Сучасныя расіяне называюць Смаленск сваім заходнім шчытом. Аднак сёння горад бароніць абшары РФ ад даволі незвычайнага ворага: беларускага малака. Змаганне не абяцае быць лёгкім — за апошнія гады Смаленшчына ператварылася ў сапраўдны бастыён беларускай малочнай прадукцыі, якая заняла трывалыя пазіцыі на паліцах мясцовых крамаў.

Журналісты «НН» наведалі Смаленск 12 чэрвеня, акурат на Дзень Расіі. Раз-пораз у цэнтры места можна было сустрэць дзяцей з расійскімі сцяжкамі ў руках ды аўтамабілі са стужкамі-трыкалорамі, прымацаванымі да антэнаў. Са сцяны будынку ў цэнтры горада пра свята інфармаваў вялізны банер з выявай сабора Васіля Блажэннага ды двухгаловага арла. Прыгледзеўшыся да банера ўважлівей, можна было заўважыць, што знізу да яго прыляпілася рэклама смаленскага гандлёвага дому «Белшына».

Сапраўды, беларуская прысутнасць тут хоць і ненавязлівая, але паўсюдная. То на фірмовую краму абутку «Марко» натрапіш, то на шыльду «Беларускі трыкатаж». На Задняпроўскім рынку лёгка знаходзім кіёск пазначаны надпісам «Беларусь». Тут спецыялізуюцца на беларускіх малочных вырабах — аднак аніводнага пакунку з надпісам «зроблена ў Беларусі» ў кіёску ўжо не адшукаць: прадалі, а на замену беларускаму закупілі расійскі тавар. Што думаюць пакупнікі пра знікненне беларускага малака? Як выяўляецца, іх не асабліва цікавіць, дзе насамрэч тое малако вырабляюць: «Я ўсё падрад набываю, — кажа бабуля ў хустцы, якая выходзіць з кіёску. — Гляджу, абы патанней». Мужчына сярэдняга веку з ёй салідарны: «Я так, неяк, прыйшоў, што ёсць, тое і ўзяў. Я не гляджу на краіну-вытворцу».

Заходзім у першую-лепшую буйную краму на вуліцы Вялікай Савецкай (транспартнай магістралі, якая праходзіць праз стары горад). Тут, сярод стракатых пакункаў расійскіх малочных брэндаў мы заўважаем знаёмыя паліэтыленавыя цэбрыкі з тварагом «Савушкін прадукт». Відавочна гэта рэшта асартыменту беларускіх малочных вырабаў.

Крочым далей. У скверыку ў цэнтры горада мы заходзім у пакрыты бляхай кіёск з надпісам «Малако. Яйка. Сыр. Хлеб». Тут прадаюць збольшага малочныя прадукты расійскай маркі «Летні дзень» — аднолькавыя кардонныя пакецікі, якія адрозніваюцца адзін ад аднога хіба што колерам ды назвамі. «Беларускія малочныя прадукты? Прадаваліся ў нас, канечне! Вось ужо з учора нічога не завозяць, — кажа прадавачка. — Бралі іх з ахвотай. Цэны былі, у прынцыпе, аднолькавыя з расійскімі. Мы бралі на рэалізацыю малако, кефір, масла». Ці былі б уладальнікі кіёску задаволеныя, калі б беларускай прадукцыі дазволілі вярнуцца на паліцы? «Ну канечне, канечне! Чаму? Ну дык пакупнікі любяць такую прадукцыю беларускую!»

Распытваемся ў мінакоў, ці набываюць яны беларускую прадукцыю, і што думаюць пра «малочнае эмбарга». Першыя нашыя суразмоўцы — жанчына ў цёмных акулярах ды летняй сукенцы з дачкой гадоў чатырнаццаці. Завіталі ў Смаленск на выходныя, жывуць у Курску. Як выяўляецца, нават там яны набывалі беларускія малочныя прадукты: «Цана задавальняла, якасць». «Забарона — гэта дрэнна, нерэальна», — кажа жанчына. «Неразумна», — паціскае плячыма дачка. «Мы прыехалі ў Смаленск, і гэтая навіна нас проста шакавала», — дадае яе маці.

Наступнымі нам сустракаюцца даўгавалосы хлопец і дзяўчына ў чырвонай цішотцы: «Здаецца так, у краме «Лаваш» у нас прадаецца «малочка» беларуская», — кажа дзяўчына. Чаму набывалі? «Таму што ў краме даступныя цэны, а там толькі беларуская прадукцыя», — кажа яна. «Ды ладна, няпраўда», — пярэчыць ёй хлопец. «А вось і праўда. Ты ёгурты там набываў, менавіта беларускія», — не згаджаецца тая. «Якая розніца», — фыркае хлопец. — «Там і смаленскія дзве фірмы ёсьць». «Ну добра, ёсць і смаленскія», — здаецца дзяўчына, для якой гэтая праява мясцовага эканамічнага патрыятызму з боку сябра відавочна зрабілася неспадзяванкай. Пытаемся: а што вы пра забарону думаеце? «Ды я ўвогуле пра яе не думаю», — кажа хлопец. — «Нам без розніцы». «Зрэшты так», — усміхаецца сяброўка.

А вось яшчэ адна маладая пара, абодвум крыху больш за дваццаць год. «Мы супраць гэтай забароны, адразу скажам», — сходу запэўнівае дзяўчына. Спрабуем справакаваць іх пытаннем: дык, можа, і сапраўдны ёсць нешта такое ў беларускіх прадуктах, з-за чаго варта было б забараніць іх увоз? «Ды не, проста гэта палітыка», — упэўнена кажа дзяўчына.

Падыходзім да іншай, даволі буйной крамы ў ажыўленым цэнтры, якая належыць мясцоваму прадпрымальніку. Прадавачка старанна раскладае ў вітрыне-лядоўні ўсялякія малочныя ласункі. Прыглядаемся і дзівуемся: прадукцыя — спрэс беларуская! І не толькі малочныя прадукты, але і мясныя.

Такому багатаму асартыменту магла б пазайздросціць любая мінская крама — тавары прывезеныя з самых розных рэгіёнаў Беларусі, многія з іх у сталіцы і не пабачыш.
Мы запытваемся: чаму ў вас прапануецца так шмат беларускага? «Гэта ўжо толькі рэшта, — прыязна адказвае прадавачка. — Як бачыце, беларускую ўжо замяняе нашая прадукцыя».

Як выяўляецца, крама адмыслова спецыялізуецца на прадуктах з заходняй краіны-суседкі, і ўжо мае сталае кола кліентаў, якія кіруюцца слоганам «набывайце беларускае». Чаму так? «Таму што карыстаецца попытам.

Пакупнікі кажуць, што беларуская прадукцыя смачней, больш якасная.
Па цане прымальная. Абмежаванне на ўвоз малака для крамы нявыгаднае, бо пакупнікі прызвычаіліся да беларускай прадукцыі», — тлумачыць жанчына. Што будзеце рабіць, калі абмежаванне будзе працягвацца? «Будзем прадаваць нашую прадукцыю, расійскую!» — смяецца прадавачка. — «Іншай альтэрнатывы няма».

А вось і наведніца крамы — як выяўляецца, сталая кліентка. «Я заўжды набываю беларускую прадукцыю, — кажа кабета. — Мне яна больш падабаецца, вось і ўсё. Мне здаецца, яна больш натуральная. Я лічу, няправільна зрабілі, што забаранілі».

Пахадзіўшы па смаленскіх крамах, разумееш, што расійскі ўрад нанёс сапраўды балючы ўдар па беларускіх вытворцах. Прысутнасць беларускай прадукцыі тут відавочная. І праблема не толькі ў тым, што беларускія малаказаводы згубяць летнюю расійскую выручку. Сваё месца на расійскім рынку беларуская малочная прамысловасць заваёўвала не адзін год, а тут цалкам згубіла яго за нейкі тыдзень.

Назіраецца вельмі небяспечная тэндэнцыя: расійскія крамы масава пачалі замяняць беларускую прадукцыю айчыннай, навязваць сувязі з новымі, мясцовымі пастаўшчыкамі.
Нават калі Крэмль неўзабаве здыме свае «малочнае эмбарга», ніхто не гарантуе, што былыя гандлёвыя сувязі адновяцца хутка і ў тым самым аб’ёме.

Здавалася б, ход Крамля — пратэкцыянісцкі, аднак папулярным яго не назавеш. Прынамсі, захаплення сярод апытаных намі жыхароў Смаленска ён не выклікаў. Ад забароны на беларускі малочны экспарт пацярпелі і расійскія спажыўцы (паменеў выбар), і расійскія прадуктовыя крамы, значную частку асартымента якіх складала беларуская прадукцыя. Бадай, закрануліся яшчэ і інтарэсы транспартных фірмаў, якія перавозілі тавары з Беларусі, ды і ці мала каго яшчэ. Хоць расійская малочная прамысловасць, натуральна, будзе ў плюсе.

Але вось парадокс: беларускія малочныя прадукты хвалілі амаль усе, з кім мы размаўлялі на вуліцах Смаленска, і ў той жа час ніхто так і не здолеў сказаць уцямна, за што іх упадабаў. Але — набываюць!

Многія расійскія пакупнікі ўпарта лічаць нашыя ёгурты, сыры ды тварог «больш натуральнымі» за айчынныя. Станоўчы імідж шматпакутных беларускіх малочных прадуктаў застаецца па-партызанску нязломным.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?