Спіс беларускіх малочных прадуктаў, якія імпартуюцца Расіяй, 22 чэрвеня можа быць пашыраны, нягледзячы на не аформленыя ў адпаведнасці з тэхнічным рэгламентам РФ дакументы.

Пра гэта паведаміў РІА Новости кіраўнік Расспажыўнагляда, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Расіі Генадзь Анічшанка.

Раней бакам удалося дамовіцца аб тым, што беларускія вытворцы і пастаўшчыкі будуць паэтапна прыводзіць у парадак дакументацыю на прадукцыю, якая пастаўляецца ў Расію. На гэты перыяд Расспажыўнагляд здымае абмежаванні з некаторых відаў прадукцыі па загадзя ўзгодненым спісе. 18 чэрвеня аднавіліся пастаўкі ў Расію 131 віду малочнай прадукцыі.

«Мы прынялі ад беларускага боку другі, больш пашыраны спіс, працуем над ім. Ёсць шэраг заўваг, мы папрасілі зрабіць удакладненні. Пасля пераправеркі звестак, магчыма, <...> мы павялічым колькасць дапушчаных», — сказаў Г.Анішчанка.

У першай дэкадзе чэрвеня Расспажыўнагляд забараніў увоз практычна ўсёй малочнай прадукцыі з Беларусі, бо вытворцы і пастаўшчыкі не перааформілі дакументы ў адпаведнасці з тэхрэгламентам РФ на малако і малочную прадукцыю. Гэты закон быў прыняты ў чэрвені 2008 года і ўвайшоў у сілу ў снежні. Паводле інфармацыі РІА Новости, у выніку санкцый пад забаронай апынуліся больш як 1,2 тыс. найменняў прадукцыі. Афармленне дакументаў яшчэ на 200 відаў было «замарожана».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0