Падчас сустрэчы са спікерам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Барысам Батурам, іранскі прэзідэнт заявіў, што Іран і Беларусь павінны адыгрываць пэўную ролю ў кіраванні міжнароднымі справамі, паведамляе «Tehran Times».

Дэлегацыя беларускага парламента знаходзілася ў Тэгеране з афіцыйным візітам.

Іранскі прэзідэнт Махмуд Ахмадзінежад заявіў, што некаторыя вонкавыя сілы жадаюць устанавіць аднабаковы парадак у свеце з дапамогай маніпуляцый апошніх глабальных падзей. Ён дадаў, што свет стаіць на парозе вялікіх зменаў і лідэры губляюць сваю ўладу.

Ахмадзінежад адзначыў, што Іран і Беларусь маюць агульныя пазіцыі ў многіх глабальных праблемах і Тэгеран гатовы для пашырэння сувязяў з Мінскам.

У сваю чаргу Батура назваў прэзідэнцкія выбары паспяховымі і пазітыўна ацаніў пазіцыю кіраўніцтва краіны ў змаганні з грубым, на яго погляд, замежным умяшальніцтвам.

Беларускі спікер заявіў, што Беларусь жадае пашырыць сувязі з Іранам у розных галінах, а таксама садзейнічаць супрацоўніцтву ў наладжванні прававой сістэмы ў свеце. Ён таксама адзначыў, што Беларусь вітае іранскую прапанову пра стварэнне прававых і судовых органаў краінамі‑удзельніцамі Руху недалучэння і што наша краіна гатовая да любога супрацоўніцтва ў гэтай галіне.

Паводле словаў Батуры, Тэгеран і Мінск маюць агульныя пазіцыі адносна таго, што Рух недалучэння павінен адыгрываць больш актыўную ролю на міжнароднай арэне.

Нагадаем, што цяпер у Іране адбываюцца масавыя акцыі пратэсту апазіцыі, якія пачаліся некалькі дзён таму пасля абвяшчэння вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Паводле «Tehran Times», ВЖ

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру