19 чэрвеня святары візантыйскага абраду будуць памінаць пры водпусце святога апостала Юду, сваяка Гасподняга.
Дзень апостала Юды ніколі не быў святочным днём у артадаксальных хрысціянаў. А вось у беларускіх грэка‑католікаў 19 чэрвеня будзе свята.
У 18 гадзін 30 хвілін у Мінску ў Грэка‑каталіцкім цэнтры ў імя святога і праведнага Язэпа (вул. Арджанікідзэ, 6) будзе адслужана ўрачыстая Боская літургія.
Чакаецца, што ўзначаліць яе Апостальскі Нунцый архібіскуп Марцін Відавіч.
Не трэба думаць, што дзень святога Юды становіцца ў грэка‑католікаў фэстам. Урачыстасць адбудзецца з іншай нагоды. У гэты дзень роўна год таму кардынал Тарчызіё Бэртонэ, Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Рымскага, асвяціў Грэка‑каталіцкі цэнтр у Мінску і капліцу Усіх Беларускіх Святых у ім. Была асвячана таксама ікона святога і праведнага Язэпа — патрона парафіі.
18 гадоў ад часу адраджэння унійнага руху ў Беларусі вернікі парафіі святога Язэпа туляліся па «чырвоных кутках» ЖЭСаў і падвалах, «кватаравалі» ў рыма‑католікаў.
Дзякуючы візіту ў Беларусь высокадастойнага ватыканскага госця яны атрымалі магчымасць легальна маліцца, вучыць дзяцей і праводзіць культурна‑асветніцкія мерапрыемствы ў сваім доме.
У гэты дзень у Грэка‑каталіцкі цэнтр прыйдуць вернікі і з іншых парафіяў Мінска. Прыхаджане парафіі Іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі будуць маліцца ў гэты дзень, каб і яны маглі служыць Боскую літургію ў сваім доме ў завулку Снежным, бо вось колькі ўжо год стаіць гэты дом, а ўлады Фрунзенскага раёна Мінска не дазваляюць выкарыстоўваць яго ў рэлігійных мэтах. А ўсе разам мінскія уніяты будуць маліцца, каб нарэшце ім было дазволена пабудаваць у сталіцы сваю царкву.