Фота Андрэя Лянкевіча

Карэспандэнты «НН» пабывалі ў наймалодшага зь беларускіх палітвязьняў.

Магілёўская «хімія» месьціцца ў раёне рабочых інтэрнатаў. толькі заўважыўшы краты на вокнах зразумееш, што палову аднаго з гэтых шэрых савецкіх будынкаў займае пэніцыярная ўстанова. У другой палове жывуць свабодныя людзі. Два сьветы пад адным дахам, два ўваходы з розных бакоў.

Усярэдзіну наведнікаў не пускаюць, сустракацца з «хімікамі» можна ў альтанцы перад ганкам. Там мы і знайшлі Артура. Абапал яго сядзелі дзьве прыгажуні: сяброўкі-магілёўкі прынесьлі клубніцаў.

Мясцовыя юнакі і юначкі прыходзяць на праспэкт Пушкіна, 65 штодзень. А вось з сталіцы мы наведаліся да Артура першыя. «Колькі чалавек прыйшло падтрымаць Казуліна ў суд?» – было першае Фінькевічава пытаньне. Кароткахвалёвага прымача, па якім ён мог бы слухаць «Свабоду», у яго пакуль няма. Няма й тэлевізарчыка. Дарэчы, Артур не адмовіўся б, калі б хтосьці з магілёўцаў падкінуў які старэнькі «Сапфір».

У адным пакоі з Артурам жывуць яшчэ двое. 40-гадовы магілёўскі шафёр, які ўчыніў дэбош у краме, і 20-гадовы хлопец з Быхава -- раней судзімы. Гэты сядзіць за галабурду: прабраўся да свайго непрыяцеля дахаты, выбіўшы шыбу, і наклаў на кухні кучу.

Пакой памерам мэтраў дзесяць. Душа й туалета, вядома, няма. За такую «кватэру» з Артура будуць вылічваць па 20 тысячаў на месяц.

Кантынгент на гэтай «хіміі» пераважна тутэйшы, магілёўскі. Зь Менску тут ўсяго пяць чалавек, у тым ліку тры – зь Фінькевічавай Чыжоўкі.

Па рэжыме гэта адна з самых строгіх «хіміяў» у краіне, амаль як калёнія. Дзякуй Богу, што хоць крымінальная гіерархія ў турмах развальваецца. Гэтая савецкая спадчына ў незалежнай Беларусі адмірае, прыкладна як і дзедаўшчына ў войску.

Калі Артура трымалі на Валадарцы, аднойчы яго паказалі па БТ на мітынгу з мэгафонам, дык ён стаў героем камэры.

Вядома ж, і тут на «хіміі» ўсе ў курсе, што Артур палітычны. Усіх уразілі чамаданы, зь якімі ён прывалокся, здумляюць штодзённыя наведнікі. Нампаліт жорстка засьцерагае Артура ад любых формаў палітычнай агітацыі. А ну ж самаарганізуюцца?!.. А тут яшчэ ў суседнім з «хіміяй» будынку пражывае вядомая актывістка Плошчы Крысьціна Шацікава.

«Краіна зьмянілася, пакуль я сядзеў на Валадарцы. Я быў у шоку, колькі людзей на вуліцах носяць значкі «За Свабоду». Нават брат майго дзеда, адстаўны генэрал КДБ, слухае цяпер радыё «Свабода».

Аднак ня ўсё ў цяперашнім стане беларускага дэмакратычнага руху Артуру даспадобы. «Людзі, што маглі прыносіць карысьць, разьехаліся зь Беларусі», -- з горыччу кажа ён. І прыводзіць прыклад Барыса Гарэцкага, былога прэс-сакратара Маладога Фронту. Але Гарэцкага яшчэ можна зразумець – над ім даўлела крымінальная справа. Кепска, што сярод стыпэндыятаў праграмы імя Каліноўскага шмат людзей, якім зусім нічога не пагражала.

«Зубры» няправільна зрабілі, самараспусьціўшыся, мяркуе ён. «Бунт», на ягоную думку, ня мае пэрспэктываў: большасьць яго сяброў уцякла з краіны пасьля першага ж ціску…

Артур мае права даваць ацэнкі.

У Маладым Фронце Фінькевіч з 2001 году. У арганізацыю ён прыйшоў сам. Шукаў яе, бо ня мог цярпець прыгнёту беларушчыны. Ягоныя бацькі ў 1994-м галасавалі за Пазьняка. А сам ён, дзесяцігадовае дзіця, плакаў пасьля рэфэрэндуму 1995 году, калі здавалася – Беларусі канец.

Гэтакжа знаходзілі арганізацыю і ягоныя калегі. Зьміцер Дашкевіч у 2001 годзе прыехаў з Горадні, каб адшукаць «зуброў». Блукаў па вялізным незнаёмым Менску, блукаў, шукаў, шукаў – не знаходзіў. Урэшце на вуліцы Варвашэні пабачыў на адным з дамоў бел-чырвона-белы сьцяг. Зайшоў – а там Севярынец…

«Мы штогод з Дашкевічам сустракаліся на сутак 10-15 на Акрэсьціна. Там усе нашы стратэгіі й тактыкі абмяркоўваліся», -- успамінае Артур, нібы даўняе мінулае. Тут іншы сьвет, тут іншы клопат.

Цяпер акурат вырашаецца, на якую працу Фінькевіча пашлюць. Артур два гады адвучыўся па спэцыяльнасьці «Міжнародныя адносіны», але такой працы яму ў Магілёве дакладна ня сьвеціць. Першыя ягоная адукацыя – мясьнік. Аднак і сякеру «хіміку» не давераць. Найхутчэй што Артура чакае некваліфікаваная праца на будоўлі. Будоўля-турма-будоўля-турма…

Артур характэрна падціскае вусны. Яму нялёгка тут. Яму 21 год.

Натхняе хіба тое, што прэстыжная ўкраінская Кіева-Магілянская акадэмія прыняла яго на дыстанцыйнае навучаньне. Ён зьбіраецца штудзіраваць падручнікі і здаваць экзамэны пісьмова. Ён марыць калісьці паслужыць Беларусі ў якасьці дзяржаўнага чыноўніка. Калі краіне будуць патрэбныя ўрадоўцы-патрыёты. Што прывезьці? Кніг, кніг, часопісаў! – просіць ён.

У верасьні чакаецца чарговая амністыя. Калі Артур падпадзе пад яе, ён мае шанцы вызваліцца ўжо ў сьнежні.

Вые сырэна. Гэта значыць: 19.00. Час спатканьняў скончаны. Вязьняў зьбіраюць на вечаровае шыхтаваньне.

Артур паціснуў нам рукі, двойчы паціснуў, а мы яшчэ хвіліну стаім. Глядзім на ягонае акно – трэцяе справа на другім паверсе.

Над альтанкаю для спатканьняў плешча лісьцем клён. Верыцца, што праз сто гадоў гэтых пачварных савецкіх шэрых будынкаў ня стане, а клён будзе шумець, і пад ім пакладуць валун: «Тутака ў 2006 адбываў катаргу змагар за свабоду Беларусі Артур Фінькевіч. Пад гэтым дрэвам ён сустракаўся зь людзьмі, якія яго адведвалі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?