Сёння ў швейцарскім Ньёне прайшло лёсаванне першых двух кваліфікацыйных раўндаў футбольнай Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы.

Чэмпіён Беларусі барысаўскі БАТЭ пачынае з другога раўнду. Cупернікам беларусаў будзе клуб «Македонія ГП» са Скоп’е.

Матчы пройдуць 14‑15 ліпеня і 21-22 ліпеня. Першы матч БАТЭ згуляе ў гасцях.

ФК «Македонія Гьорчэ Петраў» быў заснаваны ў 1932 г. пад назвай «Хаск», потым зваўся «Рудар». Прафесійны клуб створаны ў 1970 г. пад назвай «Югококта».

З 1990 г. змяніў назву на ФК «Македонія Гьорчэ Петраў» - назва на адбор «Македонія ГП».

Гьорчэ Петраў (Георгі Петраў) - вядомы балгарскі рэвалюцыянер, адзін з заснавальнікаў Македонска-одрынскай рэвалюцыйнай арганізацыі, а таксама аўтар кнігі «Матэрыялы па вывучэнні Македоніі».

ФК «Македонія ГП» гуляе ў Скоп'е, на стадыёне ўмяшчальнасцю 2 500 гледачоў. У сезоне 2008/2009 клуб упершыню стаў чэмпіёнам Македоніі, у сезоне 2007/2008 заняў сёмае месца, у сезоне 2006/2007 - трэцяе.

***

У першым раўндзе Лігі Еўропы, што прыйшла на змену Кубку УЕФА,

МТЗ‑РІПА згуляе з чарнагорскім клубам «Суцьеска» (Нікшыч).

Клуб заснаваны ў 1927 г. Хатнія матчы гуляе на стадыёне «Край Нікшыч», што змяшчае 10 800 гледачоў. У мінулым сезоне заняў у чэмпіянаце Чарнагорыі, што стартаваў тры гады таму, 3‑е месца.

За «Суцьеску», дарэчы, колісь гуляў форвард італьянскай «Ромы» Мірка Вучыніч.

Першы матч 2 ліпеня ў гасцях, 9 ліпеня - у Мінску.

Пераможца двубою ў наступным раўндзе згуляе з данецкім «Металургам». Гэтыя матчы пройдуць 16 і 23 ліпеня.

***

«Дынама» Мінск згуляе ў 1‑м адборачным раўндзе Лігі Еўропы з македонскім клубам «Рэнова», што прадстаўляе вёску Цэпцішчтэ.

Клуб заснаваны ў 2002 г. У сезоне 2008/2009 заняў 3‑е месца. Хатнія паядынкі праводзіць у горадзе Цетава, на гарадскім стадыёне.

Першыя матч - 2 ліпеня ў Мінску, 9 ліпеня - матч у гасцях.

Пераможца гэтай пары згуляе ў наступным раўндзе з нарвежскім «Тромсе» - клубам з-за палярнага кругу. Гэтыя матчы пройдуць 16 і 23 ліпеня.

***

«Нафтан» Наваполацк стартуе з 2‑га раўнду. Яго супернік бельгійскі «Гент», які за сваю больш чым стогадовую гісторыю ніколі не быў чэмпіёнам сваёй краіны.

***

З македонскімі і чарнагорскімі клубамі беларускія раней не сустракаліся. А з бельгійскімі двойчы - у 1987 г. мінскае «Дынама» гуляла ў Кубку кубкаў з «Мехеленам» (1:1, 0:1), а летась БАТЭ - у другім раўндзе Лігі чэмпіёнаў з «Андэрлехтам» (2:1, 2:2).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?