У сумесным лісце яны заклікаюць кіраўнікоў урадаў сваіх краін запатрабаваць ад Беларусі неадкладнага вызвалення 12 зняволеных журналістаў і спынення адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу беларускіх калег.

Па ініцыятыве Еўрапейскай федэрацыі журналістаў, сябрам якой з’яўляецца Беларуская асацыяцыя журналістаў, кіраўнікі 50 журналісцкіх арганізацый у 33 краінах Еўропы сёння, 25 сакавіка, накіравалі сумесны ліст кіраўнікам і ўрадам еўрапейскіх дзяржаў пра сітуацыю ў Беларусі.

Падпісанты ліста 50 журналісцкіх саюзаў выказваюць глыбокую заклапочанасць у сувязі з узмацненнем рэпрэсій у Беларусі. На сённяшні дзень у краіне больш за 250 палітвязняў, у тым ліку 12 журналістаў. І гэта толькі вяршыня айсберга. З 9 жніўня 2020 года было затрымана больш за 30 000 чалавек (у тым ліку больш за 480 журналістаў), прычым многія з іх сталі ахвярамі гвалту і катаванняў.

На дадзены момант ў няволі застаюцца журналісты:

— Кацярына Андрэева

— Дар'я Чульцова

— Кацярына Барысевіч

— Юлія Слуцкая

— Ала Шарко

— Сяргей Альшэўскі

— Пётр Слуцкі

— Ксенія Луцкіна

— Андрэй Аляксандраў

— Дзяніс Івашын

— Язэп Палубятка

— Сяргей Гардзіевіч

У сумесным лісце кіраўнікі журналісцкіх саюзаў заклікаюць:

— Патрабаваць ад уладаў Беларусі неадкладнага вызвалення 12 зняволеных журналістаў, адмены адміністрацыйных і крымінальных спраў супраць беларускіх журналістаў і аднаўлення працы Прэс-клуба;

— Звярнуцца да Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, АБСЕ, Савета Еўропы і Еўрапейскага Саюза, каб міжнародная супольнасць узмацніла ціск і прыняла меры з нагоды пастаянных парушэнняў правоў чалавека і свабоды прэсы ў Беларусі.

— Мы вітаем учорашняе рашэнне Савета па правах чалавека ААН стварыць групу следчых для збору доказаў пра празмернае ўжыванне сілы і катаванняў з боку ўладаў Беларусі», — заявіў прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Могенс Бліхер Б'еррэгард. — Але гэтага недастаткова. Рэпрэсіі працягваюцца і ўзмацняюцца. Рэжым Лукашэнкі павінен неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, у тым ліку 12 журналістаў, якія толькі рабілі сваю працу. Надышоў час еўрапейскім урадам і міжнароднай супольнасці прыняць меры, — гаворыць прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі журналістаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0