На днях гімнастка Меліціна Станюта выклала ў Instagram фота, прызначаныя, мяркуючы па подпісе, для ўкраінскай версіі часопіса Playboy. Што ж, не так адкрыта, як бывае ў гэтым выданні, але эстэтычна!

Гэта далёка не першы выпадак, калі дзяўчаты з белспорту або яго атачэння здымаюцца для мужчынскіх часопісаў — так, і для Playboy таксама. 

Вікторыя Азаранка

У 2009-м тады яшчэ 19-гадовая тэнісістка, якая толькі ўвайшла ў сусветны топ-10, засвяцілася ў французскай версіі часопіса для мужчын FHM. Азаранка казала, што ёй спадабаўся працэс, але трэба было строіць з сябе манекен, што было цяжка. Магчыма, таму ў настолькі адкрытых фотасесіях тэнісістка больш не здымалася, нават калі стала чэмпіёнкай турніраў Вялікага шлема і першай ракеткай свету.

Дар’я Домрачава

Біятланістка, у кар’еры якой мноства ўзнагарод, карысталася папулярнасцю сярод фатографаў беларускіх глянцавых часопісаў. У 2010-м бронзавая медалістка Ванкувера засвяцілася на вокладцы Pingouin.

А ў 2015-м ужо трохразовая чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў стала тварам нумара Dolce Vita.

 

У 2016-м Домрачава падзякавала за работу і выдатную вокладку часопісу Fashion Collection. Праўда, заўзятары заявілі, што не пазнаюць спартсменку на фота пасля апрацоўкі. 

Вольга Барабаншчыкава

Вядомую тэнісістку падчас кар’еры пастаянна ўключалі ў топы красунь яе спорту, і нядзіўна, што яна атрымала прапанову здымак ад Playboy. Але на гэта спартсменка не пагадзілася: не хацела агаляцца цалкам. Але яркія фотасесіі ў Барабаншчыкавай усё роўна ёсць. Адна з іх — для мужчынскага часопіса XXL у 2010-м.

 

Аляксандра Вітус

Вядомая па прозвішчы Сокал некалі футбалістка і ўладальніца Кубка Беларусі, завяршыўшы кар’еру з-за траўмы, сышла ў мадэльны бізнэс праз прыклад старэйшай сястры — і цалкам паспяхова, адразу выйграўшы конкурс з прызам у выглядзе здымак для часопіса XXL. Прычым фотасесія ў Сокал прайшла з вядомым расiйскім шоўменам Цімурам Радрыгезам.

Дзяўчыне прапаноўвалі зняцца для Playboy, аднак да фота без бялізны яна аказалася не гатовая. Гэта не перашкаджала з’яўляцца ў іншых часопісах — вось, напрыклад, бэкстэйдж вобразу для беларускага Icon з 2015 года. 

Даша Март

Жонка экс-брамніка «Юнацтва» Аляксандра Барадулі не саромеецца пікантных здымкаў. І вось яна якраз трапіла ў Playboy — а канкрэтна ў мексіканскую версію часопіса за студзень 2020-га.

 

Анастасія Касянкова

Былая жонка Аляксандра Глеба пазнаёмілася з мужам у 2006-м якраз на яскравай фотасесіі для часопіса — абаіх угаварыў на яе былы аўтар «Прэсбола» Сяргей Шчурко. Па словах Касянковай, Глеб пазней прызнаўся, што яму было цяжка адолець юрлiвасць на здымках.

А ў 2014-м, ужо пасля разводу з футбалістам, спявачка і мадэль заняла вокладку часопіса хакейнага «Дынама». Інтэрв’ю да фотасесіі рабіў усё той жа Шчурко.

Ганна Седакова

Першая жонка Валянціна Бялькевіча ўжо ў юным узросце стала вядомай спявачкай і працягвае заставацца папулярнай да гэтага часу, таму здымак у часопісах у яе было вельмі шмат. Яна і сама любіла фотасесіі — настолькі, што для часопіса Maxim у 2004-м пазіравала на чацвёртым месяцы цяжарнасці. Бялькевічу такая актыўнасць была не даспадобы, і здымкі сталі адной з дэталяў, сукупнасць якіх не дазволіла сям’і доўга існаваць.

Здымалася артыстка і ў больш адкрытым стылі. А на вокладку расiйскага Playboy трапляла мінімум тры разы — адзін з іх быў яшчэ падчас жыцця з Бялькевічам, а самы свежы датаваны канцом 2019-га. 

Вольга Хіжынкова

Экс-прэс-сакратар брэсцкага «Дынама» — сімвал дабрыні і любові да людзей, перанесенай праз усе выпрабаванні, нават калі гэта 42 сутак за кратамі ва ўмовах катавання. Так што большасць фотасесій Вольгі — гэта пра пяшчоту, а не эротыку. Але сярод іх можна вылучыць здымку для часопіса Icon у канцы 2014-га. Здаецца, вышыванка яшчэ ніколі не выглядала так горача!

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?