spring96.org

spring96.org

Суддзя Вікторыя Шабуня пакарала яе 2 гадамі хатняй хіміі — менавіта такое пакаранне запрасіў пракурор Цімафей Нічыпарук, піша spring96.org.

Паводле версіі абвінавачвання, Юлія Якубовіч у снежні 2020 года і студзені 2021 года ў Мінску на вуліцы Раманаўская Слабада «ў межах несанкцыянаванай акцыі сумесна з іншымі асобамі ўдзельнічала ў перакрыцці праезнай часткі дарогі і блакаванні руху транспарту». Пры гэтым абвінавачаная публічна выкрыквала лозунгі, здзяйсняла воплескі рукамі, выкарыстала сцягі і транспаранты. 

«Дзеянні Якубовіч пацягнулі парушэнне графіка і маршруту руху пасажырскага, камерцыйнага і грамадскага транспарту, у тым ліку аўтобусаў і тралейбусаў КУП «Мінсктранс», — гаворыцца ў абвінавачванні. «Мінсктранс» шкоды не налічыў

На другім пасяджэнні пракурор выставіў новае абвінавачванне. Юлія абвінавачвалася ў парушэнні працы грамадскага транспарту, а менавіта аўтобуса №40 і тралейбуса №9. Хаця з матэрыялаў справы вынікае, што тралейбус стаяў на Раманаўскай Слабадзе каля 40 секунд, а аўтобус праехаў без перашкод.

Юлія распавяла, што 20 снежня выйшла на вуліцу і ўбачыла людзей, якія выйшлі падтрымаць палітвязняў. Спачатку сустрэла пяць чалавек, потым сабралася чалавек 20-30. Далей пайшлі да пераходу па Раманаўскай Слабадзе, 14. Перайшлі дарогу на зялёны сігнал святлафора, потым не заўважыла, якое святло было на святлафоры. Дарогу перайшла даволі хутка, не абарочвалася. Машыны стаялі на дарозе, ніхто з кіроўцаў не выказваў незадаволенасць. Грамадскі транспарт не бачыла.

3 студзеня выйшла з дома з мэтай прагуляцца. Накіравалася ў бок кінатэатра «Беларусь». Сустрэла знаёмую. Яна сказала, што будзе акцыя. Юлія вырашыла застацца паглядзець. Убачыла 20-30 чалавек. Ніякіх указанняў ні ад каго не паступала. Сцяга ў яе не было, але потым незнаёмы чалавек даў ёй маленькі сцяг. Калі выйшлі на праезную частку, знаходзіліся падчас зялёнага сігнала і аднаго чырвонага. Пасля заканчэння адразу накіравалася дадому. Калі сыходзіла, не бачыла, ці засталіся людзі на праезнай частцы, бо не абарочвалася.

22 красавіка яна выступіла з апошнім словам:

«Я хацела б адзначыць такі момант, што пасля затрымання мне ГУБАЗіК, следства і мой першы адвакат пастаянна паўтаралі адзін і той жа тэзіс: «Вы ж маці, трэба сядзець дома і выхоўваць дзіця». Мне шчыра кажучы, абсалютна незразумела, што яны маюць на ўвазе пад выхаваннем, таму што многія, думаю, чулі такі тэзіс: «Выхаванне дзіцяці — гэта, у першую чаргу, выхаванне сябе». І як можна выхоўваць дзяцей сумленнымі, калі дарослыя кажуць, што дрэнна, а потым выходзяць у дарослае жыццё і займаюцца тым, што агаворваюць іншых людзей або выкарыстоўваюць законы ў сваіх нейкіх інтарэсах.

Як можна выхоўваць чалавека добрым, чалавека з эмпатыяй, спачуваючым чалавекам, калі пры гэтым мы будзем ігнараваць, што людзі сядзяць у турмах, людзі губляюць сваё здароўе, хтосьці губляе сваё жыццё. Мне здаецца, што чалавек — гэта не яго заслугі ў мінулым, нейкія там планы, мэты, будучыня. У першую чаргу, гэта наш выбар тут і цяпер, кожную секунду і хвіліну. І рабіць гэты выбар трэба з любові да сваіх дзяцей, да сябе, а не праз страх.

Мяне палохае, што ў Беларусі людзі жывуць у страху. Таму што з-за страху яны прымаюць рашэнні: з-за страху за сваё жыццё, свайго дабрабыту. Я бачу супрацоўнікаў міліцыі, якія прымаюць рашэнні не самастойна, а таму што ім зверху загадваюць. І гэта на розных узроўнях. Гэта вельмі страшна. Я хацела бы, каб нікому з тут прысутных такіх рашэнняў прымаць не даводзілася».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0