Начальнік інспектара называе свайго падначаленага «прыстойным інтэлігентным чалавекам».

Інцыдэнт адбыўся на Баранавіцкім рынку 29 мая, паведамляе «Intex-press». Прадавачка Вольга, якая гандлюе вясельнымі атрыбутамі, абслугоўвала пакупніка. Не знайшла рэшты і выйшла да маці, якая працавала побач. Па яе словах, калі яна вярнулася, пакупнік заявіў, што гэта была кантрольная закупка.

Калі ж Вольга паспрабавала выбіць чэк, ён нібыта груба штурхнуў яе ў грудзіну. Дзяўчына ўдарылася галавой аб сцяну ралета. Наяўнасць лёгкіх цялесных пашкоджанняў пацвердзіла судмедэкспертыза.
Вольга напісала заяву ў міліцыю з просьбай распачаць справу па факце перавышэння паўнамоцтваў службовай асобай пры выкананні сваіх абавязкаў. Аднак справу накіравалі ў баранавіцкую пракуратуру «для дачы прававой ацэнкі дзеянням службовай асобы старшага дзяржаўнага падатковага інспектара ІМПЗ пры выкананні сваіх службовых абавязкаў». У пракуратуры ад каментароў адмовіліся, заявіўшы, што рабіць нейкія высновы да завяршэння следства рана.

У той жа час начальнік ІМПЗ па Баранавічах Васілій Сухаверхі здзівіўся, што яго супрацоўніку выстаўляюць такія абвінавачанні. «Валерый Чарняўскі працуе не першы год, і зарэкамендаваў сябе як прыстойны інтэлігентны чалавек, — сказаў «IP» Васілій Сухаверхі. — Не веру, што ён узняў руку на жанчыну. Больш за тое, я ўпэўнены, што гэтага не было».

За прадавачку заступіліся калегі. Мікалай Чарнавус, член аргкамітэту па стварэнні грамадскага аб’яднання «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» ў Брэсцкай вобласці, накіраваў адкрыты ліст, падпісаны 16 прадпрымальнікамі, у баранавіцкую пракуратуру, Міністэрства па падатках і зборах, Адміністрацыю прэзідэнта і Камітэт дзяржкантролю.

Паводле Intex-press

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0