Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў сёння падчас выязной сесіі ў Лідскім раёне прыняў рашэнне аб увядзенні мясцовага збору за перасячэнне транспартнымі сродкамі дзяржаўнай мяжы ў пункце пропуску.

Уводзіцца збор толькі да 1 студзеня 2023 года. Памер збору складзе 1 базавую велічыню. Усе сродкі пойдуць на прадухіленне і барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй.

Пры ўвядзенні адпаведнага рашэння будуць выплачваць збор кіроўцы аўтамабіляў, якія належаць арганізацыям або фізічным асобам, у тым ліку зарэгістраваным у якасці індывідуальных прадпрымальнікаў. Максімальная маса аўто не перавышае 5 т. Пры гэтым няма розніцы, якая колькасць пасажыраў у гэтым транспартным сродку.

Ад выплаты збору вызваляюцца аўтамабілі, на якіх едуць асобы на пахаванне членаў сям'і і блізкіх сваякоў, якія суправаджаюць памерлых, удзельнікі і інваліды ВАВ, інваліды I і II групы, а таксама асобы, што іх суправаджаюць, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асобы, якія выязджаюць на лячэнне ў санаторна-курортныя ўстановы, і некаторыя іншыя. У іх павінны быць адпаведныя дакументы.

Рашэнне ўступіць у сілу праз месяц.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0