Грамадства

«Нашу Ніву» аштрафавалі на 8700 рублёў — за 20 старонак, надрукаваных на прынтары

Эканамічны суд Мінска ў асобе суддзі Эрнэста Койры пакараў «Нашу Ніву» на 300 базавых велічыняў за «незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць».

У чым сутнасць справы: два разы на год Рэдакцыя «Нашай Нівы» друкуе 20 папяровых асобнікаў газеты, каб адправіць іх у Мінінфарм і іншыя ведамствы. Такая рассылка — патрабаванне закона. Асобнікі — гучна сказана, бо кожны з іх уяўляе з сябе ўсяго толькі аркуш А3, надрукаваны з двух бакоў. Рассылаюцца гэтыя лісты бясплатна. Рэдакцыя нідзе іх не прадае.

Усё пачалося з ліста тагачаснага міністра інфармацыі Ігара Луцкага на адрас міністра па падатках і зборах Сяргея Налівайкі з просьбай праверыць «Нашу Ніву». У выніку падатковая інспекцыя Ленінскага раёна вырашыла, што ПВУП «Суродзічы», якое з'яўляецца заснавальнікам «Нашай Нівы», праз друк тых асобнікаў павінна быць пакарана за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Як так?

Міністэрства інфармацыі лічыць, што друк нават 20 асобнікаў газеты мусіць ажыццяўляцца толькі пры наяўнасці абавязковай ліцэнзіі на паліграфічную дзейнасць. Гэта стала фармальнай прычынай прыцягнуць «Суродзічы» да адказнасці. Але ж для пакарання за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць трэба, каб кошт «прадмету адміністратыўнага правапарушэння» перавысіў 1160 рублёў (40 базавых). У той час як пралічаны сабекошт падрыхтоўкі тых старонак з усімі выдаткамі — 28 рублёў і 68 капеек.

Тады падатковая прыдумала такі ход: прызнаць прадметам правапарушэння не толькі няшчасныя 20 аркушаў паперы, а яшчэ і тэхніку, з дапамогай якой гэтыя аркушы раздрукавалі.

Праўда, і тут узніклі нюансы. Прынтару HP, на якім друкавалі, — 21 год. Ноўтбуку «Тошыба» — 8 гадоў. Які іх кошт?

На пасяджэнні прадстаўнікі падатковай патлумачылі сваю логіку. Маўляў, падобны прынтар у пачатку 2000-х каштаваў 2126 еўра, а цяпер на рынку такой мадэлі няма. Затое цяпер, кажуць яны, на рынку ёсць аналаг за 963 рублі. Праўда, гэты «аналаг» — не прынтар, а спалучэнне прынтара, сканера і капіравальнага апарату. Ды яшчэ і іншага брэнду.

Ноўтбук «Тошыба» адшукаўся ў нейкім каталогу — кошт 545 рублёў. Але ў тым жа каталогу ёсць пазнака, што тавару няма ў продажы — проста таму, што ніхто ўжо не гандлюе настолькі старой тэхнікай.

Адпаведна, склаўшы кошт тэхнікі, падатковая нарэшце атрымала суму, якая перавышае патрэбную лічбу 40 базавых.

Такая логіка прадстаўнікоў падатковай выклікала скептычныя заўвагі нават у суддзі.

— Такое абсталяванне ёсць у продажы на рынку? — спытаў суддзя Эрнэст Койра.

— Ноўтбук — так. Менавіта такога прынтара няма, — адказала прадстаўніца падатковай. — Мы бралі не тую цану, а сённяшнюю цану аналагічнай прылады…

— А таваразнаўцу браць не спрабавалі? Сабе ў дапамогу? — спытаў суддзя.

— Не…

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч пацікавіўся ў прадстаўнікоў падатковай:

— А вы адкрывалі той сайт, на якім знайшлі кошт ноўтбука? Такая мадэль не прадаецца.

— Мы не званілі, ці можна яе купіць. Але такі кошт быў пазначаны ў каталогу, — адказала прадстаўніца падатковай.

— Гэта кошт новага абсталявання? — задаў пытанне суддзя.

— Новага, — адказ падатковай.

— Але ж там ноўтбук 2012 года, — заўважыў суддзя.

— Мы бралі без уліку зносу.

— Мяркуеце, што гэта правільна? На якой падставе? — спытаў суддзя.

Маўчанне.

— Можа, калега дапаможа? — пацікавіўся суддзя Койра. 

Але малады чалавек, які прыйшоў з прадстаўніцай падатковай, таксама нічога не адказаў.

— Не дапаможа? — паўтарыў суддзя. — Калега прыйшоў паслухаць-папрысутнічаць? Ну добра.

Адвакатка «Суродзічаў» Марыя Анапольская патлумачыла, што прадмет правапарушэння — гэта ўсё ж тыя 20 старонак, а ніяк не тэхніка, на якой іх друкавалі. Тэхніка ж, паводле заканадаўства, гэта сродак вырабу.

Суддзя ўдакладніў у прадстаўнікоў падатковай, дык прадметам правапарушэння ці ўсё ж сродкам вырабу з’яўляецца тая тэхніка?

Пасля доўгай паўзы прадстаўніца падатковай няўпэўнена адказала:

— Ну яна ўдзельнічала ж… Тонкая мяжа паміж сродкам і прадметам…

Акрамя таго, падатковая прызнала: даходу, які б атрымлівала прадпрыемства за тыя 20 асобнікаў, яны так і не выявілі.

Ягор Марціновіч растлумачыў суддзі: асобнікі не прадаюцца. Яны адпраўляюцца ў належныя ўстановы — бясплатна, як і патрабуе заканадаўства.

Суддзя спытаў у прадстаўнікоў падатковай: які характар і памер шкоды, нанесенай правапарушальнікам?

— Магу сказаць толькі, што гэты від дзейнасці мусіць быць ліцэнзіраваны… — быў адказ.

— Гэта мы чулі ўжо, — незадаволена сказаў суддзя.

Праўда, уся відавочная абсурднасць сітуацыі не перашкодзіла суддзі Эрнэсту Койру прыняць на месцы рашэнне: прызнаць прадпрыемства «Суродзічы» вінаватым у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і аштрафаваць на 300 базавых велічынь — 8700 рублёў.

«Вам не сорамна ў гэтым удзельнічаць?» — спыталі пасля пасяджэння ў прадстаўніцы падатковай інспекцыі. Жанчына прамаўчала.

* * *

Страціць 8700 рублёў на пустым месцы — сур’ёзны ўдар для прадпрыемства, на якое і так ідзе ціск з усіх бакоў.

Нагадаем, што за апошні месяц нашы выданні «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» выгналі з «Белсаюздрука», «Белпошты», «Белкнігі» і «Акадэмкнігі» — кожны знайшоў падставу.

Але што зробіш — «Наша Ніва» сплаціць штраф са сваіх даходаў, аднак мы просім чытачоў ахвяраваць грошы на заробкі журналістаў. Гэтыя сродкі пойдуць на аплату працы.

Падтрымаць «Нашу Ніву» можна двума спосабамі:

— Зрабіць пералічэнне праз АРІП з любой беларускай карткі: Благотворительность, общественные объединения — Просветительские, культурно-досуговые — Сородичи. Альбо нумар паслугі 4346851.

— Праз Клуб Нашай Нівы — Club.nn.by. Трэба ўвайсці праз сацсеткі ці гмэйл, выбраць Гібкі план і любую суму.

«Наша Ніва» — беларускамоўны незалежны СМІ. За мінулы год кожны мог пераканацца сам, хто чаго варты на гэтым свеце, у тым ліку і сярод СМІ. Наша праца — даваць вам праўдзівую інфармацыю. Без вашай падтрымкі «Наша Ніва» не зможа існаваць.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць14

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» калекцыйную манету з Камеруна5

«Пасля нашага з табой пакалення мужыкоў няма». Лукашэнка наракае, што мужчыны-беларусы «стапталіся»23

Патрыярх Кірыл мае падатковы псеўданім Іван Захаравіч Прохараў4

Беларусаў, якія нанеслі свае бізнэсы на карту «Новай Беларусі» і вярнуліся ў краіну, прымушаюць каяцца і клясці Лібера7

Халезін незвычайна параўнаў Шрайбмана і Чалага3

«Давайце будзем паліваць». Лукашэнка расказаў пра эксперымент, які мае вырашыць праблемы з бульбай9

«Вы п**ары, у нас пратэрміноўка». У Мінску бягучы радок на мясной краме ўзбунтаваўся ВІДЭА4

Летась у Расіі затрымалі амаль тысячу чалавек, якіх шукалі ў Беларусі1

У Арлоўскай вобласці Расіі рухнуў вайсковы верталёт, які паляваў на ўкраінскія дроны3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць14

У Мінску перасабралі Ракаўскае прадмесце. Там ужо гуляюць, фатаграфуюцца і ядуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць