Яго стваральнік Андрэй Дыбоўскі спакойна ўспрыняў навіны аб блакіроўцы:

«Нічога мяне ўжо не здзівіць. Крыўдна за Tut.by. Мой праект каштоўны для некаторых беларусаў, але калі параўноўваць з парталам, то гэта нешта дробнае, што патрапіла пад раздачу хутчэй за ўсё памылкова».

Андрэй Дыбоўскі. Фота Уладзіміра Багданава

Інтэрактыўную карту Андрэй стварыў у 2002 годзе. Ён працаваў праграмістам, шмат ездзіў па Беларусі ў камандзіроўкі і вырашыў, што трэба зафіксаваць архітэктурную спадчыну, якая засталася. Яго цікавілі аб’екты, пабудаваныя да 1918 года (ці да 1939-га, калі размова пра Заходнюю Беларусь).

«Першыя 10-12 гадоў я рабіў усё сам. Зараз ужо менш часу трачу на праект. Ёсць суполка вандроўнікаў, якія дасылаюць фотаздымкі і навіны практычна кожны дзень. Я падарожнічаю зараз па Беларусі разоў 5-10 у год, а раней, калі праект ствараўся, гэта было 50-60 разоў.

Апошняя паездка была па Наваградчыне, па тых аб’ектах, якія я бачыў 10 ці 15 гадоў таму. Калі ў першыя вандроўкі я павінен быў вельмі хутка бегаць паміж каплічкамі, цэрквамі, сядзібамі, каб мага болей сфатаграфаваць і апублікаваць, паколькі амаль нічога не было ў інтэрнэце па гэтых помніках, то зараз я маю магчымасць аглядаць усё павольна, атрымоўваючы асалоду».

Экстрым у паездках здараўся не раз.

«Калі я здымаў у Гародні ваенкамат у будынку XVIII стагоддзя, мяне затрымалі. Гэта быў выходны, таму пакуль вайскоўцы сазвоньваліся з начальствам, давялося чакаць. Праз гадзіну адпусцілі і далі жаўнера, які мяне суправаджаў, каб я не фатаграфаваў нейкія ваенныя таямніцы, — усміхаецца Андрэй. — 

Аднойчы затрымалі памежнікі. Раней трапіць у прыгранічную зону было складаней: трэба было ўзгадніць усё з памежным камітэтам, перапісаць звесткі машыны, пашпартоў. А мы заехалі без дазволу. І 3-4 гадзіны, пакуль яшчэ сонца не села і можна было б фатаграфаваць, сядзелі на пагранзаставе. Нейкі капітан казаў мне: «О, я ведаю «Глобус Беларусі». Але служба ёсць служба». Склалі пратакол».

На карце сабрана больш за 11 тысяч аб’ектаў і 74 тысячы фатаграфій. Працэнтаў 30-40 з іх зрабіў Андрэй.

Так выглядае інтэрактыўная карта цяпер

«Насамрэч па Беларусі я наздымаў, здаецца, 700 тысяч фота, але ўсе апублікаваць няма ніякай магчымасці. Па-першае, гэта вялікія памеры, а па-другое, калі ёсць здымкі іншых вандроўнікаў лепшай якасці, навошта мае ў дрэннае надвор’е?» — тлумачыць ён падыход.

Топ славутасцяў Дыбоўскі складаў сам. Кажа, гэта яго суб’ектыўны выбар, але ў многім ён супадае з поглядам вандроўнікаў і спецыялістаў. Ствараючы топ, ён улічваў гістарычную важкасць пабудовы, тое, наколькі яна захавалася, і найперш — наколькі будзе цікава адукаваным беларусам.

За амаль 20 год існавання карты не ўсе аб’екты прайшлі выпрабаванне часам. Каля 100-120 пабудоў, якія зафіксаваў Дыбоўскі, або разбурыліся, або былі спалены, або іх знеслі.

Што для яго самога значыць гэты праект?

«Вандроўкі — гэта маё жыццё. І большая частка сродкаў, якія я зарабляю, ідзе на гэта. У Еўропе падчас паездак я таксама шукаю месцы, звязаныя з Беларуссю. У Фларэнцыі, напрыклад, я змог знайсці надмагілле Міхаіла Клеафаса Агінскага і дом, дзе ён жыў. А ў Польшчы адшукаў замак Дыбоўскі і жыў на вуліцы Дыбоўскай, названых, магчыма, у гонар нейкіх маіх далёкіх продкаў з XIV стагоддзя. Я сваіх продкаў па бацьку прасачыў да XVІІ стагоддзя, 11 кален ведаю дакладна».

Андрэй прызнаецца, што калі задумваў інтэрактыўную карту, то не пралічваў, ці будзе яна папулярнай.

«Я рабіў для сябе нататнік. Гэта і цяпер хобі. Таму тое, як вырас праект, было нечакана і прыемна. І тое, што зараз народ турбуецца пра яго лёс, прапаноўвае дапамогу, таксама вельмі прыемна». 

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?