Фота pixabay.com

Фота pixabay.com

Лічыцца, што першы прыклад схаванай рэкламы ў кіно — амерыканская камедыя «Гараж» 1920 года, у якой можна было пабачыць лагатыпы заправак і вытворцаў аўтамабільнай алівы. Праз амаль сто гадоў, у 2019 годзе, індустрыя продакт-плэйсмэнту ў дачыненні да фільмаў, тэлешоу і музыкальных кліпаў ацэньвалася ў 20,6 мільярдаў даляраў. Выявілася, што калі галоўная зорка шоу апранае адзенне, водзіць машыну ці п’е каву нейкага адпаведнага брэнда, то ўсё гэта прыносіць шмат грошай, тлумачыць ВВС.

Але раней, каб зрабіць схаваную рэкламу, трэба было ўжо падчас здымачнага працэсу размяшчаць аб’ект у кадры. Цяпер рэкламная індустрыя гатовая працаваць з тэхналогіяй, якая дазваляе ўсталяваць у відэа згенераваныя камп’ютарам выявы.

Таму цяпер можна дадаць рэкламу амаль што ў любы фільм ці шоу. Напрыклад, рэкламадаўцы могуць змяніць этыкеткі на бутэльках з шампанскім у «Касабланцы», размясціць новыя рэкламныя шыльды ў «Адзінаццаці сябрах Оўшэна» ці прымусіць Чарлі Чапліна рэкламаваць новую колу. А пазней усе дададзеныя ў фільмы брэнды можна будзе лёгка замяніць на новыя.

Але каліфарнійская кампанія Ryff пайшла ў распрацоўцы схаванай рэкламы яшчэ далей. Там стварылі тэхналогію, праз якую такая рэклама будзе арыентавацца на кожнага канкрэтнага карыстальніка. Напрыклад, калі чалавеку падабаецца віно, герой фільма будзе піць віно нейкага адпаведнага брэнда, каб прымусіць гледача яго купіць. Калі карыстальнік глядзіць фільм на ноўтбуку, смартфоне ці з дапамогай тэхналогіі Smart TV, схаваная рэклама будзе залежыць ад таго, што карыстальнік раней купляў анлайн або проста праглядаў са свайго дэвайса.

Клеапатра Вялутсу, прафесарка ў сферы брэнд-менеджмэнту ва Універсітэце Глазга, лічыць, што ўсе гэтыя тэхналагічныя інавацыі — спроба рэкламадаўцаў з тэлебачання і кінасферы нагнаць канкурэнтаў з анлайн-сферы.

Але лічбавы продакт-плэйсмэнт таксама нясе пагрозы для рэкламадаўцаў. Калі той ці іншы брэнд у будучыні апынецца ў цэнтры скандалу, гэта можа дрэнна паўплываць на папулярнасць фільма ці шоу, якія будуць асацыявацца з такім брэндам. Новы від схаванай рэкламы таксама ўздымае юрыдычныя пытанні і пытанні мастацкай цэласнасці твора.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?