Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» заклікае беларусаў свету далучыцца да кампаніі падтрымкі беларускай рэдакцыі Шведскага радыё.

Арганізацыя прапануе накіраваць лісты кіраўніцтву Шведскага радыё з патрабаваннем працягнуць вяшчанне па‑беларуску пасля 1 верасня 2009 года. Пра гэта гаворыцца ў адмысловай заяве арганізацыі.

ЗБС «Бацькаўшчына» выказвае занепакоенасць тым, што з 1 верасня «Радыё Швецыя» спыняе вяшчанне на беларускай мове. Пра гэтае рашэнне паведаміў кіраўнік Міжнароднага канала Шведскага нацыянальнага радыё (у гэты канал уваходзіць і «Радыё Швецыя») Інгемар Лёфгрэн. Паводле слоў Лёфгрэна, Шведскае радыё «зрабіла выбар на карысць вяшчання на адной з вялікіх еўрапейскіх моваў, а менавіта — рускай, тым больш што гэта мова, якую разумеюць і ў Беларусі».

«Спыненне перадач па‑беларуску не толькі прывядзе да змены моўнага асяроддзя, але і паўплывае на змест праграмы: натуральна, што руская служба будзе надзяляць болей увагі расійска‑шведскім адносінам, — адзначаецца ў заяве. — Больш за тое, спыненне вяшчання па‑беларуску зменшыць прысутнасць беларускай мовы ў свеце, што нельга дапусціць, улічваючы сённяшнюю сітуацыю з мовай у Беларусі і пагражальныя асімілятыўныя працэсы сярод беларусаў замежжа. Падобна на тое, што ў сувязі з пацяпленнем адносін паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, праца беларускай рэдакцыі, што спрыяла дэмакратызацыі Беларусі, падаецца кіраўніцтву Шведскай радыёкампаніі непатрэбнай».

ЗБС «Бацькаўшчына» выказвае падтрымку беларускай рэдакцыі Шведскага радыё і спадзяецца на тое, што рашэнне пра спыненне вяшчання па‑беларуску будзе адменена. Арганізацыя заклікае ўсіх беларусаў далучыцца да кампаніі. Неабходныя адрасы кіраўнікоў Шведскага радыё можна знайсці на сайце: sr.se

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0