У яшчыку аграмадная цытадэль з усіх бакоў і крыўды‑крыўды, цэлы дзень, праз кожную гадзіну. І гэта нядзеля?! Яны раптам блогі пачалі чытаць і ўсё там, аказваецца, у падтрымку малочнай рэспублікі і з рашучым асуджэньнем і пагардай да агрэсара, выбачайце, да рота, які адмовіўся ад малака. Але чаму гэны «агрэсар» у мяне зьнянацку выскачыў у радок? Бо яны ж у яшчыку ўсё паўтараюць — вайна, вайна, ідзе малочная вайна! Па тыпу: за лепшае ў сьвеце малако, за наш родны кефір, за сьнежна‑белую сьмятанку‑сьмятанку, за сыр, каторы ў нас жалезна называецца «расейскім» і «рускім» таксама, «тамбоўскім» і «сызранскім», паўстань, беларусе!

У нас усё мянуецца — гарчыца, каўбаса, хрэн «уральскім», «баярскім», «крамлёўскім», «панславянскім», а яны пысу адварочваюць?! Ня хочаце, абажраліся па дэмпінгу, грэбуеце, «мілкі‑вэй» захацелася, ня любіце нас больш, у сэнсе нашую ражанку!! Здраднікі, відэлец у сьпіну! «Пятая калёна»! Ці гэта з іншай опэры? Выбачайце, раскачагарыўся занадта. Але ж як наш яшчык уключыш немаведама чаго, потым цэлы час у трэмары, яго задача — трымаць народ у страху, у абурэньні, у чаканьні якойсь навалы, у рашучай пагардзе да ворагаў роднага рэжыму. То ён, не пытаючы згоды, усіх пад хімэрычныя танкі кідаў, каб яны ў нашым мясе гарматным загрузьлі і не даехалі да мілай‑улюбёнай «белабашаннай», то гатовы зараз пасадзіць на Т‑34, наадварот, і паслаць упярод на Маскву, прымусам паіць яе нашым шчырым малачком. Хіба рэжым калі зразумееш, страха з’едзе набакір дальбог! Правільна сказаў паэт: вумом яго ня зьмерыць і аршынам не паняць, меў рацыю…

Я да рускага брата аб’ектыўна стаўлюся як да іншых братоў, маё стаўленьне не залежыць ад таго, любіць ён тварог ці не і які кефір п’е. Хіба можна гэтак прадузята ацэньваць людзей? А яшчык уключыш, нашыя праграмы «Урэмя»: то мы бяз мыла лезем, то — «рускі Іван круціць носам», проціў нас, беларуса-русаў! І слушна робіць: малако шкоднае для страўніка, спытайце навукоўцаў, трэба жалезны мець, каб малако есьці ва ўзросьце. Эканоміка, гэта — аналіз рынкаў збыту, прагноз, свабода прадпрымальніцтва, а ня так, што як богу маліцца, дык заліць малаком усцяж, а потым крыўды несусьветныя, разьдзіраньне кашулі і хапаньне за кінжал бутафорскі, абвяшчэньне малочнай сьвяшчэннай вайны. То цукрам хоча Іванаў засыпаць рэжым, то яшчэ чымсь, а Івану столькі цукру ня трэба: карыес, трэба ведаць. З другога боку, як наш яшчык радаваўся, ці, скажам, не хаваў задавальненьня, калі Расея ваявала на вінным фронце з грузінамі і малдаванамі. Вось цымус быў для яшчыка з Горада‑героя! Як жа ён насмактаўся з тэмы! Хай малдаване парадуюцца цяпер ды грузіны, маюць маральнае права, хай пасьміхаюцца ў свае чорныя вусы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?