Сяргей Верамеенка, hrodna.life

Запыт на прадастаўленне інфармацыі на імя уласніка Сяргея Верамеенкі 21 красавіка перадаў у краму «Адметнасць» асабіста супрацоўнік Упраўлення гандлю гродзенскага гарвыканкама. Рэдакцыя Hrodna.life азнаёмілася з дакументам.

Гродзенскі аблвыканкам, раённы савет дэпутатаў і райвыканкам атрымалі электронныя звароты ад імя А.Г.Кавалёва, жыхара Бігосава Верхнядзвінскага раёна, сказана ў запыце. Звароты звязаныя з продажам у краме «Адметнасць» тавараў «з незарэгістраванай акупацыйнай бел-чырвона-белай сімволікай» ды «іншага». Бел-чырвона-белыя сцягі у дакуменце названыя «пранацысцка-пратэстнымі».

Для крамы гэта першая пісьмовая прэтэнзія такога кшталту.

«Адказ мы, канешне, дамо. Але гэтая скарга — бязглуздасць, неабгрунтаванае абвінавачанне невядома ў чым, — расказаў Сяргей Верамеенка. — Якія яшчэ нацысты, пратэстоўцы? Зноў гэтая каша, каторая творыцца ў галовах некаторых людзей».

Ён плануе даць уладам тлумачэнні, што згаданы сцяг — частка беларускай гісторыі. «Гэта быў сцяг Беларускай Народнай Рэспублікі, сцяг Рэспублікі Беларусь з 1991 года, — пералічыў Сяргей. — Спалучэнне белых і чырвоных колераў не з’яўляецца і не можа быць парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь».

Сяргей Верамеенка здзіўлены, чаму жыхар Верхнядзвінскага раёна не выказаў прэтэнзіі супрацоўнікам крамы асабіста, калі ён яе наведваў. «Калі падобнае з яго боку будзе паўтарацца — буду падаваць у суд, бо гэта паклёп», — кажа Сяргей.

Індывідуальныя прадпрымальнікі згодна з законам абавязаны прадастаўляць інфармацыю, неабходную для разгляду звароткаў спажыўцоў, нагадалі ў запыце. У іншым выпадку іх чакае адміністрацыйная адказнасць (штраф да 20 базавых велічынь). Сяргей Верамеенка мусіць прадаставіць тлумачэнні ва Упраўленне гандлю і паслуг гарвыканкама не пазней за 26 красавіка.

Намесніца начальніка упраўлення гандлю Яніна Блізнеўская, подпіс якой стаіць пад запытам да крамы «Адметнасць», адмовілася каментаваць сітуацыю для Hrodna.life. Паводле яе, чыноўнікі не абавязаны каментаваць прэсе свае дзеянні ў дачыненні суб’ектаў.