Адміністрацыйная камісія Горацкага райвыканкаму наклала штраф на мясцовага верніка‑пратэстанта Пятра Маланачкіна. Ад яго патрабуюць выплаціць мясцоваму бюджэту пяць базавых велічыняў (175 тысяч рублёў) за парушэнне правілаў добраўпарадкавання.

Падставай для абвінавачвання стаў інфармацыйны стэнд, які Пятро Маланачкін змайстраваў каля пяці гадоў назад і вывесіў паміж дрэвамі на тратуары на праспекце Інтэрнацыянальным у Горках.

На стэндзе, што неаднаразова ламалі невядомыя, увесь гэты час выстаўляліся кнігі, часопісы, брашуры рэлігійнага зместу, а таксама Евангеллі, якія кожны мінак мог браць сабе задарма.

Сп.Маланачкін перакананы, што мае права бесперашкодна распаўсюджваць Божае слова і не парушае беларускае заканадаўства, бо ягоная інфармацыйная выстава не замінае ні руху транспарту, ні пешаходам. У сваё апраўданне рэлігійны актывіст прадэманстраваў камісіі фотаздымкі разбітага тратуару і лужынаў вакол стэнду.

На думку верніка, менавіта бяздзейнасць камунальных службаў парушае правілы добраўпарадкавання. Таксама сп.Маланачкін нагадаў, што неаднаразова звяртаўся ў выканкам з просьбай узгадніць месца размяшчэння стэнду, але не атрымаў станоўчага адказу. Не пераканаў адміністрацыйную камісію і той факт, што нядаўна мясцовы суд пакараў за хуліганства жыхара Горак, які спрабаваў зламаць рэлігійную выставу Пятра Маланачкіна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?