Міжнародны валютны фонд падтрымлівае рашэнне Беларусі аб пашырэнні калідора ваганняў абменнага курсу.

Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыс Джарвіс заявіў у Вашынгтоне: «Мы падтрымліваем рашэнне Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь аб пашырэнні калідора абменнага курсу з плюс/мінус 5% да плюс/мінус 10%. Пашырэнне калідора павышае гнуткасць рэжыму курсаўтварэння, што дазволіць Беларусі лягчэй адаптавацца да знешніх шокаў».

«Нядаўняе паступовае аслабленне абменнага курсу ў межах калідора палепшыць стан плацежнага балансу Беларусі.

Прынятае на мінулым тыдні рашэнне Нацбанкам аб павышэнні працэнтнай стаўкі па крэдытах овернайт для камерцыйных банкаў таксама было станоўчым крокам, які садзейнічае стабільнасці эканомікі і абменнага курсу», — сказаў Джарвіс.

У студзені 2009 года фактычная прывязка курсу да долара ЗША была заменена прывязкай да кошыка валют. У склад кошыка валют уваходзяць долар ЗША, еўра і расійскі рубель, прычым кожная валюта мае роўную вагу.

Раней паведамлялася, што пашырэнне межаў калідора валютнага кошыка да 10% з’яўляецца адным з патрабаванняў МВФ для выдзялення другога траншу крэдыту, аднак гэтая інфармацыя афіцыйна не пацвярджалася.

Між іншым, незалежныя эканамісты лічаць, што калідор вагання курсу рубля будзе пашырацца яшчэ не раз.

Так, у прыватнасці, лічыць кіраўнік Навукова‑даследчага цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук. «Для гэтага ёсць макраэканамічныя падставы», — заявіў ён, каментуючы БелаПАН рашэнне Нацбанка.

«Паступовая дэвальвацыя рубля відавочная, — лічыць эксперт. — Нацбанк рэагуе на сітуацыю на валютным рынку, пры экспартных пастаўках, а таксама на магчымасць атрымання замежных крэдытаў і інвестыцый. Замежных інвестыцый не хапае, валюты ў краіне мала. Для таго каб прыняць гэтыя факты і не палохаць суб’екты эканамічнай дзейнасці, Нацбанк прыняў рашэнне аб пашырэнні валютнага калідора».

Паводле меркавання Раманчука, «улады трымаюць курс на паступовую пакрокавую дэвальвацыю і разавага шокавага рашэння не будзе».

«Да верасня мы будзем назіраць паступовае аслабленне рубля і прывядзенне яго да курсу, што складваецца пры здзелках на прыватным рынку, — 3.300 рублёў за долар», — прагназуе ён.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0