Расія і Беларусь завяршылі перамовы па «малочнай» праблеме і заключылі кампраміснае пагадненне. Такую заяву зрабіла ўвечары 16 чэрвеня міністр сельскай гаспадаркі РФ Алена Скрыннік.

«Мы на пазітыўнай ноце скончылі нашы кансультацыі, перамовы і заключылі пагадненне, якое задавальняе абодва бакі», — цытуе Скрыннік РІА Новости.

Паводле слоў Скрыннік, у выніку сумеснай працы бакі «дамовіліся «абнуліць» увоз сухога малака з Беларусі ў другім і трэцім кварталах».

У перыяд гэтак званага «вялікага малака» расійскія вытворцы для вырабу сухога малака будуць набываць малочную прадукцыю ў сваіх сельгасвытворцаў. Гэта, акрамя іншага, дазволіць выключыць варыянт дэмпінгу сухога малака, растлумачыла міністр.

«Адначасова Расія павялічыць аб’ём імпарту беларускага тварагу, сыру і масла ў адпаведнасці з неабходнымі патрэбамі нашай краіны», — сказала Скрыннік.

Яна падкрэсліла, што падчас перамоў расійскі і беларускі бакі «адпрацавалі механізмы кантролю дасягнутых дамоўленасцяў, якія будуць няўхільна выконвацца».

«Мы разумеем, што Расія і Беларусь — гэта брацкія краіны, яны павінны развіваць узаемны гандаль, але ён закліканы мець узаемна выгадны характар», — падкрэсліла міністр.

Каментарый Скрыннік з’явіўся ўжо пасля таго, як беларускае кіраўніцтва адклікала з Масквы дэлегацыю, якая вяла перамовы аб пастаўках малочнай прадукцыі ў РФ. Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Міхась Савельеў абвінаваціў Расспажыўнагляд у нежаданні вырашаць праблему.

***

Нагадаем, афіцыйны Мінск заявіў аб увядзенні ўзмоцненага рэжыму кантролю за перамяшчэннем грузаў на асноўных расійска‑беларускіх магістралях з 9.00 17 чэрвеня. Такое распараджэнне даў кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі у сувязі з указаннем прэзідэнта.

«За 15 дзён чэрвеня 2009 года мытнымі органамі ў звычайным рэжыме працы затрымана кантрабандных тавараў на суму 8 млрд. 620 млн. рублёў. За 2008 год на калінінградскім кірунку знікла грузаў на 10 млн. долараў», — растлумачыў Шпілеўскі.

У сваю чаргу дзяржсакратар Савета бяспекі Беларусі Юрый Жадобін заявіў, што рашэнне беларускіх уладаў з’яўляецца «сіметрычным адказам» на дзеянні расійскага боку.

«Гэтыя захады будуць цалкам аналагічныя тым дзеянням, якія ўжо на працягу многіх гадоў практыкуе расійскі бок у асобе органаў Федэральнай мытнай службы», — сказаў кіраўнік Савета бяспекі.

Паводле яго слоў, беларускі бок вымушаны са шкадаваннем канстатаваць, што ніякіх змен у падыходах расійскіх партнёраў да супрацоўніцтва апошнімі днямі так і не адбылося. «Адсутнічае ўсялякі канструктыўны падыход, нацэлены на ўзаемапрымальнае рашэнне. Пад надуманымі падставамі працягвае наносіцца ўрон нашай эканамічнай бяспецы», — падкрэсліў Жадобін.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0