Фота БЕЛТА

Фота БЕЛТА

Беларусь не можа без супрацоўніцтва з Еўропай «далей развіваць эканоміку», заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з эўракамісарам Бэнітай Фэрэра‑Вальднэр.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаў гатоўнасьць адказаць на «нязручныя пытаньні» падчас сустрэчы з камісарам Эўразьвязу па замежных сувязях і палітыцы суседзтва Бэнітай Фэрэра‑Вальднэр.

А.Лукашэнка выказаў спадзяваньне, што спадарыня Вальднэр «не пашкадуе, што прыехала ў Беларусь», і выказаўся за «абсалютна чэсную і шчырую размову».

«Ёсьць палітыкі, якія лічаць што Лукашэнка вядзе нейкую гульню з Эўропай, што ён такі‑сякі і ён нічога не зьбіраецца мяняць у краіне і ў стасунках з Эўропай. За ўсе гады прэзыдэнцтва я ніколі не дазволіў сабе паводзіцца нячэсна. Можа, я не падобны да дыплямата ў белай сарочцы, але лічу, што палітыка павінна мець шчыры характар. Нават калі табе сёньня нязручна, то лепш сказаць праўду, бо праз пэўны час усё роўна выявіцца хлусьня, і з сытуацыі будзе выходзіць вельмі складана», — адзначыў А.Лукашэнка. — «Чаго мы хочам ад Эўропы? Мы хочам, каб вы разумелі, што Беларусь — ня толькі геаграфічны цэнтар гэтага кантынэнту, што тут жывуць вельмі прыстойныя, чэсныя, працавітыя людзі, што тут існуе сувэрэнная незалежная дзяржава. Гэта вялікая каштоўнасьць любога народу, і рабіць замах на сувэрэнітэт і незалежнасьць, як бы гэта некаму ні хацелася, мы дазволіць ня можам. Мы хацелі б нармальных стасункаў з эўрапейскім кантынэнтам».

Паводле А.Лукашэнкі, Беларусь ня можа без супрацоўніцтва з Эўропай «далей разьвіваць эканоміку». Апроч таго, «фінансавыя рэсурсы, крэдытаваньне, фінансаваньне — таксама для нас найважнейшы фактар».

Бэніта Фэрэра‑Вальднэр заявіла, што гэта першы візыт эўракамісара ў Беларусь. На гэта А.Лукашэнка сказаў: «Дай Бог, не апошні».

Паводле спадарыні Вальднэр, гэты візыт сымбалізуе наяўнасьць патэнцыялу, якія існуе ў стасунках ЭЗ зь Беларусьсю.

«Мы знаходзімся на скрыжаваньні дарог у Эўропе. Наша ўзаемадзеяньне павінна ісьці вуліцаю з двухбаковым рухам. Калі такі рух будзе з вашага боку, то патэнцыял, які існуе ў нашых стасунках, будзе рэалізаваны. Краіны‑сябры ЭЗ раней зьвярнуліся да Беларусі з заклікам пра выкананьне шэрагу просьбаў. Некаторыя зь іх былі выкананы, і гэтыя крокі дазволілі эўрапейцам пераасэнсаваць свае падыходы да вашай краіны.

Мы таксама вымушаны канстатаваць, што некаторыя пажаданьні ўсё яшчэ ня выкананы.
Я хацела б падкрэсьліць, што калі будзе жаданьне з вашага боку, то будзе і гатоўнасьць з нашага боку наладжваць наша супрацоўніцтва», — заявіла Б.Фэрэра‑Вальднэр.

Падчас сустрэчы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым спадарыня Вальднэр адзначыла, што ацэньвае свой візыт «як вельмі важны і сымбалічны крок. Гэта першы ў гісторыі візыт эўракамісара ў Беларусь».

С.Мартынаў заявіў пра гатоўнасьць абмеркаваць усе кірункі супрацоўніцтва з ЭЗ.

Падчас візыту бакі маюць намер абмеркаваць найперш удзел Беларусі ў праграме «Ўсходняе партнэрства». Чакаецца, што падчас візыту ў Менск спадарыня Вальднэр абвесьціць пра выдзяленьне Беларусі 10 мільёнаў эўра на праграму павышэньня якасьці прадуктаў харчаваньня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?