Гэта быў Мундыяль басманнага судзейства, мастацкага дайвінгу, футболу ў 4-5-1, а яшчэ зданяў. Мабыць, самы багаты чэмпіянат у гісторыі на матчы топ-teams, ён таксама быў самым багатым на дэжа-вю. Колькі разоў казалася, што гісторыя зноў паўтараецца! Колькі разоў фанат з багатай біяграфіяй нібыта перамяшчаўся на машыне часу ў мінулага і бачыў трыюмф і трагедыю ўсё ў адніх і тых жа колерах!!!

Узгадаем:

Здань №1. Гішпанскае «шчасце». Ну, пра гэта і казаць банальна. Гэта ўжо не трагедыя, гэта фарс. Гэтага ў сваім жыцці я паглядзеў багата - ад суперкаманды Бутрагенья і Мічэла да суперкаманды Раўля з Мар’ентэсам: чэмпіёнаў свету па гульні ў групах зноў размазалі па сценцы да паўфіналу. Не так даўно гэта зрабілі ў 2000 г. французы, тады забіў Зідан. І зараз. Тады пенальці не забіў Раўль. Цяпер пенальці забіў Торэс, а Раўль зноў не забіў.

2. Здань №2. Галандыя не можа перамагчы партугальцаў. З-за гэтага яна і на Мундыяль-02 не трапіла, а ў Еўра-04 прайграла адзін гол ў паўфінале. Тады рашаючы гол забіў Маніш. Далёкім ударам.І цяпер Маніш забіў рашаючы гол. Далёкім ударам.

Здань № 3. Англічане прайграюць партугальцам па пенальці. Англічане зусім па пенальці выйгравалі толькі адзін раз у жыцці - супраць галандцаў, якія па пенальці не выйгравалі ніколі (як кажуць, сустрэліся, превед, неудачнегі!) 2004 год, пенальці ў стыле «забіць Бэкхэма». 2006 год, Бэкхэм пакідае поле з траўмай - але ад лёсу не ўратуешся.

Здань №4. Бразілія супраць Францыі. У 1986 годзе, жоўта-зялёных чараўнікоў спыніў Плаціні. У 1998 - башка Зідана. У 2006 годзе - зноў Зідан, які правёў свой лепшы матч бадай за чатыры гады. Тры з чатырох апошніх пралётаў Бразіліі на Мундыале - на les bleus. Allez!!

Здань №5. Нямеччына - Аргентына. Усё рашае пеналь. Тут здані супярэчлівыя. Каманды выйгралі па аднаму разу ў фіналах Кубка свету. Да гэтага разу, ў абодвух аніводнага пройгрышу ў серыі пеналёў на ЧС. Хтосьці павінен быў саступіць. Хто? Апошні раз, Нямеччына перамагла дзякуючы аднаму пенальці. Цяпер была серыя пенальці - але ўсё роўна - перамога здабытая з адной і той жа кропкі. Шаснаццаць год чакаць помсты - і вярнуцца да таго ж месца… Пасля абодвух сустрэчаў, атмасфера на поле была болей чым напружаная…

Здань №6. Партугалія прайграе Францыі ў паўфінале. Таксама плавалі, ведаем. У тым жа 2000 годзе. Даволі спрэчны пенальці, які вырашыў лёс таго, хто ідзе далей. Забіў яго Зідан. 2006 год. Яшчэ адзін даволі спрэчны пенальці (які, на мой погляд, быў). Здагадайцеся з трох раз, хто яго забіў.

Здань №7. Італія праходзіць Нямеччыну. Бойка трэкампеонаў (на той момант) была трэцяй на мундыяле за апошнія 36 год. Дзве папярэднія выйграныя Італіяй ва ўпартай барацьбе (хаця ў Гішпаніі ў 1982, ім проста спатрэбілася «даціснуць» упартых але стомленых неверагодным паўфіналам з французамі дойчаў). Два трыюмфы azzurri. Трымайце трэці. Праз чвэрць стагоддзя. Нямеччына не перамагае Італію ў ЧС ужо пяты раз запар. Дарэчы, ў 1970 годзе, гэтыя каманды таксама сустракаліся ў паўфінале. Італія таксама тады перамагла ў дадатковы час.

Пасля чвэрцьфіналаў, стаю я каля пабу і палю разам з фанатам Чэлскага і па азначэнні Англіі. Ну чаму, ён кажа, мы ўвесь час прайграем па пеналях? Чаму мажуць Джэрард, Лэмпард? Здані, кажу я. Статыстыка - гэта легенда, гэта псіхалагічны прэс, гэта пракляцце - асабліва ў серыях пенальці. Вось Італія - ведала пра свой лёс. Ведала ў матчы з немцамі, што да пеналёў не варта даводзіць, што можа не пашчасціць… Ліпі рызыкнуў, выпусціўшы на поле амаль усіх сваіх забівалаў. Два галы на апошніх хвілінаў овертайму, абыйшлося.

Здань №8. Ну хоць адна здань пераможана. І якая! Памятаеце 2000 год, Італія ўжо без 13 секундаў чэмпіён, потым гол Вільтора і ў овертайме - Трэзеге! 2006 год, зноў тыя ж твары, зноў на замену выходзяць Вільтор і Трэзеге. Не, не гэты раз. Тады, вынік вырашыў Трэзеге. Калі забіў. Цяпер зноў вынік вырашыў Трэзеге. Калі не забіў. Я хварэў у фінале за французаў (ну люблю я Зідана!), але можаце колькі заўгодна разважаць пра тое, што макароннікі не вартыя тытулу, што яны трапілі ў фінал праз Аўстралію, Украіну і дайвы, што Матэрацы - ацкі сцуко, што яму трэба выпіць йаду:

Усё ж такі, Італія перамагла здані - зрабіла тое, што на гэтым чэмпіянаце не ўдавалася нікому. Першая ў гісторыі краіны перамога па пеналях на Чэмпіянаце свету, і ў якім матчы ! За што! Здані расчараванняў і агоніі Віялі і Скілачы, Барэзі і Мальдзіні, Раберта і Дзіна Баджыа, Вічыні і Сакі, здані трох мундыяляў, у якіх італьянцы засталіся непераможнымі у гульнявы час, але з якіх прывязлі толькі дзіркі ад бубліка - на гэтыя здані горда ўзлез Фабія Канавара і ўзнёс запаветны залаты трафей.

А Зідана шкада. Божа, колькі імгненняў аддзяляе трыюмф ад трагедыі. Забей ён башкой Буфону за пару хвілінаў да выдалення - і быць яму двухразовым, лепшым іграком чэмпіянату, і другім у гісторыі пасля Пеле… А так - ён назаўжды застанецца Зіданам, які быў выдалены ў развітальным матчы… Але ўсё роўна. Тыя дзесяць год, якія мы маглі бачыць яго на тэлеэкранах (многія адкрылі яго на Еўра-96) без перавелічэння ўпрыгожылі футбол і нашае жыццё. Памятаеце дзьве банкі бразільцам? Памятаеце гол Баеру ў фінале Лігі Чэмпіёнаў - 2002? Памятаеце яго гульню на гэтым мундыяле супраць тых жа бразільцаў і гішпанцаў? Дзякуй, Зізу. Ты ўпрыгожыў гульню. Ты- лепшы ў генерацыі. Усё ж такі, бычок Матэрацы - гэта лепш двух «рук бога», якімі Марадона выйграў сваё золата і срэбра. Зідан - побач з Марадонай. А хто ўзгадае праз дзесяць год пра Матэрацы?

VW,

TOL Беларусь
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0