Грамадства

Зміцер Дашкевіч пра тое, чаму рэжыму засталося нядоўга: У РУУСе сядзіць амапавец і рохкае па-парсючынаму

Грамадскі актывіст, у мінулым лідар «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч адбыў 20 сутак арышту за вахту памяці ў Курапатах.

Ад моманту прэзідэнцкіх выбараў гэта ўжо трэці адміністрацыйны арышт Змітра, агулам ён адсядзеў за гэты час 50 сутак. Сваімі ўражаннямі ад зняволення, а таксама аб бягучай палітычнай сітуацыі Дашкевіч падзяліўся з «Нашай Нівай».

«Сядзелася вельмі весела. Мабыць, найбольш весела за ўсе суткі, якія я памятаю. Хоць самі яны прыдумалі закон, паводле якога асуджаным па адміністрацыйных артыкулах трэба даць матрац, коўдру, падушку, дазволіць кнігі, лісты, перадачы, але і самі не выконваюць. Калі ў кастрычніку мяне закрывалі і я сядзеў у гэтай бетоннай катоўні, то тады сістэма катавала людзей выбарачна — хто больш вядомы, хто больш шкоды нарабіў. Гэта тычылася тады адзінак, цяпер — усіх.

Са мной сядзелі людзі з Новай Баравой, да іх прыходзілі дадому а 9, 10, 11 вечара. Чым не 1937-ы год? Як у гады вайны ствараліся гета па нацыянальнай прыкмеце, так цяпер улады стварылі гета па палітычным артыкуле 24.23. Прыязджаюць нейкія праверкі ў ізалятар, пытаюцца, колькі палітычных тут. Гэтых людзей пазбавілі матрацаў, ліставання, перадачаў.

Але і гэтага мала! Яны прыдумалі па два разы за ноч падымаць. Кладзешся спаць а 22-й, а ўжо праз гадзіну пад’ём, мусіш шыхтавацца, называць сваё імя. Кладзешся зноў спаць — а другой ночы пад’ём і тая самая працэдура. Дзіўна яшчэ, што а чацвёртай такой працэдуры не было.

На нарах забаронена нават сядзець. У Жодзіне, дзе трымаюць палітычных, нары жалезныя і падлога бетонная. Камеры перанаселеныя ў два-тры разы. Сядзець можна толькі на бетоннай падлозе. Атрымаеш ежу — капусту, залітую кіпнем — ясі яе як быдла на падлозе. У той жа час мы чуем, як у іншых камерах кажуць: «Скруціце матрацы». Калі нам траплялі людзі з камер не для палітычных, то яны казалі, што ў іх усё ёсць — бялізна, кнігі. Як толькі засяляюць палітычных, то адразу забіраюць.

2021 год. Геаграфічны цэнтр Еўропы. Вязням можна чытаць кнігі толькі 30 хвілін у суткі. Задумайцеся толькі! Ты не ведаеш час. Пытаешся аб 11-й пра кнігі: рана! Потым: позна, час ужо прайшоў! Калі вырвеш раз у тыдзень кнігу, то стане ў цэнтры камеры чалавек, пачытае ўсім. Кнігі ўвогуле забаронена перадаваць, калі раптам нейкая трапіць, то яны, як і лекі, проста валяюцца ля камер на падлозе.

Забаронена Біблія. Нават у гэтых правілах для гета напісана, што трыццаць хвілін можна чытаць, дык чаго вы забіраеце Біблію. Калі пачынаеш скардзіцца, то табе адказваюць: ідзі ў Міністэрства ўнутраных спраў на Гарадскі Вал. А што яны мне там скажуць? Яны ж самі гэтыя правілы прыдумалі. У пракуратуры — тыя самыя. У Царкву можна было б паскардзіцца, але ўладу маючая царква служыць [самі ведаеце каму].

Колькі я на зонах быў, этапаў пераездзіў, дык там да маньякаў, да самых страшных злачынцаў так не ставяцца, як у Жодзіне да палітычных. Кожны ранак расцяжкі, расцягваюць так, што ў людзей ногі баляць, кагосьці дубасяць, крыкі чуваць пастаянна. Проста неймаверна.

Не дай бог цяпер у Жодзіне будуць садзіць людзей, якія летам выйдуць кудысьці ў шортах і майках, ты ж там павінен легчы на жалезныя нары. І цябе ўначы будуць шыхтаваць, а ўдзень будзеш сядзець на бетоннай падлозе.

Спачатку сядзелі са мной толькі палітычныя, а потым сталі падсяляць па камерах нейкіх крымінальных паўаўтарытэтаў, каб ствараць канфліктныя сітуацыі. У прынцыпе, усе людзі адэкватныя і разумеюць усё. На Скарыны (там знаходзіцца ІЧУ Мінскага раёна — «НН») падкінулі былі валацугу, вельмі смярдзючы і вошы могуць быць. Падкідаюць такога ў камеру на чатыры чалавекі сямнаццатым. Робіцца ўсё мэтанакіравана.

І так хто б прасіўся ў турму, калі можаш атрымаць 15, 20, 30 сутак. Але гэтага мала! Трэба катаваць людзей усімі магчымымі сродкамі. Чым кіруюцца людзі, я не ведаю.

Я помню, што спачатку з Новай Баравой ехалі людзі за сцягі ў вокнах, потым — за сардэчкі ў вокнах, а апошні раз заязджалі за налепкі «Перамога» на паштовай скрыні. Сядзелі дырэктары фірмаў, кіраўнікі кампаній, айцішнікі. Заязджаеш у камеру «бандытаў», а там ніхто не курыць нават! І гэта галоўныя ворагі рэжыму.

Я сядзеў у значна больш змрочныя часы. У 2006 і 2010 нам пагражалі ад 25 гадоў да расстрэлу. Цяпер мы бачым відавочны світанак, сонца ўздымаецца. Гэта ўсё няпроста, складана, але вельмі лагічна. Яно не магло быць інакш, у мяне не было ілюзій, яно не магло атрымацца за дзень ці за тыдзень. Гэта шлях нацыі, якая нарадзілася наноў. Чвэрць стагоддзя — гэта не проста так, гэта не нейкая сістэмная памылка. Мала было проста папляскаць у ладкі, хаця і гэта было радасна рабіць у жніўні! Нельга зло перамагчы кветачкамі.

Цяпер мы плацім за гэты час, калі нехта маўчаў, хтосьці быў абыякавым і не хацеў думаць, галасаваў. Нават было б шкодна, калі б мы перамаглі 9 жніўня. Бо ўся сістэма, усе маньякі, якія катуюць людзей, яны б засталіся. А цяпер рэжым вар’яцее, і чым болей ён будзе вар’яцець, тым меней там будзе хаця б крыху адэкватных людзей. Гэта натуральны і патрэбны шлях, каб ачысціць Беларусь ад зла.

Чаго мне апускаць рукі? Я ведаю, для чаго я гэта рабіў шмат гадоў, куды я рухаюся. Адзінае, што нам трэба цяпер рабіць, — клапаціцца адно пра аднаго, вельмі шмат людзей у турмах, у патрэбе. Некаторых не прызналі палітычнымі, я сядзеў з доктарам Святаславам, які пашкодзіў чатыры «табакеркі», у яго засталася 80-гадовая матуля. Яго ніхто не прызнае палітвязням, але ж ён ішоў на тое, бо разумее, што не можа знайсці справядлівасці ні ў адным дзяржаўным інстытуце. Хто як можа спрабуюць адстаяць праўду. Чалавеку трэба дапамагчы, сабраць перадачу, не забываць пра матулю.

Трэба клапаціцца адно пра аднаго і размаўляць па-беларуску — гэта тое, што можа зрабіць кожны без рэпрэсій. Кажыце некалькі словаў штодня па-беларуску — гэта будзе ваш штодзённы пікет. А час працуе супраць рэжыму, яны самі сябе будуць нішчыць і разбураць. Захад рэжыму відавочны для кожнага разумнага чалавека, які разумее сутнасць рэжымаў, гэта відавочны факт, мы ўжо на фінішы.

У Бібліі ёсць цікавыя словы: «Будзем жаць, калі не саслабеем». Жніво прарастае незалежна ад нас, бо зло само сябе пажырае. Самае кепскае, што можа з намі адбывацца, гэта калі пачнецца жніво, то мы будзем саслабелыя гэтымі катаваннямі, суткамі, жалезнымі нарамі, бетонам, расчараваныя і знявераныя. Нам трэба пратрымацца маральна і духоўна, тады будзем жаць.

На жаль, па чалавечых мерках у іх хопіць рэсурсаў на любы тэрор. Мяне бяруць амапаўцы, б'юць у бусе, у райаддзеле я стаю ля сцяны, і са мной трое амапаўцаў. Кажуць мне: «Ну што, чапушыла? Ты ведаеш, хто такі чапушыла?» І ржуць. «Чапушыла — гэта ты». Усе размовы на нейкім гействе завязаныя, яны больш ні пра што не размаўляюць, і толькі на матах.

А трэці сядзіць і кажа: «Ну давай пахрукай». І пачынае рохкаць па-парсючынаму. Уявіце сабе, сядзіць чалавек і рохкае! І ржуць усе. Я аднаму кажу спакойна, без прэтэнзій: «Ты прыніжаеш людзей, табе ад гэтага прасцей становіцца?» — «Да, мне становіцца лягчэй!»

«Хадзіў на мітынгі?» — «Ну так, хадзіў». — «Білі цябе там?» — «Не, не білі». Мяне сапраўды не білі, была нейкая спецаперацыя па захопе. «Ты нам не трапіўся, мы б цябе, падлу, знішчалі». І ржуць, шчаслівыя. Скажы гэтым людзям забіваць, страляць — з радасцю, з падскокам, рохкаючы, што заўгодна будуць рабіць.

Канечне, нейкая частка будзе катаваць са шкадаваннем, а гэтыя — з задавальненнем. Але Бог кажа злачыннай сістэме «досыць», іх ужо нічога не ўратуе. І прыклад СССР у нас ва ўсіх перад вачыма. Які ўжо тэрор вы ні выкарыстоўвайце, гэта ўжо ўсё».

Каментары

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»28

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

Лаўроў у Брэсце расказаў моладзі, што «ад Украіны застанецца нейкая частка»16

Лукашэнка пра адключэнне інтэрнэту ў 2020-м: Калі гэта паўторыцца, адключым зусім35

На Захадзе задумаліся аб перадачы Украіне ядзернай зброі8

Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю1

Гродзенцу далі чатыры гады за каментары, судзілі яго паказальна перад студэнтамі

Беларускі пашпарт назвалі найслабейшым у Еўропе4

Шольц: Ужыванне Расіяй новай гіпергукавай ракеты азначае, што трэба пазбягаць эскалацыі27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»28

Папулярны тыктокер з Расіі тусіць у дарагіх рэстаранах Мінска: «Быццам бамжу падалі. Жарыце, на здароўе»

Галоўнае
Усе навіны →