Следчы камітэт перадаў пракурору для накіравання ў суд крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і яшчэ чатырох чалавек.
У якасці абвінавачаных па крымінальнай справе праходзяць шэсць чалавек.
Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову інкрымінавана:
— арганізацыя масавых беспарадкаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — ад пяці да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі;
— распаўсюд групай асоб па папярэдняй змове матэрыялаў, накіраваных на распальванне сацыяльнай варожасці супраць прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — ад пяці да дванаццаці гадоў пазбаўлення волі;
— пагрозы на адрас старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — да пяці гадоў пазбаўлення волі;
— арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з ужываннем гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі) — да трох гадоў пазбаўлення волі.
Мікалаю Статкевічу выстаўлена абвінавачанне ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Дзеянні абвінавачаных Ігара Лосіка і Віталя Цыгановіча кваліфікаваныя:
— распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці ў дачыненні да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненыя групай асоб (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Беларусі);
— арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады (ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі).
Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.