Згодна з рэспубліканскай праграмай «Здароўе» (2006—2010) вядзецца стварэнне новых лекаў і медыцынскіх тэхналогій.

У Інстытуце біяарганічнай хіміі НАН Беларусі распрацоўваюцца ўласныя тэхналогіі, якія дазваляюць выпусціць шэраг імпартазамяшчальных прэпаратаў, а таксама новых лекаў па дыягностыцы раку малочнай залозы, супрацьвірусныя сродкаў.

Вынайдзены таксама новыя метады па лячэнні інфаркту міякарда, рака мачавога пухіра, дыябету і г.д. Раней у нашай краіне практычна не выпускаліся такія складаныя тэхналагічныя медычныя сродкі. Аднак атрымалася выйсці на больш высокі ўзровень новых лекавых прэпаратаў, якія выкарыстоўваюцца, у тым ліку, і ў дзіцячым анкалагічным цэнтры.

Разам з тым склалася вельмі цяжкая сітуацыя з укараннем новых лекавых сродкаў у практыку ды на медыцынскі рынак. Алена Калінічэнка, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, на прэс‑канферэнцыі 17 чэрвеня расказала пра некалькі новых распрацовак, якія пакуль не могуць дайсці да сваіх пацыентаў.

Яскравы прыклад, методыка па выяўленні дыябету на самых ранніх стадыях (і нават проста схільнасці да гэтага захворвання).

Гэтая методыка была апрабавана на ВА «Беларуськалій», якое спансаравала вынаходніцтва. Былі абследаваныя ўсе супрацоўнікі прадпрыемства.

«Але хочацца, канечне, каб гэтая методыка была распаўсюджана па ўсёй краіне, — зазначыла Алена Калінічэнка.

Сярод новых распрацовак — таксама прэпарат па лекаванні рассеянага склерозу. «У нас цяжкасці з клінікамі, у якіх можна было б яго вывучыць, але вельмі шмат людзей хворых на склероз» — сказала Алена Калінічэнка і запэўніла, што пасля даследаванняў гэтыя медыцынскія сродкі будуць запатрабаваныя.

Прычыны праблемы ўкаранення новых лекаў ды метадаў лячэння патлумачыў Сяргей Кабак, прарэктар па навуковай працы Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта: «Для таго каб нейкія медыцынскія сродкі укараніць, патрэбны вялікія грошы, прычым грошы нават большыя, чым ужо патрачаны на распрацоўку гэтых лекаў.

У Міністэрстве аховы здароўя інавацыйных фондаў няма ўвогуле.

У наш час нагрузка па ўкараненні і распаўсюдзе ляжыць на распрацоўшчыках: ты распрацаваў — ты і укараняй, а калі не укараніш — цябе пакараюць». А павінна быць яшчэ і структура дзяржаўная, якая б укараняла прадукт, мяркуе ён.

Настасся Шамрэй

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0