Сітуацыя не новая: чалавек памёр, а яму пішуць. Іншая справа, хто піша.

Віктару Ганчару, як паведаміла ягоная жонка, пішуць канторы кшталту ваенкамату.

Мусіць, не абышлося без ваенкамату і з Янкам Брылём. Не выключана, што пісьменнік і дасюль значыцца ў спісе ветэранаў вайны. А паколькі, як стыхійнае бедства, насоўваюцца чарговыя круглыя даты вызвалення Беларусі ад Гітлера і заканчэння вайны з Нямеччынай, недзе ў кіруючых галовах нарадзілася старая, яшчэ савецкая ідэя ахапіць усіх удзельнікаў вайны шэфствам. Як вядома, крайнімі у гэтай кампаніі заўсёды становяцца самыя бездапаможныя — школы.

Вось і атрымалі дочкі Янка Брыля з мінскай школы, што на вул. Чэхава, ліст з прапановай шэфстваваць над ім.

Школа — не ваенкамат, дзе таварышы маёры калі й чытаюць, то статуты, настаўленні ды інструкцыі. Настаўнікі — людзі нібыта інтэлігентнейшыя і павінны былі б ведаць, што Янка Брыль пакінуў гэты свет. А ўжо што тычыцца часопіса «Вожык», дык Янка Брыль быў і ў ліку яго першых супрацоўнікаў, і аўтарам. Здавалася б, супрацоўнікам гэтага выдання прост грэх не ведаць, што пісьменніка звалі Іванам Антонавічам, а не Іванам Анатольевічам.

Але менавіта на імя Івана Анатольевіча Брыля прыйшоў нядаўна паштовы перавод з «Вожыка».

А яшчэ Янка Брыль быў у ліку заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і сталым падпісчыкам газеты «Наша слова».

Вось нейкая дама ці дзяўчынка з ТБМ (відаць, зазірнуўшы ў старую шпаргалку) і даслала нядаўна пісьменніку бланк на падпіску на другое паўгоддзе.

Анатоль Сідарэвіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0