У Беларусі існуе даволі развітая інфраструктура для далейшага развіцця «новых медыяў», але ў большасці насельніцтва пакуль не хапае ведаў і жадання карыстацца ўсімі дасягненнямі сучаснага інфармацыйнага грамадства. Гутарка з Ірынай Віданавай.

‑ Як вы лічыце, якія перспектывы «новых медыяў» у Беларусі? І якое месца яны займаюць у палітычным і сацыяльным жыцці?

«Новыя медыі» у Беларусі маюць вялікі патэнцыял. Як і паўсюль у свеце, усё большая колькасць людзей атрымлівае інфармацыю праз Інтэрнет. Нягледзячы на дарагавізну інтэрнету, у Беларусі самы высокі ў параўнанні з астатнімі постсавецкімі краінамі працэнт карыстальнікаў Інтэрнетам. І колькасць карыстальнікаў, абсалютная большасць з якіх моладзь ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, расце вельмі хуткімі тэмпамі.

«Новыя медыі» — гэта адзіны сектар на беларускім медыйным рынку, дзе апазіцыйныя і незалежныя інфармацыйныя рэсурсы з’яўляюцца больш папулярнымі і ўплывовымі за прадзяржаўныя СМІ (паглядзець, хаця б на топ самых папулярных навінных сайтаў на Акавіце).

Перспектывы «новых медыў» у Беларусі вялікія яшчэ і таму, што яны ў меншай ступені, чым традыцыйныя СМІ, кантралююцца ўладамі. Шмат якія медыйныя праекты і крэатыўныя людзі, з‑за ціску на друкаваныя выданні, былі вымушаныя сысці ў «новыя медыі». Але вынікам такой лічбавай эміграцыі стаўся не толькі бум незалежных онлайн‑выданняў, але й з’яўленне ўнікальных медыйных прадуктаў новага фармату.

Большасць дэмакратычных актывістаў у Беларусі атрымліваюць навіны менавіта праз Інтэрнет. У той жа час абсалютная большасць шараговых Інтэрнет‑карыстальнікаў прыходзяць у онлайн у пошуку забаўляльнай, непалітычнай інфармацыі. «Новыя медыі» самі па сабе не з’яўляюцца панацэяй ад грамадскай пасіўнасці. Дзеля таго, каб данесці інфармацыю і мабілізаваць шырокія пласты грамадства патрэбныя з аднаго боку месэджы і кантэнт, якія будуць мець сэнс, а з другога боку мультыфарматнасць інфармацыйнай працы з рознымі катэгорыямі грамадзянаў — ад суперсучасных тэхналогіяў і онлайн платформ да газет і самвыдатаўскіх бюлетэняў, а таксама кампаній «ад дзвярэй да дзвярэй».

— Што самае цікавае на ваш погляд у «Новых медыяў»? Якія навінкі, даступныя беларусам, самыя адметныя зараз?

Першапачаткова пад «новымі медыямі» разумеліся вэб‑сайты, але зараз гэта паняцце значна пашырылася і ўключае ўсё, што мае элемент інтэрактыўнасці: ад RSS‑стужкі і тэкставых каментароў да відэа‑блогаў, падкастаў і імгненных рэйтынгаў. Мультымедыйнасць — безумоўна, адзін з асноўных трэндаў у «новых медыя» у свеце і ў Беларусі, дзякуючы больш хуткаму і таннаму Інтэрнету. Яшчэ пару год назад онлайн відэа, напрыклад, падавалася беларускім медыямэйкерам экзотыкай, а сёння амаль кожны паважаючы сябе сайт мае відэа‑раздзел.

Сацыяльныя сеткі — гэта той сегмент «новых медыяў», які сёння развіваецца найбольш хуткімі тэмпамі. Facebook па‑ранейшаму трымае сусветнае лідэрства, але ў Беларусі ён менш папулярны за лакалізаваныя версіі, кшталту Аднакласнікаў. Самай гарачай навінкай у свеце сёння з’яўляецца Twitter, які дазваляе абсалютную мабільнасць і хуткасць рэагавання. У нас гэты інструмент ужо вядомы, але яшчэ ня вельмі папулярны, хаця ягоны патэнцыял, у тым ліку для арганізацыі і асвятлення важных грамадска‑палітычных падзеяў, вельмі вялікі.

Пры сучасным надзвычай хуткім тэмпе жыцця і жаданні максімальна эфектыўна выкарыстаць кожную хвіліну, усё больш людзей чытае навіны і праглядае любімыя сайты са сваіх мабільных тэлефонаў. Таму вельмі шмат заходніх онлайн рэсурсаў ужо маюць адмысловую «мабільную» (аблегчаную) версію. У Беларусі, дзе больш за 7 мільёнаў уладальнікаў мабільных тэлефонаў, гэта вялізная, яшчэ малаапрацаваная дзялянка для незалежных інфармацыйных рэсурсаў.

‑ У Іране Інтэрнет стаў моцнай інфармацыйнай пляцоўкай апазіцыі. А чаму ў Беларусі не так?

Дзеля таго, каб інтэрнет стаў такой моцнай інфармацыйнай пляцоўкай, з аднаго боку патрэбны каталізатар, такі як «скрадзеныя» выбары, а з другога — аўдыторыя, гатовая пачуць пратэстныя галасы і заклікі да супраціву. Такая аўдыторыя з’яўляецца тады, калі ёсць развітая і актыўная грамадзянскай супольнасць. У Беларусі падобны момант склаўся ў сакавіку 2006 года, але ў сілу розных прычынаў не развіўся да егіпецкага, малдаўскага ці іранскага маштабу.

Хаця Іран сёння безумоўна знаходзіцца ў цэнтры ўвагі ўсёй міжнароднай супольнасці, у тым ліку з‑за ролі, якую адыгрывае Інтэрнет, Малдова, на мой погляд, з’яўляецца нават больш цікавым прыкладам для нас. У красавіку 2009 г., у гэтай постсавецкай краіне з да болю блізкімі для нас гісторыка‑палітычнымі паралелямі, першы флэш‑моб, які прывёў да масавых дэманстрацыяў, быў арганізаваны менавіта праз Facebook. І хаця падзеі ў Малдове называюць twitter‑рэвалюцыяй, Twitter стаў выкарыстоўвацца людзьмі ўжо падчас дэманстрацыяў як сродак камунікацыі.

У Беларусі, Малдове і Іране інтэрнет безумоўна стаў моцнай інфармацыйнай пляцоўкай, асабліва сярод моладзі. Але ні ў водным з гэтых месцаў Інтэрнет не зьяўляецца самадастатковым. Гэта толькі інструмент, які дапамагае праінфармаваць і мабілізаваць людзей вакол нейкай важнай падзеі ці тэмы.

***

Ірына Віданава выкладала гісторыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце і Ліцэі пры БДУ. У 1998 г. стала галоўным рэдактарам адзінага ў Беларусі незалежнага моладзевага часопісу «Студэнцкая думка». Гісторык па адукацыі, у 2006 г. яна атрымала ступень магістра грамадскай палітыкі са спецыялізацыяй у мэнэджмэнце некамэрцыйных арганізацыяў і міжнароднай палітыцы ва ўніверсітэце Джонса Хопкінса. Падчас навучання ў ЗША працавала ў двух вядучых даследчыцкіх інстытутах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0