Апошнім часам Вячаслаў Сідаракін працаваў у Расіі, дзе займаўся дэмантажом збудаванняў — праца таксама была звязаная з выбуховымі рэчывамі.

Вячаслаў Сідаракін

Пра знікненне Сідаракіна «Нашай Ніве» распавяла яго старэйшая дачка Ганна.

«Бацька жыў паміж Мінскам і Масквой. Зімой ён быў у Беларусі — і 9 лютага ён проста знік. Бацька збіраўся ўвечары сустрэцца са знаёмай, але не прыйшоў на сустрэчу, — расказвае Ганна. — Першы тыдзень мы зусім нічога не ведалі, шукалі яго. Я баялася, што яго ўвогуле забілі.

Але пасля ў нас з’явілася інфармацыя, што бацька затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Афіцыйнага пацвярджэння гэтаму няма, нам ніхто нічога не кажа, перадачы для яго не прымаюць. На сувязь са мной ці бабуляй, яго мамай, ніхто не выходзіў. Адпаведна, у якім ён статусе і з чым звязана затрыманне, я таксама не ведаю. У чым яго абвінавачваюць — невядома. 

Але ёсць інфармацыя, што ён быў затрыманы не адзін, а было яшчэ некалькі чалавек. Хто яны, я казаць не буду.

Я мяркую, што гэта звязана з тым, што раней бацька служыў у органах, прычым у зусім няпростым падраздзяленні. Бо ён не быў звязаны з палітыкай, не ўдзельнічаў у Маршах, не затрымліваўся падчас акцый».

Братэрства крапавых берэтаў «Гонар» — расійскае. Яны з «Алмазам» дамовіліся, што будуць узнагароджваць тых, хто асабліва вылучыўся, тлумачыць сям'я

Ганна кажа, што Вячаслаў Сідаракін служыў у «Алмазе» да 2008 года. 

«Ён таксама займаўся навучаннем спецыялістаў, ездзіў за мяжу вучыць — я так разумею, з дазволу і ведама начальства. Але ж яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці — маўляў, гэтыя паездкі ён рабіў за спінай кіраўніцтва — і асудзілі ў 2008 годзе.

Не памятаю, колькі далі, але бацька выйшаў амаль праз тры гады, у лютым 2011 года», — згадвае Ганна. 

Праўда, іншыя крыніцы распавялі «Нашай Ніве», што Сідаракін быў асуджаны за тое, што дапамог знаёмым знесці будынак — для чаго вынес з працы крыху выбуховага рэчыва.

Пасля выхаду на волю Вячаслаў развёўся з жонкай і разам з чатырма дзецьмі перабраўся ў Расію. З тых часоў і па сёння Сідаракін працаваў у расійскай кампаніі, якая займаецца дэмантажом збудаванняў: у тым ліку з выкарыстаннем хімічных сродкаў і выбухоўкі.

Напрыклад, у Калінінградзе Сідаракін займаўся ліквідацыяй адной з апор маста падчас рэканструкцыі збудавання. Нават трапіў у навіны — пра яго працу напісала мясцовае СМІ zastroyschiki39.ru.

Беларус выкарыстоўваў хімічны спосаб — прамежкавы паміж фізічным разбурэннем канструкцыі і выбухам. У апорах маста праробліваюцца адтуліны, у якія закладваюцца ёмістасці-генератары, зараджаныя тэхнічнай соллю. Хімікат запальваецца ад электрычнага разраду, і ў выніку рэакцыі вылучаецца газ, ціск якога разбурае апору. Для разбурэння апоры трэба зрабіць каля дзясятка падобных працэдур. Рэакцыя зарада доўжыцца ўсяго 30 секунд і суправаджаецца нягучным хлапком. Больш часу ў гэтым выпадку займае збор і вываз адкідаў.

«Гэта былі харошыя грошы, ён добра зарабляў, — кажа дачка. — Яму вельмі падабалася такая праца, бацька яшчэ хацеў заняцца працай у гарах: збіваць лавіны на гарналыжных курортах, узрываць каменістыя ўчасткі, на якіх хацелі свідраваць калодзежы».

Каб пацвердзіць ці абвергнуць інфармацыю пра затрыманне Вячаслава Сідаракіна, «Наша Ніва» некалькі разоў званіла афіцыйнаму прадстаўніку КДБ, але слухаўку так і не знялі. Мы накіравалі афіцыйны запыт у прэс-службу ведамства.

«Бацька несправядліва затрыманы. Тое, што адбываецца, —незаконна, ён не злачынца», — кажа дачка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру