Напярэдадні стала вядома, што прыняцце чацвёртага пакета санкцый супраць Беларусі адкладаецца да чэрвеня, хоць раней гаворка ішла пра 10 мая. Прычына, як пісалі СМІ, у тым, што пакет дакументаў проста не паспелі падрыхтаваць.

Петэр Стана тлумачыць, чаму не паспелі — паміж краінамі-чальцамі ЕС ідуць дыскусіі наконт таго, хто з персаналій павінен быць у санкцыйным спісе і наколькі санкцыі павінны быць маштабнымі. Праца яшчэ працягваецца, і, па словах Стана, няма пэўнага тэрміну, да якога санкцыі павінны быць прыняты і абвешчаныя.

— Дазвольце мне, перш за ўсё, падкрэсліць, што ЕС цвёрда стаіць на баку народа Беларусі. Менавіта таму мы не мірымся з працяглымі рэпрэсіямі і парушэннямі асноўных свабод і правоў чалавека грамадзян краіны. Санкцыі будуць падрыхтаваны і канчаткова зацверджаны пасля таго, як завершацца дыскусіі паміж краінамі-членамі ЕС, і ўсе краіны-члены пагодзяцца з іх маштабам і ўсімі, хто павінен быць падвергнуты санкцыям, а таксама пасля завяршэння ўсіх неабходных працэдур. Гэта працэс, які не мае загадзя вызначанай даты і заўсёды займае некаторы час, паколькі ўсе спісы (роўна рашэнні аб санкцыях у дачыненні да канкрэтных людзей або арганізацый) павінны мець надзейнае юрыдычнае абгрунтаванне, падмацаванае адпаведнымі доказамі, і аднагалосную згоду па іх усіх 27 дзяржаў-членаў ЕС. Мы спадзяёмся, што гэты працэс будзе завершаны ў найбліжэйшы час, — сказаў Петэр Стана.

У той жа час Еўрасаюз, як падкрэсліў яго прадстаўнік, заклікае ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіі, якія яшчэ працягваюцца, і ўключыцца ў інклюзіўны агульнанацыянальны дыялог для пошуку выхаду з бягучага крызісу, каб правы народа былі выкананыя, а яго голас і выбар адносна кіраўніцтва краінай былі пачутыя.

З кастрычніка 2020 года ЕС увёў ужо тры пакеты санкцый.

У першым, які быў прыняты 2 кастрычніка, значыліся 40 беларускіх афіцыйных асоб — сілавікоў (прадстаўнікоў МУС і КДБ) і сябраў ЦВК, у дачыненні да якіх былі ўведзеныя персанальныя абмежаванні.

Другі пакет санкцый быў прыняты 6 лістапада: Еўрасаюз увёў абмежаванні ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і 14 высакапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку памочніка прэзідэнта Віктара Лукашэнкі, кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сяргеенкі, кіраўніка КДБ Івана Церцеля, начальніка Следчага камітэта Івана Наскевіча, кіраўніка ААЦ Андрэя Паўлючэнкі, прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант і іншых.

17 снежня Еўрасаюз прыняў трэці пакет санкцый. У спіс увайшлі 29 фізічных і сем юрыдычных асоб, у тым ліку ААТ «140-ы рамонтны завод», ААТ «Агат — электрамеханічны завод», ААТ МЗКЦ, ЗАТ «Белтэхэкспарт», Дзяржаўная ўстанова «Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне», Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, Dana Holdings і ТАА «Сінезіс».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0