Брытанскія ветэрынары правялі ўнікальную аперацыю на 17-гадовай суматранскай тыгрыцы з парку дзікіх жывёл каля англійскай вёскі Шэпрэт. Падчас яе атрымалася выратаваць вока Ратны — так завуць жывёлу.

Раней, калі Ратна толькі апынулася ў парку, на яе левым воку правялі аперацыю па выдаленні катаракты. Цяпер у гэтым жа воку жывёлы ветэрынары знайшлі язву рагавіцы, піша ВВС.

Пры гэтай хваробе таксама трэба рабіць аперацыю, і хатнія кошкі і сабакі праходзяць яе без праблем. Але ў выпадку з Ратнай спатрэбілася выкарыстаць нашмат больш анестэзіі. Тым не менш, усё прайшло добра.

Хірург Дэвід Уільямс з ветэрынарнай клінікі пры Кембрыджскім універсітэце, які ўдзельнічаў у правядзенні аперацыі, лічыць, што Ратна магла пашкодзіць вока бамбукавай палкай. Хутчэй за ўсё, пасля катаракты яе зрок у левым воку і так не быў добрым, а зараз ён яшчэ больш пагоршыўся. Але аперацыя, якую наўрад ці праводзілі раней жывёлам гэтага віду, як мінімум пазбавіла жывёлу ад болю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0