Апошнi ў гэтым годзе аўкцыён па продажы гатовых кватэр у Мiнску прайшоў паспяхова.
Выстаўленыя на таргi 8 аднапакаёвых, 12 двухпакаёвых i 3 трохпакаёвыя кватэры прададзеныя. Пачатковы кошт квадратнага метра — 911 даляраў.
— На гэты раз карысталiся попытам трохпакаёвыя кватэры (на мiнулым аўкцыёне не прадалi нi адной трохпакаёўкi), — паведамiў начальнiк аддзела iнвестыцый ААТ «МАПIД» Мiкалай Дзеравянка. —
Яны абышлiся пакупнiкам у 71,5 — 76,5 тысячы даляраў. Сярэднi кошт метра — 1005,5 даляра.
Кошт метра аднапакаёвай кватэры ў параўнаннi з аналагiчным на мiнулым аўкцыёне знiзiўся на 15 даляраў (з 1100 да 1085). Аднапакаёвыя кватэры агульнай плошчай 43 м 2 каштавалi 46‑47 тысяч даляраў. Кошт метра двухпакаёвай кватэры, наадварот, вырас на 50 даляраў i склаў 1055.
Двухпакаёвыя кватэры набывалi за 59,5—61,5 тысячы даляраў.
Паводле слоў Мiкалая Дзеравянкi, правядзенне такiх мерапрыемстваў патрабуе нямала грошай. Таму наступны аўкцыён пройдзе недзе праз год.
— Таргi прайшлi добра. Цудоўна, што ўсе кватэры знайшлi свайго гаспадара. Толькi вось, мяркую, эфект быў бы значна лепшы, калi б мы правялi аўкцыён хоць бы на 2 месяцы раней. Прычына ў тым, што зараз пачаўся адпускны сезон, таму прэтэндэнтаў на адну кватэру было няшмат (у апошнiм аўкцыёне прынялi ўдзел каля 40 чалавек).