Пасля расстрэлу дэманстрацый у суботу паслявыбарчыя пратэсты ў Тэгеране набываюць іншы змест.
«Спачывай у спакоі, Нэда. Свет плача, гледзячы на твой апошні ўздых, але ты загінула не дарэмна. Мы памятаем пра цябе», - запіс пад такой назвай з’явіўся спачатку на Twitter-ы, пасля на новаўтвораным профілі на Facebook’у. Яны пра 27-гадовую Нэду, якая ў суботу загінула ад стрэлу басіджа ў часе дэманстрацыі ў Тэгеране, на якую прыйшла разам з бацькам.
Ёй прысвяцілі старонку і ў расійскай Вікіпэдыі.
У суботу загінулі многія пратэстоўцы, але здымкі акрываўленай дзяўчыны сталі самымі вядомымі. Яе смерць зафіксавалі два мабільныя тэлефоны, і кароткае відэа трапіла ў Інтэрнэт, які іранскаму ўраду ўдалося замарудзіць, але не ўдалося цалкам заблакаваць. Яна стаяла з сваім бацькам на тратуары, калі проста ў грудзі ёй трапіла куля.
Як і большасць сведчанняў пра падзеі ў Іране, гэтыя фільмы належаць невядомым аўтарам і немагчыма спраўдзіць сапраўднае імя, месца і час здарэння. Спачатку паведамлялася, што ёй 16 гадоў, пасля сталі гаварыць пра 27. Асобы, якія размясцілі гэтае відэа ў інтэрнэце, пішуць, што трагедыя здарылася 20 чэрвеня на вуліцы Каргяр, што на фарсі азначае Працоўных. Хто б яна ні была, яна страціла жыццё 20 чэрвеня ў ісламскім Тэгеране...
Страшнае відэа смерці Нэды:
Інфармацыя пра смерць Нэды стала самай каментаванай падзеяй у Твітэры ў суботу. Большасць каментатараў сыходзіцца на тым, што смерць Нэды — і яшчэ дзесяткаў людзей — змяняе характар падзеяў. «Гэта ўжо не выбары, гэта паўстанне», — усё часцей пішуць іранскія інтэрнаўты.
Целы Нэды ўлады аддалі сваякам для пахавання ў панядзелак, парэкамендаваўшы, каб хаўтуры прайшлі ціха і непублічна.
Нягледзячы на крывавыя падзеі суботы, у нядзелю дэманстрацыі прадоўжыліся, хоць і мелі пераважна лакальны характар.
Маніфестанты кантралююць шэраг вуліцаў і плошчаў. Акрамя таго, пратэсты набылі спецыфічна іранскую форму: уначы, у цемры, людзі гукаюць з пляскатых дахаў сваіх хатаў.
Менавіта так адбывалася і ў часе Ісламскае рэвалюцыі. Баі з басіджамі перакінуліся на правінцыйныя гарады, у інтэрнэце апублікаваныя відэа адтуль.
Лідэр апазіцыі Мірхасэйн Мусаві апублікаваў у Facebook’у заклік да ўсеагульнай забастоўкі пратэсту ў выпадку, калі яго арыштуюць.