У Брэсце падчас збору подпісаў пад адозвай да ўладаў аб перайменаванні вуліцы Сцяпана Халтурына ў вуліцу Васіля Быкава былі затрыманы два актывісты Партыі БНФ.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, інцыдэнт адбыўся 21 чэрвеня прыблізна ў 19.30. Актывісты абласной структуры партыі Таццяна Хоміч і Юрый Ганчарук пазванілі ў адну з кватэр дома па вуліцы Кірава. Пажылой жанчыне, якая адчыніла дзверы, яны растлумачылі мэту свайго візіту.

Жанчына прапанавала актывістам зайсці ў кватэру, зачыніла за імі дзверы і схавала ключ у кішэню халата. Пенсіянерка сказала, што ў яе ёсць сяброўка, якая падпішацца пад гэтай адозвай, пасля чаго набрала нумар 102 і паведаміла, што зачыніла ў сябе ў кватэры двух маладых людзей, якія прапанавалі ёй падпісацца пад адозвай.

Супрацоўнікі міліцыі, якія прыехалі па выкліку, адпусцілі Таццяну Хоміч і Юрыя Ганчарука без складання пратаколу.

Брэсцкія актывісты Партыі БНФ пачалі збор подпісаў пад адозвай да ўладаў аб перайменаванні вуліцы Сцяпана Халтурына ў вуліцу Васіля Быкава 19 чэрвеня (у 85‑ю гадавіну з дня нараджэння пісьменніка) і завершаць 22 чэрвеня (у шостую гадавіну яго смерці). Пасля гэтага подпісы (цяпер іх прыкладна 300) разам з адозвай аб перайменаванні вуліцы будуць перададзены ў Брэсцкі гарвыканкам і гарадскі савет дэпутатаў.

Збор вядзецца сярод жыхароў дамоў, што размешчаны па вуліцы Халтурына, а таксама ў прылеглых да яе дамах на вуліцах Кірава, Гогаля і праспекце Машэрава.

Пачаць гэтую акцыю актывістаў падштурхнула тое, што, паводле іх пераканання, Сцяпан Халтурын не мае ніякага дачынення не толькі да Брэста, але і да Беларусі ў цэлым.
Ён вядомы тым, што ў 1880 годзе ўчыніў няўдалы замах на імператара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Санкт‑Пецярбургу. Пры гэтым было забіта 11 і паранена 56 салдат, якія знаходзіліся ў гэты момант каля Зімняга. У 1882 годзе С.Халтурына пакаралі смерцю за ўдзел у забойстве ваеннага пракурора.

Абласной арганізацыяй Партыі БНФ было надрукавана 2 тыс. асобнікаў спецыяльных улётак. У іх яна інфармуе аб тэрарыстычнай дзейнасці С.Халтурына і расказвае аб жыцці і творчасці В.Быкава.

Ларыса Шыганава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0