Адзіны для грамадзян усіх 27 краін Еўрапейскага Саюза сертыфікат здароўя будзе даступны з 15 чэрвеня. Дакумент будзе ўтрымліваць інфармацыю аб вакцынацыі ад COVID-19. Пра гэта заявіў еўракамісар, які адказвае за вакцынацыю, Цьеры Брэтон у эфіры тэлеканала LCI.

Як адзначыў Брэтон, сертыфікат можна спампаваць на смартфон або раздрукаваць у папяровым выглядзе. «Ён не будзе абавязковым, але авіякампаніі могуць яго патрабаваць», — сказаў чыноўнік.

Паводле яго слоў, дакумент з QR-кодам будзе ўтрымліваць прозвішча ўладальніка, дату нараджэння, нумар пашпарта, а таксама звесткі аб тым, ці прайшоў ён вакцынацыю і якім прэпаратам, а таксама хварэў ён ці не.

Гэты сертыфікат будзе ўзгоднены паміж дзяржавамі-сябрамі, еўрапейскія грамадзяне, якія захочуць яго атрымаць, павінны будуць падаць запыт на яго ў сваёй краіне.

Яго мэта — «аднавіць рух, вярнуць нармальнае жыццё» і «здольнасць рухацца без рызыкі для сябе ці іншых», — сказаў Брэтон.

Нагадаем, у канцы лютага лідары краін Еўрапейскага Саюза дамовіліся аб неабходнасці ўвядзення сертыфікатаў аб вакцынацыі. Яны будуць уведзеныя на працягу трох месяцаў, хаця ў СААЗ заклікалі краіны не ўводзіць так званыя «COVID-пашпарты». Аднак, калі ў далейшым сітуацыя з даступнасцю і бяспекай вакцын зменіцца, такія дакументы могуць спатрэбіцца, лічаць у арганізацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0