Фота CNN

Фота CNN

Каб дапамагчы людзям, якія чакаюць перасадкі, французская кампанія Carmat распрацавала штучнае сэрца — прыладу, якая замяняе працу сэрца, пакуль не з’явіцца донар.

Прылада па форме нагадвае чалавечае сэрца і важыць прыкладна чатыры кілаграмы. Штучнае сэрца мае два акумулятары, якія забяспечваюць працу прылады на працягу чатырох гадзін. Затым яе неабходна зарадзіць ад электрасеткі з дапамогай знешняга абсталявання.

Штучнае сэрца імплантуюць у арганізм чалавека. Датчыкі на прыладзе вызначаюць крывяны ціск, а алгарытм кантралюе крываток у рэжыме рэальнага часу. Калі чалавек рухаецца, крываток павялічваецца, а ў стане спакою запавольваецца. У выніку прылада замяняе чалавечае сэрца, паведамляе CNN.

Цяпер навукоўцы выпрабоўваюць штучнае сэрца на дзевятнаццаці пацыентах.

У снежні 2020 года кампанія атрымала дазвол прадаваць штучнае сэрца ў ЕС. Прадстаўнікі Carmat плануюць пачаць продаж да канца гэтага года. Адно штучнае сэрца будзе каштаваць прыкладна €160 тысяч.

У распрацоўцы знаходзяцца прылады і ад іншых кампаній. Адзінае штучнае сэрца, якое сёння ёсць на рынку, стварыла кампанія SynCardia з Арызоны. Аднак прылада мае фіксаваную частату сэрца, якая не прыстасоўваецца да фізічнай актыўнасці хворага.

Іншая французская кампанія CorWave распрацоўвае прыладу для людзей з менш сур’ёзнымі сардэчнымі захворваннямі. Яна не замяняе ўсё сэрца, а дапамагае пампаваць кроў адной з чатырох камер.

Французскія кампаніі першы час будуць прадаваць свае прылады як часовую замену для пацыентаў, што чакаюць донара. Аднак доўгатэрміновая мэта абедзвюх кампаній стварыць прылады, якія можна было б выкарыстоўваць пастаянна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0