Перад пачаткам перамоваў з афіцыйнымі беларускімі ўладамі еўракамісар у справе замежных сувязяў Беніта Ферэра‑Вальднер сустрэлася з лідэрамі беларускай апазіцыі і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый.

Яна пагутарыла з А. Лябедзькам, А. Казуліным, С. Калякіным, В. Карняенкам, С Шушкевічам і В. Вячоркам.

Паводле А. Лябедзькі, еўракамісар заявіла як пра галоўную задачу інтэграцыю Беларусі ў Еўропу.

«Яна дакладна ведае сітуацыю ў Беларусі, пералічыла па пунктах, што пазітыўнае было зроблена, але лічыць, што гэта недастаткова, каб цалкам скасоўваць санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Яна абяцала спрыяць таму, каб апазіцыя была ўключаная ў перамоўны працэс наконт зменаў у выбарчае заканадаўства. Яна прызнала, што ў Беларусі застаюцца палітвязні і што гэтае пытанне не закрытае», — распавёў А.Лябедзька.

Апазіцыя прапанавала ЕС выкарыстоўваць наступную стратэгію ў дачыненні да афіцыйнага Менску: крэдыты ў абмен на палітычны дыялог унутры краіны і пашырэнне гандлю ў абмен на свабодныя выбары. Апрача іншага лідэры апазіцыі выказаліся за стварэнне рабочых груп з прадстаўнікоў улады і апазіцыі для супрацоўніцтва ў рамках Усходняга партнёрства і заснаванне інстытута ўпаўнаважанага ЕС па Беларусі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0