Когда у тебя зрение минус двадцать семь диоптрий, то многие банальные бытовые дела несут для тебя большие риски. Читать ты можешь в очках с лупой одним глазом з расстояния три-пять сантиметров. Знакомых узнаешь по силуэту и по голосу. А этот человек, имея двоих детей, ежедневно наощупь шел на электричку и ехал из Молодечно в Минск, чтобы работать в библиотеках и архивах. Дорога в каждую сторону занимала больше двух часов. И все потому, что он хотел развенчать колониальные мифы о своем народе. Архивный материал с «Нашай гісторыі».
Гэта быў чалавек тыпу Стывена Хокінга, якога рэальная перспектыва рана памерці змусіла зразумець, наколькі ж жыццё вартае таго, каб яго пражыць.
«Калі ён ішоў па вуліцах Маладзечна, ён нагадваў птушку, якая ляціць. Крыху прыгнутыя плечы, галава, якая як бы апярэджвае цела, размашысты і ўпэўнены крок, узмах партфеля ў такт хады… Было штосьці птушынае і ў паставе, калі ён слухаў суразмоўцу, пахіліўшы галаву набок, перш чым — узмахнуўшы рукамі — выгукнуць: «А вы ве-едаеце!…»» — успамінаў маладзечанец Міхась Казлоўскі.
Такім запомнілі Міколу Ермаловіча. Чалавек-птушка — добры вобраз для помніка яму.
Ермаловіч проста штодзённа рабіў тое, што лічыў важным. З пункту гледжання нашчадкаў, тым самым гэты інвалід са зрокам у мінус дваццаць сем дыёптрыяў здзейсніў навуковы подзвіг.
Сын конюха
«Я ўпершыню ўбачыў інтэлігентнага чалавека ў акулярах, які размаўляў па-беларуску», — такім Ермаловіча запомніў у канцы 1940-х Антон Гедройць, вучань Пяршайскай школы Валожынскага раёна. Антось, аўтар надрукаванага ў абласной газеце верша, у той дзень адмахаў 30 кіламетраў пешшу пад дажджом да Маладзечна, запрошаны на літаб’яднанне.
Тады яшчэ існавала Маладзечанская вобласць: у адміністрацыйную адзінку з такой назвай была аб’яднаная ў БССР абезгалоўленая частка Віленшчыны. А непрыхаванае здзіўленне вучня ад таго, што чалавек з адукацыяй размаўляе не па-руску, адбівае стан з нацыянальнымі правамі беларусаў: не толькі начальнікамі, але і настаўнікамі ў Заходнюю Беларусь тады адпраўлялі людзей з усходу, часта — далёкага. І хлопчык толькі з такімі сутыкаўся.
Ермаловіч таксама быў «усходнікам», але блізкім, з пагранічнай Койданаўшчыны. Пасля вайны ён выкладаў беларускую літаратуру ў Маладзечанскім настаўніцкім інстытуце, таму і вёў літаб’яднанне пры абласной газеце «Сталинский путь». Ён, каго называлі пасля «некаранаваным акадэмікам», да канца жыцця не меў акадэмічнай гістарычнай адукацыі. Дый паступіць на літаратурна-лінгвістычны факультэт Мінскага педінстытута яму ўдалося цудам.
Ягонага бацьку Івана, калгаснага конюха, у 1937 годзе арыштавалі ці то за «шкодніцтва», ці то за «шпіянаж» — хто тады што тлумачыў сялянам? — і расстралялі. Ермаловіч меркаваў, што прычынай быў сваяк за мяжой: дзядзька Кастусь, бацькаў брат-настаўнік, у 1920- я застаўся на тэрыторыі, якая па Рыжскай дамове адышла да Польшчы.
Самога Міколу прыкладна ў той самы час выгналі са школы ў выпускным класе. Ідучы шэсць кіламетраў дахаты, з Койданава, за некалькі гадоў да таго перайменаванага ў Дзяржынск, у свае Малыя Навасёлкі, ён чытаў «Ліст вялікаму Сталіну ад беларускага народа», зачапіўся і ўпаў з кніжкай у гразь. Данеслі на Міколу хлопцы, якія ішлі з ім, а дырэктар мусіў «рэагаваць», іначай данеслі б на самога.
Выключэнне са школы закрывала перад чалавекам жыццёвыя перспектывы: калгаснікі не мелі пашпартоў і былі фактычна прыгоннымі, прывязанымі да зямлі. Але выдатнік Ермаловіч з дапамогай знаёмага мінскага настаўніка здаў экзамены на школьны атэстат экстэрнам, паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне, а потым і на літфак.
Вайна заспела яго ў нядаўна далучаным да БССР заходнебеларускім Шаркаўшчынскім раёне, куды ён паехаў на лета працаваць загадчыкам педкабінета. На фронт Міколу не ўзялі з-за слабага зроку.
Ермаловічу прапанавалі эвакуіравацца ў Мардовію. Першыя ваенныя гады ён адпрацаваў у школе пасёлка Лабаскі выкладчыкам рускай літаратуры. Успамінаў, як выпісаў сабе туды «Савецкую Беларусь», якую ў яго бралі чытаць іншыя педагогі — мардоўцы і рускія. Цікава, што ў пачатку вайны настаўнічаў у Мардовіі і ягоны будучы галоўны апанент, гісторык Лаўрэн Абэцэдарскі.
Тры браты
Калі ў 1943-м вызвалілі ад немцаў першыя ўсходнія раёны Беларусі, Ермаловіча выклікалі дадому. Дарогай у цягніку яго абрабавалі зладзеі. Але, перакапаўшы дарожную скрынку і не знайшоўшы нічога, апроч кніг і папер, ад злосці раскідалі іх па вагоне.
Падчас перасадкі ў Маскве здарылася прыгода, якая ледзь не каштавала Ермаловічу жыцця: пабег па кіпень і, вяртаючыся, вырашыў скараціць шлях і палез між вагонаў. Цягнік крануўся — і яго заціснула.
Ермаловіч успамінаў пасля, як нема закрычаў і страціў прытомнасць. Яго ўратавала жанчына-масквічка — пабачыла і дапамагла выцягнуць. Ад перажытага шоку зрок стаў імкліва падаць — у Суражскім раёне, куды Ермаловіча накіравалі інспектарам райана, ён раз прайшоў у вёску па замініраванай дарозе, нічога не заўважыўшы.
Лячыць зрок, калі яшчэ была надзея, у пасляваеннай Беларусі не было як, дый гэта адыходзіла на другі план у паваеннай нішчымніцы. У Суражскім раёне, дзе доўгі час стаяў фронт, у 1943-м заставаліся толькі дзве няспаленыя вёскі. Чаргу па хлеб у Маладзечне канца 1940-х трэба было займаць ад 5 гадзіны раніцы.
З Суража Ермаловіч у 1944- м перавёўся ў Дзяржынск — завучам у тую самую школу, з якой яго некалі выключылі. Працуючы там, ён нават родным братам ставіў тройкі па гісторыі.
Са звычайнай сялянскай сям’і Ермаловічаў выйшлі, дарэчы, тры беларускія інтэлігенты.
Адзін Міколаў брат, Лявон, прайшоўшы вайну ў падполлі, а пасля ў партызанах, стаў настаўнікам і апантаным краязнаўцам на радзіме, у Малых Навасёлках.
Другі, Валянцін, таксама ваяваў, чатыры разы быў паранены, насіў дзевяць асколкаў у целе. Ён доўгія гады кіраваў знакамітым народным тэатрам у Краснаполлі на Магілёўшчыне.
Ягоная дачка жыве ў Беразіне і доўгі час была актывісткаю сацыял-дэмакратычнага руху.
Адкуль у сям’і быў такі моцны нацыянальны стрыжань? Справа ў сямейных традыцыях, а таксама ў беларусізацыі, самы канец якой Мікола заспеў у школе. А малодшыя браты цягнуліся за старэйшым. «Я ж пачынаў вучыцца па нармальных падручніках, — расказваў Ермаловіч. — У 3 класе прыйшоў з канікулаў — адкрывай сумку, выкідай граматыку Лёсіка, чытанку Некрашэвіча, гэта ўсё нацдэмаўскае». Гэта быў 1930-ы, калі беларусізацыя згортвалася, а яе актыўных удзельнікаў саджалі ў турмы.
Спакойна і дыпламатычна
Пасля вайны Ермаловіч скончыў інстытут (аднавіцца дапамог цудам захаваны студэнцкі білет), атрымаў накіраванне ў аспірантуру. Ён збіраўся даследаваць развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ стагоддзі, але яму прапанавалі для навуковай працы тэму «Вобраз Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна ў беларускай літаратуры і фальклоры». Ермаловіч дыпламатычна адказаў, што ўзняць яе не здолее, і кінуў аспірантуру. У Маладзечне знайшлося вакантнае месца выкладчыка — вось і паехаў туды.
У настаўніцкім інстытуце, дзе Сталіна зубрылі на памяць, ён таксама не выступаў адкрыта супраць улады. «Бачыў, што не наступіў яшчэ час. Спакойна і дыпламатычна падтрымліваў усё роднае, беларускае», — успаміналі вучні.
Больш за тое, першая яго апублікаваная кніга звалася «Дарагое беларусам імя» і выйшла да 100-годдзя Леніна ў 1970-м. На той час «у стале» ў Ермаловіча ўжо ляжаў гатовы рукапіс падрыўной гістарычнай працы пра Вялікае Княства.
Ленініяна ў СССР была свайго роду «пропускам» і «індульгенцыяй» для навукоўца.
«Нам, беларусам, не трэба нарывацца на ражон і трапляць у турмы, — казаў ён гісторыку Міхасю Казлоўскаму. — Нас няшмат, нам трэба шырыць кола сяброў і аднадумцаў, працаваць, хай сабе павольна, але няўхільна».
Перад вачыма ў Ермаловіча і яго пакалення быў прыклад «задушанага адраджэння» ва Украіне, дзе ў 1960—1980-я нацыянальную інтэлігенцыю дзясяткамі саджалі ў лагеры і псіхіятрычныя лякарні за «антысавецкую агітацыю». (Самы таленавіты ўкраінскі паэт таго пакалення Васіль Стус памёр падчас галадоўкі ў карцары ўжо пры Гарбачове.)
І сапраўды, як пад носам у спрута, які аплятаў сваімі шчупальцамі грамадства, можна было за адзін толькі 1976 год выдаць 50 выпускаў самвыдатаўскіх лістовак «Гутарак» — і не папасціся? Напэўна, чалавек-інвалід усё правільна і асцярожна рабіў.
Уплыў слепаты
З-за слепаты Ермаловіч з дзяцінства жыў як бы асобна ад іншых людзей. У школе не бачыў, што настаўнік піша на дошцы, і дома па падручніках разбіраўся сам. «У гэтым, мусіць, і нешта карыснае было», — адзначаў ён.
Перад вайной меў зрок мінус сямнаццаць дыёптрыяў, пад канец жыцця — мінус дваццаць сем.
Чытаць мог у акулярах з лупай адным вокам з адлегласці ў тры-пяць сантыметраў. Знаёмых пазнаваў па сілуэце і па голасе.
Пры гэтым у побыце Ермаловіч не быў бездапаможны. Ён быў вельмі прагрэсіўны ў плане новай тэхнікі. Газавая пліта, тэлевізар «Беларусь-4», пральная машына, фотаапарат, тэлефон — усё гэта з’явілася ў яго сям’і раней, чым у суседзяў. Усё таму, што Ермаловічы былі ашчаднымі, не пілі і не курылі.
Ён быў лёгкі на пад’ём, гатовы імчаць на любую беларускую імпрэзу: ці ў Вязынку, ці ў Ракуцёўшчыну, ці ў Мілавіды. «Заўтра ўскладанне вянкоў на магілу Купалы, паслязаўтра — адкрыццё помніка, а 8 ліпеня — урачыстасці ў Вязынцы. …абавязкова буду ўзброены фота— і кінаапаратам», — пісаў ён у лісце Зосьцы Верас у Вільню.
Знаёмыя адзначалі, што да апошніх год жыцця Ермаловіч заставаўся фізічна дужым. Ён штораніцы рабіў зарадку, займаўся з гірамі, прымаў халодны душ.
На людзі выходзіў заўжды ў касцюме пад гальштукам.
Жонка была ягонымі вачамі
Яны пазнаёміліся ў інтэрнаце настаўніцкага інстытута. Лідзія Куляшова выкладала гісторыю і ўзначальвала партарганізацыю. Студэнты яе называлі «малекула» за невялікі рост. Вясёлая і ўвішная, яна мела звычку падкормліваць калег-халасцякоў.
Пабраліся ў 1953-м. Вяселля не рабілі, толькі сфатаграфаваліся на памяць. І ў сям’і, і на людзях Лідзія Цімафееўна гаварыла па-руску, а Мікола Іванавіч быў прынцыпова беларускамоўны.
Лідзія была родам са Смалянаў, з-пад Оршы. Яна ўспамінала, як, прысланая працаваць у Заходнюю Беларусь у канцы 1940-х, здзівілася, што вучні тут слаба разумеюць па-руску. Даводзілася рускую мову і літаратуру, якімі яе «нагрузілі» з-за недахопу выкладчыкаў, весці па-беларуску.
Спачатку Ермаловічы жылі ў сырым сямейным інтэрнаце, пасля перабраліся ў малую двухпакаёўку. У кутку прахаднога пакоя стаяў працоўны стол Міколы Ермаловіча. Пабачаны вачыма выпадковай госці, будучай паэткі Людкі Сільновай, той стол, «увесь закладзены таўшчэзнымі кнігамі», нагадаў гару Манблан. «Ля падэшвы яе ляжалі разгорнутыя кнігі — адна на адной, крыж-накрыж, з паперкамі і пажоўклымі фатаграфіямі, якія дзе-нідзе выглядалі адтуль, як з вузкіх цяснінаў… Бліжэй да сцяны, выраслая са стосаў крыва складзеных кніг, узвышалася сапраўдная горная вяршыня з вострымі выступамі плато…»
З двухпакаёўкі сям’я з часам перабралася ў большую кватэру, у доме на сённяшняй вуліцы Вялікі Гасцінец. Яе Ермаловіч, ужо ўдаўцом пераязджаючы ў Мінск у 1990-я, пакінуў дзецям. Лідзія таксама цікавілася гісторыяй Беларусі, яны з Міколам фактычна разам яе вывучалі. Яна ездзіла з ім на канферэнцыі, дапамагаючы ў дарозе, чытала яму ўголас, каб зменшыць нагрузку на яго вочы. Менавіта Лідзія, казалі знаёмыя, падштурхнула мужа да даследчай працы.
67 рублёў пенсіі
У Вялікабрытаніі Стывен Хокінг з аміятрафічным склерозам здолеў стаць сусветна вядомым вучоным. У ЗША Франклін Дэлана Рузвельт з поліяміэлітам мог стаць прэзідэнтам. Мікола Ермаловіч, які ў 36 год з-за слабога зроку сышоў на групу інваліднасці, мог разлічваць на 67 рублёў пенсіі.
На той час ён меў дваіх малых. Пакінуўшы працу, стаў ім за няньку. Дачцэ Алене было 5 год, сыну Славіку — тры з паловай. Раней, пакуль бацькі абое працавалі, мусілі няньку наймаць, бо месцаў у дзіцячых садках не было.
Ермаловіч імкнуўся перадаць дзецям сваю любоў да прыроды: вадзіў на рэчку глядзець, як крыгі ідуць, або выпускаць рыбу, калі сярод купленай на смажанне траплялася жывая. Яны разам садзілі ў зямлю галінкі з першамайскай дэманстрацыі — і тыя прыжываліся. Калі дзеці падраслі, хадзіў з імі ў грыбы. Праўда, пакуль яны збіралі, сам ён са сваім зрокам толькі «вартаваў кошык».
Гады міналі, а клопату не рабілася меней. У сына Усяслава пачалі ўсё выразней праяўляцца асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Ён не змог хадзіць у школу, працаваць. Усё жыццё пражыў пад апекай спачатку бацькоў, а калі іх не стала — сястры.
«Я жыву ў Маладзечне, але кожны дзень езджу ў Мінск, — пісаў Ермаловіч у 1979-м, — у Дзяржаўную бібліятэку, дзе праседжваю ад 10 да 18. Вяртаюся дамоў і замест адпачынку пяць гадзін склейваю каробкі. Без гэтага немагчыма было б пражыць, бо дзеці мае інваліды, трэба на іх зарабляць».
«Каробкі» — гэта кардонныя скрынкі для бібліятэчных картак, у дакамп’ютарную эпоху іх патрабавалася многа. Інваліды па зроку бралі сабе такую надомную работу.
«Прыеду з Мінска, сяджу, каробкі клею, побач жонка ўслых газеты чытае, часопісы — ідылія», — з гумарам успамінаў ён пасля тыя часы.
Праўда, штодзённыя паездкі ў Мінск пачаліся, калі пусцілі электрычкі, якімі можна было вярнуцца дамоў абыдзень. А свой першы бестселер пра ВКЛ Ермаловіч напісаў фактычна не выязджаючы з Маладзечна. «Я прачытаў усё, што было можна дастаць, замучыў дзяўчат з бібліятэчнага абанементу», — расказваў ён.
Калі ж даводзілася выбірацца ў Мінск, Ермаловіч вымушаны быў пасля дня ў бібліятэцы начаваць дзесьці ў знаёмых ці на вакзале, адкуль яго часам забіралі ў міліцыю.
Вывучаная бездапаможнасць
Каб маніпуляваць чалавекам, яго трэба дэзарыентаваць. Тое самае і з грамадствам.
З савецкіх падручнікаў па гісторыі беларусы паўставалі народам без эліт, сялянскай масай, якая хадзіла пад бізуном спачатку літоўскіх, пасля польскіх феадалаў, пакуль не збылася «вековая мечта — воссоединение с Россией». Пасля быў царскі прыгнёт, ад якога вызвалілі расійскія ж бальшавікі, якім беларусы мусілі дзякаваць і за стварэнне першай нацыянальнай дзяржавы — БССР.
Украінцам гісторыкі-русіфікатары пакінулі хаця б сюжэты Кіеўскай Русі (як перадцечы Маскоўскай) і казаччыны (пададзенай як змаганне з польскімі панамі за зноў жа ўз’яднанне з Расіяй), а беларуская гісторыя ў савецкім яе варыянце была зусім прэсная і нудная — чым там было ганарыцца, за што зачапіцца?
Але русіфікатарская канцэпцыя была сшытая настолькі неакуратна, што любы ўдумлівы чалавек мог заўважыць, як тырчаць белыя ніткі.
Малады настаўнік беларускай мовы з Дзяржынска Мікола Ермаловіч, замяняючы калегу, рыхтаваўся да ўрока гісторыі і адзначыў, як падрабязна — з датамі, імёнамі, фактамі — у падручніку апавядалася пра мангола-татарскае заваяванне Русі ў ХІІІ стагоддзі і як павярхоўна — некалькімі сказамі, без канкрэтыкі — пра захоп «літоўскімі феадаламі» беларускіх земляў у той самы час. Чаму?
Момант у жыцці, выпадковасць, але імкненне адказаць на гэта пытанне стане сэнсам жыцця Ермаловіча.
Па слядах аднаго міфа
Ермаловіча не адпускала пытанне «літоўскага заваявання», за якое зачапіўся быў яшчэ ў койданаўскай школе. За дзесяць год, ад 1958 да 1968-га, ён напісаў кнігу, якая стала яго маніфестам. У самвыдатаўскіх варыянтах яна пашыралася пад кодавай назвай «Сто старонак». Часткова, у форме артыкулаў у часопісы, яе ўдавалася друкаваць у пачатку 1970-х, але цалкам пад назвай «Па слядах аднаго міфа» яна выйшла толькі ў 1989-м.
Цэнтральная ідэя кнігі была ў тым, што Вялікае Княства Літоўскае было выключна беларускай дзяржавай, якая паўстала на беларускіх землях. Ермаловіч сцвярджаў, што летапісная «Літва» ХІІ—ХІІІ стагоддзяў месцілася не на тэрыторыі Літвы сучаснай, а ў ваколіцах Наваградка, Ваўкавыска, Слоніма. Ён абвяргаў тэзіс пра захоп беларускіх земляў «літоўскімі феадаламі». Наадварот, даводзіў Ермаловіч, гэта тагачасныя беларускія эліты запрасілі да сябе княжыць літоўскага князя Міндоўга і з яго дапамогай падначалілі суседнюю Літву, даўшы пачатак Вялікаму Княству Літоўскаму.
Такая інтэрпрэтацыя па прынцыпе даміно валіла афіцыйную ў тыя часы канструкцыю гісторыі Беларусі — з тэорыяй «трыадзінага народа» і «векавечнай марай аб уз’яднанні з Расіяй».
Дэтэктыў з друкаркай
Рукапіс «Ста старонак» хадзіў у нефармальным пісьменніцка-мастакоўскім асяродку, які збіраўся ў майстэрні Яўгена Куліка «на Паддашку», у Мінску на Ленінскім праспекце (цяпер праспект Незалежнасці) проста насупраць КГБ.
У 1976-м Кулік паказаў «Сто старонак» маладому супрацоўніку Акадэміі навук Змітру Санько, і той загарэўся надрукаваць. Пра дзяржаўнае выдавецтва і думаць не было чаго, недзяржаўных проста не існавала. Затое ў Крымінальным кодэксе БССР існаваў артыкул 67, які прадугледжваў да сямі гадоў турмы за «выраб і захоўванне» падрыўных з пункту гледжання рэжыму твораў.
Усе ручныя друкаркі з узорамі шрыфтоў стаялі на ўліку ў мясцовых аддзяленнях КГБ.
Каб зрабіць машынапіс працы Ермаловіча, трэба была «свежая» машынка. Сваяк Змітра Санько, які па працоўных справах ездзіў за межы Беларусі, купіў у Смаленску новую друкарку «Масква». Грошы на яе, 135 рублёў, далі бацькі Змітра, з Пухавіцкага раёна. Гэта была сума, роўная месячнаму заробку настаўніка.
Машынка была хоць і новая, але нізкай савецкай якасці: літары ў радку стаялі няроўна. Правілі друкаркі толькі ў адной майстэрні ў Беларусі — у Мінску на вуліцы Бехцерава. Прычым майстры былі абавязаныя паведамляць у КГБ звесткі пра тых, хто здаваў машынку. Часам нават рабілі цішком засечкі на літарах машынак з дзяржустаноў, каб лягчэй выяўляць крыніцу паходжання таго ці іншага непадцэнзурнага тэксту. Праз сваякоў з «сувязямі» ўдалося з тымі майстрамі дамовіцца прыватна — за жывыя грошы яны хутка і якасна выраўнялі шрыфт і паставілі беларускія літары.
Аддрукаваны тэкст мастак Генадзь Сокалаў-Кубай аддаў, зноў жа па знаёмстве, у ратапрынтны ўчастак Ленінскай бібліятэкі. І туды раптам наскочыла праверка з органаў! Мастак, перавязаўшы матузом тэчку з машынапісам, проста павесіў яе за акно — і яго не знайшлі.
Аддрукаваныя на ратацыйнай электракапіравальнай машыне вялікія аркушы Санько прынёс дахаты, замаскіраваўшы пад рулоны шпалераў. На падлозе хрушчоўкі яны з жонкай раскачвалі рулоны, нажніцамі разразалі на старонкі і складалі па парадку. Выйшла 22 кнігі плюс яшчэ пяць машынапісных копій. Пераплёў іх былы вязень ГУЛАГа Вячаслаў Шыдлоўскі, расстараўшыся для вокладкі ў акадэмічным выдавецтве «Навука і тэхніка» некалькі метраў ледэрыну шакаладна-карычнага колеру. Гэтыя кніжачкі перадавалі з рук у рукі, капіравалі, перапісвалі.
«Животное ископаемое»
Савецкая дзяржбяспека штосьці падазравала. Занадта незвычайным падаваўся гэты інвалід. Прычынай была Ермаловічава прынцыповая беларускамоўнасць. У 1950- я ён, наіўны, назіраючы катастрафічную русіфікацыю, пайшоў да старшыні Маладзечанскага абкама КПБ, а ў мінулым славутага заходнебеларускага тэрарыста Сяргея Прытыцкага. Праўда, заспеў дома толькі жонку, якая параіла яму «бросить дурацкие разговоры об этой мове» і запэўніла, што Сяргей Восіпавіч з ёй згодны.
Шэф маладзечанскага КГБ Іваноў за мову называў Ермаловіча «животным». «Вот и у нас есть такое животное ископаемое — свой динозавр», — казаў ён, выступаючы перад агітатарамі таварыства «Веды». І цытаваў выказванні Ермаловіча ў прыватных размовах ад 1948 да 1966 года.
Выклікала пытанні ў «органаў» і навуковая праца Ермаловіча. Годзе ў 1984-м яго выклікалі ў КГБ. «До нас дошли сведения, — пачаў следчы, — что вы пишете историю, в которой хотите доказать извечную самостоятельность Белоруссии». Так, пішу, пагадзіўся Ермаловіч, пачытайце, часткі надрукаваныя. Але кагэбістам хацелася «пачытаць» рукапіс цалкам.
Ермаловіч не даў: іначай, не выключана, яго чыталі б дагэтуль.
Дэкан і бурак
Данос на яго ў КГБ, лічыў даследчык, напісалі ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук. Для яе супрацоўнікаў гісторык-аматар быў стрэмкай у воку.
У 1982-м навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Залман Капыскі нават звярнуўся ў ЦК з просьбай забараніць Ермаловічу друкавацца — і такая забарона дзейнічала некалькі год.
Нават у 1990-м, на сконе СССР, калі на гістфаку БДУ стваралі незалежную асацыяцыю гісторыкаў, «некаранаванага акадэміка» Ермаловіча туды не ўключылі. Тым часам у часопісе «Маладосць» была ўжо надрукаваная яго «Старажытная Беларусь» — адзіная на той час кніга, у якой была выкладзеная цэльная канцэпцыя гісторыі краіны, напісаная з беларускіх пазіцый.
Дэкан Іраіда Царук (родная сястра Сяргея Прытыцкага) сказала, што ён «ніякі не гісторык»
і гэтага не ўхваляць у «высокіх будынках» ЦК, а яна прыклала вялікія намаганні, каб асацыяцыю дазволілі. Ермаловіч, даведаўшыся, перажываў, што старшыня грамадска-асветніцкага клуба «Спадчына», былы авіятар Анатоль Белы, які прапанаваў ягоную кандыдатуру, падставіўся і сапсаваў сабе кар’еру. Тады ж яшчэ і ў думках не было, што Савецкі Саюз дажывае апошнія гады.
Позняй восенню таго года Царук і Белы працягнулі дыскусію на калгасным полі пад Рудзенскам, куды гістфак на чале з дэканам пасылалі капаць буракі
(многія ўжо і забыліся пра гэтыя мілыя асаблівасці савецкага жыцця). Царук не верыла, што КПСС страціць уладу, што адкрыюцца архівы, што зменіцца гістарычная канцэпцыя.
Прайшло два гады. Мікола Ермаловіч атрымаў Дзяржаўную прэмію за кнігу «Старажытная Беларусь» (гэта яе рукапіс «прасілі пачытаць» у КГБ). А намеснік Царук, Давід Мельцэр, які наскокваў на Ермаловіча падчас таго пасяджэння, эміграваў у ЗША і выстаўляў сябе мужным антысавецкім дысідэнтам у эфіры радыё «Свабода».
«Кніга ў жалобнай рамцы»
«Старажытная Беларусь», якая прынесла Ермаловічу прызнанне на дзяржаўным узроўні і кватэру-аднапакаёўку ў мінскай Малінаўцы (Рафіева, 89) — а гэта ж было цудам для яго, магчымасцю ездзіць у бібліятэку тралейбусам, а не з Маладзечна, — праляжала «ў стале» чатыры гады.
У 1988 годзе яе надрукаваў часопіс «Маладосць». Напярэдадні Ермаловіч даў туды артыкул да 1125-годдзя Полацка, які разграміў акадэмік-сталініст Адам Залескі: аўтар не раскрыў барацьбу сялян з панамі. Галоўны рэдактар Генрых Далідовіч прапанаваў Ермаловічу: давайце адкажам новым творам.
«Калі я прынясу новы твор, вас усіх у турму пасадзяць!» — пажартаваў той.
«Калі будзеце сухары насіць, надрукуем», — адказалі супрацоўнікі рэдакцыі.
Рэдактар звяртаўся да васьмі дактароў навук па прадмову. Сем адмовіліся, пагадзіўся Міхась Ткачоў.
Ермаловіч лічыў «Старажытную Беларусь» кнігай «у жалобнай рамцы»: калі «Маладосць» пачынала яе друкаваць, памерла яго 95-гадовая маці Сцепаніда, а калі заканчвала — жонка.
Апошні год жыцця ў Лідзіі была анкалогія. Згасаючы, яна была без прытомнасці. У яе апошні дзень, успамінае Міхась Казлоўскі, Ермаловіч бег па Маладзечне ў бок бальніцы — ускудлачаны, непазнавальны, з шэрым тварам.
Ён пражыў пасля яшчэ дзясятак гадоў. Гэта быў час прызнання. Ермаловіч пераехаў у Мінск, па-ранейшаму праседжваў дні ў бібліятэцы, выступаў на імпрэзах, чытаў лекцыі, хадзіў на мітынгі. А загінуў праз дурную, але непазбежную пры ягонай слепаце выпадковасць: цёмным сакавіцкім вечарам 2000 года з-за слабага зроку трапіў пад аўто, пераходзячы вуліцу ў Малінаўцы.
Ці быў Ермаловіч першаадкрывальнікам?
Канечне, Ермаловіч фізічна, у сілу жыцця ў закрытай дзяржаве, не меў магчымасці працаваць у нямецкіх, польскіх, чэшскіх і ватыканскіх архівах. Але ў яго быў жывы розум пераадкрывальніка і падсумавальніка. Ён вярнуў у навуковы абыходак напрацаванае дасавецкімі гісторыкамі. Ён старанна перачытаў Васіля Тацішчава, Васіля Ключэўскага, Сяргея Салаўёва, Мацвея Любаўскага, Уладзіміра Антановіча, Мітрафана Доўнар-Запольскага. Іх погляд на Полацкае княства і ВКЛ быў далёкі ад зашоранасці і заідэалагізаванасці. А таксама — рэпрэсаваных Вацлава Ластоўскага і Усевалада Ігнатоўскага.
«Старажытная Беларусь» — сума, лагічны вынік і завяршэнне працы плеяды беларускіх гісторыкаў, якім у канцы 1920-х— пачатку 1930-х гадоў бальшавікі не далі давесці да канца пачатую справу», — пісаў гісторык Анатоль Сідарэвіч.
Як кожны аўтар, Мікола Ермаловіч браў у сваіх папярэднікаў тое, што «клалася» ў яго бачанне. Але калі Беларусь атрымала незалежнасць, раптам выявілася, што ніводнай цэльнай канцэпцыі гісторыі краіны ад старажытных часоў, апроч Ермаловічавай, проста няма. І яго кнігі размяталі з паліц. Яго працы сталі каталізатарам для акадэмічных гісторыкаў, пачалі выходзіць сур’ёзныя беларускія навуковыя працы па гісторыі ВКЛ.
Далёка не ўсе ермаловіцкія гіпотэзы вытрымалі выпрабаванне часам і крыніцамі, але цэнтральную ў Ермаловіча думку, што Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая — частка гістарычнай спадчыны беларусаў, ніхто не аспрэчвае.
«Яму балела беларуская гісторыя, — казаў Міхась Чарняўскі. — Сапраўдная гісторыя замяняе заняволенаму народу армію, авіяцыю і флот. Ён ніколі не асімілюецца».
«Значэнне Ермаловіча ў тым, што ён злячыў беларусаў ад комплексу непаўнавартасці, ад комплексу недзяржаўнай нацыі», — пісаў Юрась Пацюпа.
Можа быць, толькі чалавек, які жыў «як бы асобна», і мог развіць у сябе смеласць пайсці на такое супраць тагачаснага мэйнстрыму.
-
Появился портал по истории Беларуси с AI-ассистентом и 3D-моделями
-
«Наиболее ощутимые изменения — в презентации восстания Калиновского». Как изменились белорусские учебники по истории
-
90 лет со дня рождения Станислава Шушкевича — архивный фильм «Нашай Нівы» о первом руководителе независимой Беларуси
Комментарии