Музей Быкава сустракаў гасцей накрытым сталом ды гучнай музыкай. «Прэса прыехала» — камусьці па тэлефоне перадала жанчына пра аўтобус з журналістамі ды актывістамі «Руху за Свабоду».

Дзеці ў піянерскіх гальштуках сталі саромецца ды хавацца адзін за аднаго.

Няёмка было і нам. Руская народная музыка ды жанчыны ў хустачках, павязаных ва ўкраінскіх традыцыях, піянерскія гальштукі ды маленькі хлопчык у вайсковым строі.

Калі б на хаце не вісела шыльда «Сядзіба‑музей Васіля Быкава», было б цяжка зразумець куды мы трапілі.

«Як толькі «вялікія госці» прыедуць усе пачнецца», казалі ў кулуарах.

Не зразумела было толькі каго чакаюць. Спадарыня Валянціна, сястра Васіля Быкава ўжо тут. Рыгор Барадулін таксама сядзіць на прызбе хаты свайго сябра. Ды й гасцей сабралося больш за паўсотні. А свята ўсё не пачынаецца.

Аказалася, што не хапала чыноўнікаў з райвыканкама.

І як толькі яны прыехалі, усіх запрасілі да імпразаванай сцэны. Прадстаўнікі піянерскай дружыны імя Васіля Быкава Кубліцкай сярэдняй школы прачыталі некалькі вершаў пра народнага пісьменніка. Віктар Праўдзін, першы сакратар афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў узнагародзіў музей дыпломам «за актыўны удзел у прапагандзе беларускай літаратуры і захаванне памяці народнага пісьменніка».

Далі слова і сястры Васіля Быкава. Спадарыня Валянціна пачала расказваць пра дзяцінства брата, тое, як ён любіў родную вёсачку. Але доўгія размовы пра самога Быкава не ўваходзілі ў план мерапрыемства.

Мікрафон у Валянціны забралі і аб’явілі, што ёсць 10 хвілін на наведванне музею і свята скончана.

Жанчыны прыбралі талеркі з прысмакамі ды патэльні, гукааператары хуценька склалі апаратуру, паселі ў машыны - ды з’ехалі працягваць свята ў Доме культуры.

Ля музею засталіся сябры й блізкія Васіля Быкава, а таксама неафіцыйныя госці.

Свята працягвалася, але ўжо ў іншым фармаце.

Было сказана шмат цёплых і добрых словаў пра Васіля Быкава. Падзяліўся сваімі ўспамінамі пра пісьменніка і Рыгор Барадулін.

А потым намеснік старшыні Руху За свабоду Віктар Карняенка ўручыў прэмію «За свабоду думкі» маcтаку Алесю Пушкіну.

«Я зразумеў выбар журы так, што тут не ў Пушкіне справа. Тут справа ў чалавеку, які скончыў свой ВНУ, вярнуўся да свайго народа, жыве са сваім народам, малюе ў храмах, ладзіць Купалле, Каляды. Тут журы напэўна абрала проста шлях жыцця. —дзеліцца ўражаннямі Алесь Пушкін. — Мне здаецца, што проста вось так жыць, быць аптымістам, кожны дзень бачыць дзетак, кожны дзень нешта прыдумваць творчае, быць свабодным абсалютна ад вось гэтага непрыемнага, што пануе у нашай краіне, не забываць ідэалы 25 сакавіка, размаўляць у сям’і і з іншымі людзьмі па‑беларуску, за мяжой прадстаўляць яе культуру, хваліць Беларусь, рабіць прыгожыя пра яе ўражанні, дзе б ты не быў. Вось так я зразумеў, што за гэта і даецца прэмія».

Перад прысутнымі выступілі мастак Алесь Марачкін, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, бард Андрэй Плясанаў, а таксама кіраўнік Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі.

А потым усіх запрасілі ў сядзібу‑музей на дыктоўку. У маленькай хаце нехта сеў на ложку Быкава, і за абедзеным сталом ды проста на падлозе. Сядалі, каб паслухаць словы Васіля Быкава пра вольнасць ды свабоду з вуснаў Рыгора Барадуліна ды Зінаіды Бандарэнка.

Завяршылася свята ў гонар Васіля Быкава сяброўскай вячэрай пад адкрытым небам.

Настасся Шамрэй

 Гэта не здымкі працягу «Вяселля ў Малінаўцы», а свята Быкава.

Гэта не здымкі працягу «Вяселля ў Малінаўцы», а свята Быкава.

 Злева за піянерамі - навуковец Радзім Гарэцкі і краязнавец Антон Астаповіч.

Злева за піянерамі - навуковец Радзім Гарэцкі і краязнавец Антон Астаповіч.

 Рыгор Барадулін.

Рыгор Барадулін.

 Аляксей Кавалец, лаўрэат Алесь Пушкін і намеснік старшыні Руху за Свабоду Віктар Карняенка.

Аляксей Кавалец, лаўрэат Алесь Пушкін і намеснік старшыні Руху за Свабоду Віктар Карняенка.

 Зінаіда Бандарэнка чытае ўрывак з «Доўгай дарогі дадому». Злева - Рыгор Барадулін.

Зінаіда Бандарэнка чытае ўрывак з «Доўгай дарогі дадому». Злева - Рыгор Барадулін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0