Але ўжо 29 красавіка стала зразумела, што канал захоплены. У канале пачалі з’яўляцца кпіны з апазіцыі ў духу «Жоўтых зліваў». Людзі пачалі масава адпісвацца — за два дні аўдыторыя абрынулася з 30 тысяч падпісантаў да 13 тысяч і працягвае змяншацца.

Пры гэтым асоба адміна так і заставалася таямніцай. Раней ён даваў інтэрв’ю, але выключна інкогніта. Пра сябе казаў толькі, што працуе рабочым, клічуць Сяргеем, трохі за 30 гадоў.

Але ў захопленым канале новыя адміны не ўстрымаліся ад кпінаў з яго — ужо былога — аўтара. Там з’явіўся допіс з наступным тэкстам:

«Знаёмімся з былым жартаўніком і ўладальнікам нашага канала. Для пачатку, вось вам інфармацыя аб яшчэ двух рэсурсах, якія ён вядзе. Пакуль гэты патрыёт нацык вельмі заняты, таму інтэрв'ю з ім будзе пазней. Ужо можна пачынаць жартаваць…»

Да допісу далучылі два скрыншоты — адзін з нейкага канала на 18 чалавек, другі — з тэлеграм-канала «Бес Понятия». У абодвух былі раней размешчаныя карцінкі нацысцкага кшталту. 

Выглядае, што сілавікі затрымлівалі мужчыну за зусім іншыя каналы — а выпадкова натрапілі яшчэ і на самага папулярнага беларускага гумарыста.

«Наша Ніва» высветліла, што 28 красавіка ў Мінску быў затрыманы нехта Сяргей Буевіч. Мужчыну 36 гадоў. Працуе кладаўшчыком у лагістычным цэнтры. Яго якраз і абвінавацілі ў размяшчэнні нацысцкай сімволікі ў вышэйназваных каналах.

У распараджэнні «Нашай Нівы» ёсць аўдыязапіс з пасяджэння па справе Буевіча. Яно праходзіла ў судзе Фрунзенскага раёна.

Падчас разгляду справы паведамлялі, што ён «у нявызначаны перыяд часу, знаходзячыся ў неўстаноўленым месцы, размясціў у тэлеграм-канале «Бес Понятия» фота з выявай, што дэманструе нацысцкую сімволіку, кампазіцыю ў выглядзе выявы герба СС …Трэцяга рэйха, чэрап з косткамі на фоне чорнага колеру… Тым самым ажыццявіў публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі». Гэты факт быў выяўлены 20.04.2021 у 16:00 падчас вывучання тэлеграм-канала «Бес Понятия» сілавікамі.

Днём 28 красавіка Буевіча затрымалі на вуліцы Кальварыйскай. «Ён аказаў непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікам унутраных спраў, упіраўся, сядаў на зямлю». 

Буевіч патлумачыў: выявы былі размешчаныя ім яшчэ ў 2019 годзе «ў якасці жарта».

«На той момант было каля 60 падпісчыкаў, я не разглядаў гэта як дэманстрацыю. Віну прызнаю», — паведаміў Буевіч. Прызнаў ён віну і ў эпізодзе з непадпарадкаваннем міліцыі, патлумачыўшы, што «быў у стане стрэсу і таму неадэкватна адрэагаваў».

Суддзя Ярохіна прызнала Буевіча вінаватым па абодвух артыкулах: і ў дэманстрацыі нацысцкай сімволікі, і ў непадпарадкаванні. Сяргей атрымаў 25 сутак арышту.

Ці будуць нейкія наступствы за сатырычныя допісы, пакуль невядома.

«Я не шукаю славы. Я добра ведаю, дзе жыву, выдатна разумею, што жарты ў Беларусі можна кваліфікаваць як спробу дзяржаўнага перавароту. Гэта не жарт, хоць і выглядае як жарт, — казаў тады яшчэ таямнічы адмін «Советской Белоруссии» ў інтэрв’ю «Нашай Ніве». — Можа, вы дачакаецеся майго прозвішча ў адной са зводак МУС ад прэс-сакратаркі Вольгі Чамаданавай».

Пакуль што ў зводках прозвішча Буевіча не гучала. Але ж у сённяшняй Беларусі такія рэчы робяцца звышхутка. Ці быў гатовы да затрымання сам гумарыст? У іншым інтэрв’ю ён па-філасофску казаў: «Я беларус, а значыць, па змаўчанні вінаваты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0