўдзел у масавых беспарадках». Сяргею сказалі, што яго жонку «закрылі». Затрыманых падчас пратэсных акцый мужчын у Пінску ўтрымлівалі ў ціры. Сяргея Маўшука пратрымалі там каля 17 гадзін.

«У ноч з 10 на 11 жніўня ў ціры «прайшло» 175 чалавек. Раніцай, калі заставалася шэсць чалавек, прыехаў следчы і, паказваючы на некаторых пальцам, гаварыў: «Закрыты, закрыты, закрыты». На мяне гэтак жа паказаў пальцам. Калі міліцыянты сказалі, што ў мяне дзеці, следчы адказаў: «А мне нас*аць, што ў яго дзеці». І сышоў. Праз хвілін дваццаць прыйшоў іншы міліцыянт і сказаў мне: «Лічы, ты выйграў латарэйны білет». Траіх вывелі і павялі налева, а мяне з яшчэ двума мужчынамі — направа. Аформілі пратаколы і адпусцілі».

«Голая, босая, збітая»

Сяргей выйшаў таксама збіты. Распавядае, што ў ціры супрацоўнікі міліцыі збівалі затрыманых:

«У мяне быў фінгал, разбілі губу, і ўсе ягадзіцы чорныя былі. У ціры білі прапаршчыкі, сяржанты. Пры мне са словамі «Ты вырашыў нас здымаць?» ударылі з нагі аператара «Медыя-Палесся» Яўгена Мікалаевіча».

Сяргея Маўшука асудзілі па арт 23.34 КаАП (Удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) на 10 базавых велічынь (27,5 рублёў).

Да 14 жніўня ў Сяргея не было інфармацыі аб сваёй жонцы. З ім звязалася сукамэрніца, якая распавяла, што Алена знаходзіцца ў камеры «голая, босая, збітая».

«Са слоў гэтай жанчыны, Лена была ўся ў сіняках».

Дачку Алены забралі ў сацыяльны прытулак 

Сяргей Маўшук, муж Алены, з іх дачкой Карынай. Фота: spring96.org

Сяргей Маўшук, муж Алены, з іх дачкой Карынай. Фота: spring96.org

У Алены Маўшук трое дачок: адна — паўналетняя, дзве — малалетнія. 10-гадовую Ангеліну 17 верасня са школы забралі ў сацыяльны прытулак, таму што Сяргей з'яўляецца яе айчымам.

«У нас дома ёсць усе прадукты, грошы, дзеці чыстыя, дома парадак. Ангеліне мы купілі ўсё неабходнае да школы».

Па словах Сяргея, цяпер вырашаецца пытанне аб пераводзе Ангеліны ў іншы прытулак, які знаходзіцца за 25 кіламетраў ад Пінска. Пяцігадовая Карына жыве са сваім бацькам Сяргеем Маўшуком.

Палітвязніца Алена ў лістах: Мяне ў СІЗА на нейкі ўлік паставілі

Па словах Сяргея, у лістах Алена піша, што ежу немагчыма есці: «вылівае ў туалет», што яна вельмі схуднела і хварэе, «ногі адымаюцца». Сяргей паказаў «Вясне» лісты Алены, і вось што піша палітзняволеная:

«Тут у СІЗА мяне на нейкі ўлік паставілі, што я схільная да захопу адміністрацыі з захопам закладнікаў і праявы агрэсіі і павінна казаць гэта кожны дзень. Жах! Я плачу кожны дзень. Гэта трызненне нейкае. Я больш не магу, я нават і казаць не магу…

Я сяджу, а следчы мяне нікуды не тузае, і справы няма, і я не ведаю, што адбываецца. Я ўжо 2 месяцы тут, і следчы не выклікае. Можа, гэта звязана з гэтым, што я не разумею, што гэта за людзі. Ты ведаеш, што я хачу справядлівасці і я буду адказваць за тое, што я зрабіла, а не за нейкіх людзей, якіх мне прыпісваюць 12 чалавек. Я ведаць іх не ведаю, і змовы ў мяне няма з імі. Я ведаць не ведаю ніякіх людзей».

Станіслаў Міхайлаў, 43 гады, перад затрыманнем адвучыўся на дальнабойшчыка

Маці Станіслава Міхайлава. Фота: spring96.org

Станіслаў быў затрыманы ўвечары 9 жніўня ў мясцовай кавярні ў цэнтры Пінска. Гаспадыня кавярні распавяла маме Станіслава, што яе сына затрымалі, калі ён піў каву.

«Як яна распавяла, у кавярні сядзелі мужчына з жанчынай, яшчэ адзін мужчына, потым туды зайшоў Стас, замовіў каву. Праз некаторы час туды ўварваліся сілавікі і сталі хапаць мужчын».

Паводле яе словаў, затрымалі Станіслава і яшчэ аднаго мужчыну. Гаспадыня кавярні чула, як затрыманых збівалі пасля таго, як іх выцягнулі на вуліцу. Пра тое, што Станіслава збівалі, распавяла і адвакатка Станіслава, якая бачыла на мужчыне траўмы ад збіцця.

Іншай інфармацыі аб затрыманні свайго сына і падрабязнасцях крымінальнай справы маме Станіслава атрымаць не ўдалося. Яна распавяла, што цяпер падтрымлівае з ім сувязь праз лісты. Атрымлівае ад Станіслава лісты адзін-два разы на тыдзень:

«Ён асабліва ў лістах не скардзіцца. Можа, не хоча мяне хваляваць, беражэ. Піша, што ўсё нармальна, ён вытрымае. Просіць, каб я не перажывала і не хвалявалася.

У адным лісце ён напісаў мне: «Прабач, так атрымалася». Ён дарослы чалавек і, мабыць, не хоча мяне траўмаваць. Супакойвае і спадзяецца на лепшае».

Ён утрымліваецца, як і іншыя фігуранты «Пінскай справы», у СІЗА-6 у Баранавічах. 

Сваякі палітычных зняволеных пінчукоў каля СІЗА-6. Фота: spring96.org

Сваякі палітычных зняволеных пінчукоў каля СІЗА-6. Фота: spring96.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0