Чаму саюз з Беларуссю крытычна важны для Расіі з ваенна‑палітычнага пункту погляду?

«Малочная вайна» Масквы і Мінска спыненая. Справа вырашаная, і, мяркуючы па ўсім, абодва бакі задаволеныя.

Аднак тое цярпенне, якое дэманструе Крэмль падчас развязання спрэчак з эмацыйным Бацькам, мімаволі выклікае пытанне: ці вартая вычынкі гэтая беларуская аўчынка? Навошта Расія так трымаецца за хоць і братнюю, але ўсё ж такі небагатую краіну?

Якую цікавасць можа ўяўляць для Расіі маленькая лясістая краіна, практычна цалкам пазбаўленая прыродных рэсурсаў, з якіх на яе тэрыторыі ёсць у заўважнай колькасці толькі соль ды торф? Торфу, праўда, шмат: 9 тыс. буйных балотаў даюць значны запас гэтае сыравіны.

Адзіным каштоўным рэсурсам Беларусі, які робіць яе прывабнай для Расіі, з’яўляецца яе становішча стратэгічнага перадполля. Можна сказаць, што

сёння РБ — гэта клін, убіты ў глыбіню НАТА, «стратэгічны балкон», што навісае над еўрапейскім тэатрам ваенных дзеянняў.
Гэта цудоўна разумее і прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка — больш за тое, адкрыта заклікае выкарыстоўваць такі падарунак геаграфіі.

«Беларусь павінная эфектыўней выкарыстоўваць сваё геапалітычнае становішча, — заявіў 23 студзеня 2007 году Лукашэнка на нарадзе ў Наваполацку па пытаннях падрыхтаванасці краіны да працы ў новых коштавых умовах паставак паліўна‑энэргетычных рэсурсаў. — Расія мае унікальны рэсурс — вуглевадароды. Наш стратэгічны рэсурс — геапалітычнае становішча. Мы павінныя выкарыстоўваць яго так, як Расія выкарыстоўвае свае рэсурсы».

Калі зірнуць на карту, робіцца відавочным тое, што Беларусь фактычна ёсць «пятлёй на шыі Прыбалтыкі» і шмат у чым абясцэньвае яе стратэгічнае становішча.

Паміж тэрыторыямі РБ і Калінінградскай вобласці ляжыць 70‑кіламетровы калідор, па якім праходзіць адзіная сухаземная дарога, што звязвае краіны Балтыі з іншымі краінамі НАТА. Зразумела, што гэтая артэрыя можа быць перарэзаная параўнальна невялікімі сіламі, а пры паспяховым развіцці падзеяў зробіцца сухаземным мастом у Калінінградскую вобласць.

Хаця амаль усе беларускія дарогі выцягнутыя ў шыротным кірунку, тэрыторыя «беларускага балкона» дае магчымасць хуткага манёўру ўздоўж мерыдыяна.

Прыкладамі такіх аперацыяў служаць канцэнтрацыя 2‑га (Нёманскага) расійскага войска супраць Усходняй Прусіі ў жніўні 1914‑га, паварот 2‑га танкавага войска Гудэрыяна на Кіеў летам — восенню 1941‑га, дзеянні войскаў Баграмяна і Чарняхоўскага супраць Прыбалтыкі ў 1944 годзе. Можна сфармуляваць агульнае правіла, паводле якога пры любым канфлікце Расіі і Еўропы боку, які захопіць ініцыятыву, выгадны кантроль над Беларуссю. Пры гэтым, як паказвае практыка, лясіста‑балоцісты характар мясцовасці хаця і ўскладняе такія аперацыі (асабліва калі выкарыстоўваць танкі), але зусім не робіць іх немагчымымі.

Сёння ў Беларусі Расійская армія прадстаўленая толькі аб’ектамі СПА і СРА, якія забяспечваюць сумесную паветрана‑касмічную абарону, і вузлом далёкай марской радыёсувязі. Размова пра Асобны радыётэхнічны вузел у пасёлку Ганцавічы (побач з Баранавічамі), дзе размешчаны радар сістэмы папярэджання пра ракетны напад (СПРН) тыпу «Волга», здольны знаходзіць паветраныя цэлі на адлегласці да 4800 км, а таксама аб’ект «Антэй» (43‑і вузел сувязі) у Вілейцы — радыёстанцыя звышдаўгахвалевага дыяпазону, які забяспечвае сувязь са стратэгічнымі АПЛ, што знаходзяцца пад вадою.

Іншых ваенных аб’ектаў РФ, як і іншых вайсковых частак і вайсковых базаў, у РФ у Беларусі няма. У выпадку ваеннай пагрозы Расія спадзяецца на саюзнае беларускае войска. Больш за тое, у выпадку разгортвання РБ сумеснага групавання войскаў паводле Саюзнай дамовы яна падпарадкоўваецца МП РБ. У выпадку разгортвання такога групавання

заціснутая паміж Беларуссю і Расіяй Прыбалтыка стане ахілесавай пятою НАТА, прыкрываць якую давядзецца з вялікімі высілкамі, а яе баявая ўстойлівасць уяўляецца сумнеўнай.

У параўнанні з магчымасцю ў пагрозлівы перыяд размясціць свае войскі на тэрыторыі РБ усе астатнія бонусы ад ваенна‑стратэгічнага партнёрства з Мінскам адыходзяць на другі план. Сапраўды, беларуская СПА пры нагодзе значна ўскладніць жыццё авіяцыі НАТА, але разгортванне непасрэдна ў Расіі, на тэрыторыі Смаленскай вобласці значнага групавання зенітных ракетаў вялікай дальнасці можа ў значнай меры кампенсаваць страты ў выпадку адмовы Мінска ад саюзных стасункаў. Дзірка ў радыёлакацыйным полі, якая ўзнікне пасля страты радару «Волга», хоць і непрыемная, але можа быць кампенсаваная разгортваннем станцыяў СПРН новага пакалення «Варонеж‑ДМ». Апроч 43‑га вузла Галоўны штаб ВМФ мае як мінімум адну рэзервавую станцыю для сувязі з АПЛ. Таму

з пункту погляду СПА/СРА/СЯС (стратэгічных ядравых сілаў) гіпатэтычная страта аб’ектаў у Беларусі не ёсць непапраўнай.
Іншая справа — Сухаземныя войскі.
Немагчымасць выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю запатрабуе ад Расіі выключных высілкаў па нарошчванні сухаземнага групавання ў заходніх і паўночна‑заходніх раёнах. І, магчыма, выхаду з дамовы па РСМД і стварэння новых пакаленняў ракетаў сярэдняй дальнасці для прэвентыўных удараў па раёнах канцэнтрацыі ўдарных групаванняў НАТА. З ваенна‑палітычнага пункту погляду Беларусь павінная заставацца стратэгічным хаўруснікам Расіі што б ні было. Пакуль у Мінску пры ўладзе Лукашэнка, дамаўляцца з ім, хутчэй за ўсё, атрымаецца, што і паказалі нядаўнія падзеі. «Малочная вайна» ў сераду, здаецца, скончылася.

Генадзь Нячаеў, Взгляд

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0