Фота з Вікіпедыі

Фота з Вікіпедыі

«Дванаццаць вядучых каманд Еўропы сёння сумесна прыйшлі да дамоўленасці аб стварэнні новага турніру — Еўрапейскай Суперлігі. Матчы будуць праводзіцца пасярод тыдня, кіраваць турнірам будуць клубы-заснавальнікі.

«Мілан», «Арсенал», «Атлетыка», «Чэлсі», «Барселона», «Інтэр», «Ювентус», «Ліверпуль», «Манчэстар Сіці», «Манчэстар Юнайтэд», «Рэал» і «Тотэнхэм» будуць у Суперлізе як клубы-заснавальнікі. Яшчэ тры каманды далучацца да яе перад пачаткам першага сезона (магчыма, «Баварыя», «Лейпцыг», «Порту»).

Клубы-заснавальнікі плануюць абмеркаваць з УЕФА і ФІФА сумеснае супрацоўніцтва, каб забяспечыць найлепшыя перспектывы як для новага турніру, так і для футбола ў цэлым.

Стварэнне Суперлігі адбываецца ў перыяд, калі пандэмія паскорыла няўстойлівасць існуючай у еўрапейскім футболе эканамічнай мадэлі. Акрамя таго, клубы-заснавальнікі ўжо некалькі гадоў ставілі перад сабой за мэту павысіць якасць і шчыльнасць існуючых еўрапейскіх спаборніцтваў кожны сезон, а таксама стварыць фармат, у якім вядучыя каманды і футбалісты будуць спаборнічаць адзін з адным на рэгулярнай аснове», - гаворыцца ў прэс-рэлізе.

УЕФА, дарэчы, пагражае фінансавымі санкцыямі супраць гэтых клубаў, а таксама заяўляе, што можа выключыць іх з турніраў у гэтым сезоне. Атрымліваецца, што тады Лігу чэмпіёнаў у гэтым сезоне выйграе ПСЖ, бо іншыя ўдзельнікі паўфіналаў — «МанСіці», «Рэал» і «Чэлсі» — будуць дыскваліфікаваныя.

Сёння выканкам УЕФА павінен быў зацвердзіць новы фармат Лігі чэмпіёнаў, які ўступіць у сілу пасля 2024 года. Гэта павелічэнне колькасці ўдзельнікаў да 36 каманд, швейцарская сістэма розыгрышу, калі кожны клуб будзе праводзіць на групавым этапе 10 матчаў, і гэтак далей. Шэраг топ-клубаў такая рэформа не задавальняла.

Таксама з'явіліся чуткі, што сёння УЕФА можа прыпыніць матчы Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы ў гэтым сезоне. Але гэта малаверагодна.

Які будзе фармат Суперлігі і калі яна стартуе?

У турніры будуць удзельнічаць 20 клубаў — 15 пастаянных членаў і яшчэ пяць каманд, якія будуць вызначацца на падставе вынікаў папярэдняга сезона, піша Спорт-Экспрэс

Клубы будуць разбітыя на дзве групы па 10 камандаў, якія згуляюць двухкругавы турнір. Па тры найлепшыя выйдуць напрамую ў чвэрцьфінал, каманды, якія занялі 4-е і 5-е месцы, правядуць стыкавыя матчы. Далей — традыцыйны плэй-оф, матчы дома і ў гасцях. Фінал — адна гульня на нейтральным полі.

Матчы будуць праходзіць у сярэдзіне тыдня, удзельнікі працягнуць гуляць у сваіх нацыянальных чэмпіянатах.

Арганізатары запэўніваюць, што першы сезон Суперлігі стартуе ўжо ў жніўні гэтага года.

Варта адзначыць, што на беларускія клубы гэтыя навацыі ніяк не ўплываюць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0