Арыштаваны начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі (УБЭЗ) УУС Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Малаеў просіць прэзідэнта «спыніць бязмежжа, якое правяць супрацоўнікі КДБ».

Гэты відэазварот з’явіўся ў інтэрнеце. Ва УУС Гомельскага аблвыканкама БелаПАН пацвердзілі, што на ім зняты менавіта Малаеў, які быў арыштаваны і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. Дата яго арышту невядома.

Звяртаючыся да прэзідэнта краіны, Малаеў паведамляе, што УБЭЗ быў распачаты шэраг крымінальных карупцыйных спраў, пры расследаванні якіх супрацоўнікі ўпраўлення пачалі выходзіць на кіраўніцтва аблвыканкама, гарвыканкама і мясцовых органаў улады, і гэта многім не спадабалася.

«Перыядычна паводле матэрыялаў нашых праверак у поле зроку сталі трапляць супрацоўнікі КДБ», — сцвярджае Малаеў.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі КДБ нібыта наймалі грамадзян, якія падбухторвалі да давання хабару супрацоўнікам міліцыі розных узроўняў.

У сваім відэазвароце Малаеў расказвае пра супрацьзаконныя меры, якія прымяняюць супрацоўнікі КДБ у Гомельскай вобласці. У ліку такіх мер ён называе падбухторванне да давання хабару супрацоўнікам міліцыі, шантаж, а таксама пагрозы на адрас грамадзян, якія адмаўляюцца ад дачы лжывых паказанняў у дачыненні да супрацоўнікаў УБЭЗ.

Малаеў, у прыватнасці, сцвярджае, што незаконна быў арыштаваны начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі ў сферы стратэгічных кірункаў УУС Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Баранаў.

Малаеў таксама нагадвае прэзідэнту пра нейкі фільм, які быў зманціраваны, паводле яго слоў, супрацоўнікамі КДБ і паказаны Юрыю Жадобіну і Аляксандру Лукашэнку.

«У выніку гэтай жахлівай хлусні быў вымушаны падаць у адстаўку міністр МУС Уладзімір Навумаў, начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС Віктар Ермакоў вызвалены ад пасады», — гаворыць арыштаваны.

Паводле яго слоў, супрацьстаянне паміж двума ведамствамі пачалося ў Жлобіне, калі чэкісты сталі праводзіць аператыўныя мерапрыемствы ў дачыненні да начальніка аддзела па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі. Супрацоўнікі міліцыі тады атрымалі ад жыхароў Жлобіна восем заяў наконт неправамерных дзеянняў прадстаўнікоў КДБ.

Цяпер «увесь Жлобін жыве ў страху»,

грамадзяне запалоханы, адмаўляюцца ад давання паказанняў, многія з іх паступілі ў бальніцы. «Гэта — вынік праверкі супрацоўнікаў КДБ», — сцвярджае Малаеў.

Ён просіць прэзідэнта разабрацца.
«Я валодаю поўнасцю інфармацыяй аб неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў КДБ. Даручыце разабрацца, каб закон перамог», — звяртаецца ён да кіраўніка дзяржавы.

Нагадаем, у красавіку быў вызвалены ад пасады начальнік гомельскага абласнога УУС Сяргей Шутаў, яго лёс зараз невядомы.

На гэты час афіцыйных пацвярджэння або абвяржэння заяў Аляксандра Малаева няма. У прэс‑групе ўпраўлення КДБ па Гомельскай вобласці відэазварот пакуль не каментуюць.

видеообращение Александра Малаева к президенту from lemantar on Vimeo.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0