Прэсбол

Прэсбол

«8-га лістапада 2020 года мяне затрымалі на стаянцы ў цэнтры Мінска і дасталі проста з машыны. Памятаю ўдар у скронь, боль ад сцяжак на руках, 14 гадзін тварам да сцяны ў РУУС і паездку ў Жодзіна. А для сваіх родных я тады проста знік. Чатыры дні ў майго адваката не было ніякай інфармацыі пра тое, дзе я і што са мной.

Калі дэталі і месцазнаходжанне ўсё ж удалося высветліць — гэта не вельмі дапамагло. За ўвесь час майго знаходжання ў Жодзіне я не атрымаў ніводнай перадачы: ні прадуктаў, ні цёплых рэчаў, ні зубной шчоткі.

Я нават прапусціў першы дзень нараджэння сваёй дачкі і вярнуўся з каранавірусам. Але я хаця б вярнуўся… Сотні ж беларусаў атрымалі рэальныя тэрміны, а 357 з іх прызнаныя палітвязнямі.

Мяне палохае тое, што арышты ператварыліся ў штодзённасць, сталі руцінай. А за кратамі проста цяпер сядзяць сапраўдныя людзі — гэта іх рэальныя жыцці, гэта паламаныя жыцці іх сем'яў. Ніхто не верне ім гэтага часу, яго ніколі нельга будзе нагнаць. І я не магу змірыцца з гэтым.

Пасля майго вызвалення прайшло ўжо паўгода, але я памятаю кожны дзень, які правёў у Жодзіне. Памятаю камеру, пастаянна уключанае святло, як мы поўзалі на карачках, спалі на падлозе, памятаю твары, абрыўкі фраз. Памятаю кожны з 10 дзён.

Я ведаю, як цяжка цяпер сем'ям палітвязняў. Таму я вырашыў выставіць на аўкцыён свой залаты медаль чэмпіянату Еўропы ў памяшканнях, каб дапамагчы ім. Ён для мяне дарагі — я заваяваў яго, выступаючы з сур'ёзнай траўмай. На размінцы перад самым стартам я ледзь не прыняў рашэнне зняцца са спаборніцтваў, але скрозь боль дайшоў да самага канца і выйграў. Тады было балюча. Але ў сто разоў больш цяпер.

Менавіта таму я таксама ў знак салідарнасці з палітвязнямі вырашыў абвясціць 10-дзённую галадоўку. Я ні да чаго не заклікаю і не раю паўтараць, але мне вельмі цяжка пераварваць гэтую жахлівую беларускую рэальнасць. Ды будзе з намі сіла!» — заявіў спартсмен.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0