Масква можа не абмежавацца санкцыямі супраць малочнай прадукцыі. Што, калі яна забароніць увоз у РФ галоўнага беларускага ноў‑хаў?

Ішоў 2012 год. Яшчэ не адгучала рэха апошняй расійска‑беларускай гандлёвай вайны за канцылярскія кнопкі, як пачалася новая.

Навіна была як гром сярод яснага неба. Галоўны санітар Расіі забараніў імпарт з Беларусі ідэяў саюзнай дзяржавы. Як антысанітарных. «Беларуская прадукцыя ідэяў саюзнай дзяржавы не адпавядае расійскім стандартам якасці», — паведаміла Масква.

Пад каток санкцый трапілі прыкладна 1200 назваў беларускіх саюзных ідэалагем, у тым ліку самыя папулярныя на рынку суседзяў, як «беларусы тыя ж самыя расійцы», «на захад ад Смаленску няма ніводнага расійскага салдата», «мы сяброўствам з Масквою гандляваць не будзем, я так Салану і сказаў».

Спачатку Мінск вырашыў абысці забароны за кошт невялікага рэбрэндынгу. У Беларусі з’явіліся такія фразы як «расійцы тыя ж самыя беларусы» або «мы сяброўствам з Расійскай Федэрацыяй гандляваць не будзем, я так Барозу і паведаміў». Адначасова прэса пісала, што ніякай гандлёвай вайны няма, а беларускія ідэолагі вось‑вось атрымаюць сертыфікаты, неабходныя для працы на расійскім рынку канцэпцый.

Тым часам у кулуарах перамоваў прадстаўнікі расійскай тандэмакратыі і кантраляваныя імі тлустыя алігархічныя каты не хавалі, што жадаюць прыбраць да рук галоўны беларускі цэх па вытворчасці саюзных ідэяў. Ну, або, прынамсі, акцыянаваць яго, а акцыі падзяліць па‑братэрску. Калі цэх даведаўся пра гэтыя планы, ён перажыў шок і два дні не мог гуляць у хакей.

«Лепей стоячы, чым на каленях!» — была рэакцыя беларускага боку. Кожную гадзіну па БТ паказвалі простых расіянаў, якія плакаліся, што жыць не могуць без таго, каб нехта ім не казаў, што беларусы — тыя самыя расійцы. А вядучыя «Панарамы» палохалі, што вакантную нішу беларускіх ідэяў саюзнай дзяржавы можа заняць кітайская падробка кшталту «манчжуры тыя ж расійцы».

У адказ заляскаў калькулятар «Газпрому»: пералік цэнаў на энерганосьбіты па новых тарыфах выліўся ў рахунак, роўны сумарнаму ВУП Рэспублікі Беларусь ад кебічаўскіх часоў да нашых дзён. Адначасова расійскі ўрад заяўляў, што гэта спрэчка гаспадарчых суб’ектаў, на якую ён не ўплывае, заклікаў залішне не палітызаваць пытанне забароны на ўвоз саюзных ідэяў і выказваўся за супрацоўніцтва з Беларуссю па ўсіх напрамках у канструктыўным рэчышчы. Падкрэсліваючы, што Беларусь і Расія — адна сям’я.

Афіцыйны Мінск таксама дэклараваў гатоўнасць яшчэ глыбей пашыраць палітычныя і эканамічныя беларуска‑расійскія сувязі. Адначасова мытнікі пачалі выбарачна прыпыняць расійскія аўто і праглядаць іх на наяўнасць ідэй кантраляванай дэмакратыі. У адказ беларусаў на маскоўскіх будоўлях пачалі правяраць на прадмет саюзнай рыторыкі.

Першая фаза гандлёвай вайны скончылася фенаменальнай выхадкай Мінску. Беларускія спартсмены адмовіліся ехаць на Алімпіяду ў Сочы. МЗС заявіла, што Гульні нелегітымныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?