Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org

Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў. Фота: spring96.org

Дзмітрыя Фурманава, Яўгена Разнічэнку і Уладзіміра Кнігу абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак 29 траўня ў Гродне (ч.1 арт. 342 КК). Акрамя гэтага, Разнічэнку і Кнігу абвінавачваюць у гвалтоўных дзеяннях у дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Абвінавачаныя не прызнаюць сваёй віны па ўсіх эпізодах.

Справу разглядае суддзя Кастрычніцкага раёна Гродна Вольга Бекушава. Дзяржаўнае абвінавачванне па справе падтрымлівае старшы памочнік пракурора Гродна Мікіта Мыслівец. Па справе прызнаныя чатыры пацярпелыя міліцыянты: участковыя Уладзімір Казлоўскі і Аляксандр Хваленя, супрацоўнікі АМАПа Рахунок і Буднік.

У панядзелак, 17 траўня, пракурор Мыслівец заявіў хадайніцтва аб праглядзе запісаў стрымаў Сяргея Ціханоўскага з яго сустрэчы з падпісчыкамі ў Гродне 24 і 28 красавіка. Пракурор сам знайшоў запіс у ютубе, запісаў на дыск і папрасіў далучыць гэта да матэрыялаў справы і вывучыць у залі суда. Адвакаты былі супраць задавальнення хадайніцтва, бо гэта не датычыцца падзеяў 29 траўня і дыск працэсуальна не аформлены, але суддзя Бекушава задаволіла хадайніцтва. У судзе праглядзелі два відэа, дзе выступалі мясцовыя актывісты Мікалай Салянік, Лаўрэнцеў і іншыя гарадзенцы. У гэтым відэа таксама зафіксавана, як Ціханоўскі дарыць гарадзенцам тапак і кажа, што гэта зброя супраць таракана. Таксама ён кажа: «Калі не дазваляюць браць вілы, то бяром тапкі!» Незнаёмы гарадзенец кажа, што «галоўная задача ў гэты годзе — забіць таракана». Ціханоўскі адказвае, што галоўнае — «вярнуцца да дэмакратычных каштоўнасцяў і выбараў».

Таксама ў судзе яшчэ раз аб'явілі пратакол следчага эксперыменту ад 3 чэрвеня 2020 года аб абставінах атрымання цялесных пашкоджанняў капітанам Буднікам. Следчы эксперымент праводзіўся на статыстах РАСК у Гродна. Акрамя гэтага, у судзе зачыталі ліст Лідзіі Ярмошынай ад 23 чэрвеня 2020 года, дзе гаворыцца, што ўсе члены ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай атрымалі пасведчанні. У судзе былі зачытаныя два рапарты ўчастковых Казлоўскага і Хвалені ад 29 траўня. Адвакаты пярэчылі, бо гэтыя рапарты не зарэгістраваныя належным чынам у Адзінай кнізе паступлення паведамленняў. Суд не прыняў да ўвагі пярэчанні адвакатаў. На гэтым судовае следства, якое доўжылася пяць месяцаў, скончана. Бакі прыступілі да спрэчак.

Пракурор Мікіта Мыслівец заявіў, што, нягледзячы на тое, што ніхто з абвінавачаных не прызнае сваёй віны, лічыць, што віна ў судзе траіх фігурантаў «справы Ціханоўскага» па ч. 1 арт. 342, а Кнігі і Разнічэнкі — яшчэ і па арт. 364 Крымінальнага, цалкам даказаная і папрасіў суд пакараць Дзмітрыя Фурманава — двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Яўгена Разнічэнку — трыма з паловай гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Уладзіміра Кнігу — чатырма гадамі калоніі строгага рэжыму. З абвінавачванняў па арт. 364 КК Кнігі і Разнічэнкі выключылі матыў помсты помсты за выкананне службовай дзейнасці.

***

Нагадаем, 27 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна агучылі прысуд па крымінальнай справы супраць 38-гадовага кіроўцы аўтадома «Страна для жизни» са Старых Дарог Аляксандра Арановіча. Суддзя Алена Пятрова палічыла віну палітвязня ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 13 арт. 293 КК, даказанай і пакарала Арановіча шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0