Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу за падрыхтоўку акту тэрарызму, паведаміў журналістам генеральны пракурор Андрэй Швед, перадае БелТА.

«Генеральнай пракуратурай на падставе матэрыялаў, прадстаўленых Камітэтам дзяржаўнай бяспекі і МУС, у дачыненні да Ціханоўскай і ўдзельнікаў так званай ініцыятывы BYPOL распачатая крымінальная справа за падрыхтоўку акту тэрарызму арганізаванай групай паводле арт.289 Крымінальнага кодэкса. Названыя асобы некалькі дзён таму спрабавалі здзейсніць выбухі і падпалы на тэрыторыі сталіцы і іншых гарадоў. Затрыманы з доказамі злачынства грамадзянін Малейчук ужо даў паказанні пра арганізатараў і ўдзельнікаў тэракту», — распавёў Андрэй Швед.

Нагадаем, што ў пятніцу быў затрыманы 35-гадовы жыхар Піншчыны, які нібыта мусіў на загад «кагосьці з «Байпола» здзейсніць тэракты на сметніцы ў Чыжоўцы і на тэрыторыі вайсковай часці ў Печах.

Як звязаны затрыманы Вячаслаў Малейчук, Святлана Ціханоўская і ўдзельнікі BYPOL, ведамствы не тлумачаць.

«Байпол» назваў абвінавачванні хлуснёй і звярнуў увагу, што, наадварот, сама ініцыятыва за некалькі дзён да таго публічна папярэджвала пра падрыхтоўку ўладамі правакацыі з выбухамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0