Дасланыя ўчора сродкам масавай інфармацыі тэксты афіцыйных дакументаў, датычных былой царквы Святога Духа ў Мінску, даюць падставу сцвярджаць, што дзяржава праводзіць палітыку дыскрымінацыі грэка‑каталіцкай супольнасці г. Мінска і Беларусі наогул.

Дзе маліцца?

Нагадаем, што ў звароце на імя Аляксандра Лукашэнкі мінскія католікі візантыйскага абраду пісалі, што ўсе 19 гадоў ад таго часу, як пачала адраджацца Грэка‑Каталіцкая (Уніяцкая) Царква, у сталіцы яна ўвесь гэты час сутыкаецца з праблемай памяшканняў. Мінская гарадская ўлада ўсе гэтыя 19 гадоў вадзіла грэка‑католікаў за нос, то абяцаючы вырашыць праблему, то забіраючы свае абяцанні назад. Тым часам грэка‑католікі пабудавалі два парафіяльныя дамы з капліцамі (па вул. Арджанікідзэ і ў завулку Снежным), але ўлада забараняла адпраўляць у гэтых дамах набажэнствы. І толькі летась, калі стала вядома, што з візітам у Беларусь прыязджае Дзяржаўны Сакратар Папы Рымскага кардынал Тарчызіё Бэртонэ, улады дазволілі уніятам адчыніць Грэка‑каталіцкі цэнтр ў імя Святога і Праведнага Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6).

Гэтым дазволам улада хацела пераканаць высокага ватыканскага госця: маўляў, зірніце, як мы добра ставімся да грэка‑католікаў. А тым часам яшчэ тры мінскія грэка‑каталіцкія парафіі «кватаруюць» у рыма‑католікаў. (Рыма‑католікі ж вуснамі мітрапаліта Тадэвуша публічна накараюць, што на ўвесь Мінск маецца толькі чатыры касцёлы. Гэта святыні, пабудаваныя ў ХІХ — пачатку ХХ ст. І толькі перад прыездам кардынала Трачызіё Бэртонэ улада дала першы за 20 гадоў дазвол пабудаваць у Менску новы касцёл.)

Жыццё мінскіх грэка‑католікаў трохі палечылася б, калі б улада дазволіла вернікам збірацца на набажэнствы ў парафільяным доме ў зав. Снежным. І нават калі ўлада дасць мачымасць грэка‑католікам давол маліцца ў завулку Снежным, гэта не дапаможа вырашыць праблему памяшкання. Праблема памяшкання можа быць вырашана (хоць і часова) толькі пасля ўзвядзення ў Мінску царквы.

Чаму яны гэтак робяць?

У артыкуле «Тэст на талерантнасць» (www.nn.by; www.arche.by) я пісаў, што нашай краіне дзейнічае няпісанае правіла: без згоды правячага архірэя РПЦ улада не можа даць прадстаўнікам іншай канфесіі згоды на будаўніцтва храма (малітоўнага дома, навучальнай установы) на тэрыторыі дадзенай епархіі.

Чаму мітрапаліт Тадэвуш гэтак стараецца засведчыць сваю павагу да праваслаўя і пайшоў сёлета на велікодную службу ў праваслаўны сабор? Каб улесціць экзарха Філарэта і каб той паспрыяў Рыма‑Каталіцкай Царкве вырашыць яе праблемы.

Спадзявацца на істотны поспех монсеньёр Тадэвуш не можа. Таму што РПЦ бачыць у сабе Каталіцкай Царквы канкурэнта. Дарма, што 73 працэнты грамадзян нашай краіны атэісты, дарма, што гэтыя мільёны РПЦ евангелізаваць не можа. Бадай, галоўны клопат РПЦ у тым, каб гэтага не зрабілі канкурэнты.

У Каталіцкай Царкве РПЦ асабліва вылучае уніятаў. За тое, што ў іх той самы абрад, тыя самыя кандакі і трапары, іканастасы, што і ў праваслаўных, РПЦ надзяляе грэка‑католікаў асабліваю нелюбоўю. Паколькі ў наш адукаваны век за веру нельга ні пасадзіць, ні саслаць, задача РПЦ (і ўлады) заключаецца ў тым, каб не даць паўстаць у Беларусі моцнай Грэка‑Каталіцкай Царкве. Адсюль і яе праблемы. З храмамі ў першую чаргу.

Прафанацыя, або Што яны будуюць?

У той час, калі грэка‑католікі склалі зварот да А. Лукашэнкі, у СМІ з’явілася паведамленне, што на Верхнім рынку будзе адбудавана царква Святога Духа. Супаставіўшы гэтае паведамленне і зварот католікаў візантыйскага абраду, журналісты зрабілі выснову, што вернікі жадаюць, каб дзяржава адбудавала ім царкву. Гэта не так. Але, з другога боку, паколькі РБ з’яўляецца правапераемніцай БССР, было б няблага, каб улада сучаснай Беларусі адбудавала тое, што знішчыла яе папярэдніца.

Сёння можна дакладна сказаць: ніякай царквы мінская ўлада аднаўляць не збіраецца.

На месцы святыні будзе будавацца дзіцячая філармонія «с использованием архитектурно‑художественного образа здания церкви Святого Духа XVII в.», як напісана ў лісце камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва. Пра тое, што гаворка ідзе толькі пра аднаўленне «архитектурного облика церкви Святого Духа XVII в.», чытаем і ў адказе Мінгарвыканкама.

Іншымі словамі: на месцы царквы Святога Духа, маюць узвесці будынак дзіцячай філармоніі, які вонкава будзе нагадваць храм, але святыняю не стане, бо ў гэтым будынку не будзе ні алтара, ні іканастаса, ні амбона, ні аналоя. Карацей, мы маем справу з прафанацыяй.

Як даведваемся з адказу Мінгарвыканкама, план прафанацыі святога месца, або намер «восстановить здание бывшей церкви Святого Духа в первоначальном облике как историко‑культурный, а не культовый объект», быў распрацаваны яшчэ пры камуністычным рэжыме — у 1984 годзе. Сучасная ўлада выцягнула яго з‑пад сукна, каб рэалізаваць нарэшце бальшавіцкі праект.

Імёны вядомыя

У царкоўных колах ходзяць чуткі, што ў жніўні ў Мінск зноў прыедзе кардынал Тарчызіё Бэртонэ, каб абгаварыць умовы пілігрымкі Яго Святасці Папы Рымскага ў Беларусь. Беларускія чыноўнікі будуць зноў запэўніваць кардынала ў тым, што яны паважаюць Каталіцкую Царкву, і грэка‑католікаў не менш, чым рыма‑католікаў. Дасведчаны і вытрыманы ватыканскі дыпламат будзе ўсміхацца і ківаць галавой, бо ён ведае: ад часу папярэдняга візіту сітуацыя мінскіх католікаў абодвух абрадаў не палепшылася.

Адказ Мінскага гарвыканкама свецкім грэка‑католікам г. Мінска каштоўны тым, што нашай грамадскасці і каталіцкай супольнасці ў Беларусі і за мяжой цяпер вядомыя імёны тых, хто не дазволіў будаваць грэка‑каталіцкі храм у сталіцы і прыняў рашэнне аб прафанацыі святога месца. Пакінем у баку намесніка міністра культуры Уладзіміра Грыдзюшку, старшыню камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Віктара Нікіціна і дырэктара «Мінскай спадчыны» Паўла Шыкунца, бо не ім належала апошняе слова. Апошняе слова належала ўпаўнаважнаму ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніду Гуляку і мала каму вядомаму галоўнаму дарадцу галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі прэзідэнта Л. В. Боровко. Чалавеку з адміністрацыі нават больш, чым прэзідэнцкаму ўпаўнаважанаму.

Спасылкі на ўказ прэзідэнта — гэта не вартае ўвагі самапрыкрыццё, бо чыноўнікі самі распрацавалі (як высвятляецца, яшчэ за бальшавіцкім часам) канцэпцыю адбудовы і функцыянальнага выкарыстання царквы Святога Духа, яны ж — пры наяўнасці добрай волі — маглі б пераканаць кіраўніка дзяржавы і ў тым, што царкву лепш адбудаваць як культавы аб’ект, які адначасна можа выкарыстоўвацца і як канцэртная зала (у грэка‑каталіцкіх святынях, як і ў праваслаўных бажніцах Грэцыі і Кіпра, стаяць лаўкі).

Не ўсё страчана

Паколькі беларускі рэжым зацікаўлены ў наладжванні добрых адносін з Ватыканам, многае залежыць і ад Святога Пасаду.

Калі б я быў на месцы тых, хто кансультуе Ватыкан і дае яму парады, я б параіў у праграму кожнага візіту высокіх гасцей з Апостальскай Сталіцы уключаць наведванне грэка‑каталіцкіх парафіяў.

Гэта выдатна, што ў праграму мінулагодняга візіту кардынала Тарчызіё Бэртонэ была ўключана сустрэча ў Мінску з грэка‑каталіцкай супольнасцю. Вынік у наяўнасці: Грэка‑каталіцкі цэнтр па вул. Арджанікідзэ.

У праграму наступнага візіту высокага ватыканскага госця варта было б уключыць наведванне грэка‑каталіцкай парафіі Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Тут ужо ўлады Фрунзенскага раёна самі стараліся б, каб вернікі маглі адпраўляць набажэнствы ў доме № 7 у Снежным завулку.

І зусім натуральна, што ў праграму пілігрымкі Яго Святасці прост неабходна ўключыць літургію ў візантыйскім абрадзе. І дзе яе будзе служыць Святы Айцец, як не ў сталічным грэка‑каталіцкім храме?

Пётра Пінчук

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0