Грамадзяне Кот-д'Івуара Анж Маглуар Ацюалі і Патрыс Уэй, а таксама грамадзянін Беларусі Юрый Сушкін былі прызнаныя вінаватымі ў правядзенні рэйду каля івуарыйскага горада Буаке 6 лістапада 2004 года. Тады два знішчальнікі-бамбавіка арміі прэзідэнта Кот-д'Івуара Ларана Гбагбо кінулі бомбы на базу французскіх вайскоўцаў. У выніку загінулі дзевяць французскіх вайскоўцаў і грамадзянін ЗША, супрацоўнік гуманітарнай місіі. Яшчэ 38 вайскоўцаў былі параненыя.

Прэзідэнт Ларан Гбагбо патлумачыў бамбаванне базы памылкай. Ударам у адказ Францыя знішчылі амаль усе вайскова-паветраныя сілы Кот-д'Івуар: два штурмавікі Су-25 і пяць баявых верталётаў.

Грамадзянскімі пазоўнікамі на працэсе ў Парыжы, які пачаўся 29 сакавіка, выступілі каля сарака чалавек, сваякі загінулых французскіх вайскоўцаў, а таксама тыя, хто атрымаў раненні ў бамбардзіроўцы.

Суд быў завочным, бо тром абвінавачаным удалося збегчы. Як паведамляе France 24, на наступны дзень пасля авіяўдару французскія войскі ў Абіджане затрымалі 15 наймітаў з Расіі, Беларусі і Украіны, а праз чатыры дні вызвалілі іх. Па версіі следства, французскім дыпламатам, салдатам і выведцы было дадзена ўказанне «не ўмешвацца» ў гэтую справу.

Сушкіна і яшчэ семярых беларускіх наймітаў праз некалькі дзён затрымалі зноў і зноў адпусцілі.

Сёння парыжскі суд прызнаў Сушкіна і двух івуарыйскіх афіцэраў вінаватымі ў забойстве людзей і прысудзіў да пажыццёвага зняволення. Як прысуд прывядуць у выкананне — невядома, месцазнаходжанне асуджаных у цяперашні час не высветлена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0