Беларусь плануе стварыць свабодную зону гандлю з ЕС праз 3‑4 гады.

Аб гэтым паведаміў сёння першы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Размова ідзе аб тым, што беларускія тавары будуць перамяшчацца па Еўрасаюзу з найменшымі перашкодамі,

— гэта не стварэнне Мытнага саюза, растлумачыў Уладзімір Сямашка.

Ён таксама адзначыў, што Беларусь сёння нясе значныя фінансавыя страты з‑за выключэння з 2006 года з сістэмы абагульненых прэферэнцый. Але з 2010 года наша краіна можа зноў увайсці ў гэту сістэму, адзначыў Уладзімір Сямашка.

БЕЛТА

***

Дзяржпадтрымка ў 2009 годзе будзе аказана цэламу шэрагу прамысловых прадрыемстваў Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння першы віцэ‑прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка, выступаючы перад дэпутатамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Адна з задач для стварэння ўмоў дынамічнага развіцця эканомікі — зніжэнне кошту крэдытных рэсурсаў. Гэта пытанне шмат разоў узнімалася дырэктарскім корпусам прамысловых прадпрыемстваў. Цяпер падрыхтаваны праект пастановы Савета Міністраў аб некаторых антыкрызісных мерах, у адпаведнасці з якой прадугледжана аказаць у 2009 годзе дзяржпадтрымку цэламу шэрагу прамысловых арганізацый», — сказаў Уладзімір Сямашка.

Ён таксама паведаміў, што ў Беларусі прадаўжаецца работа па пабудове арганізацыі продажаў прадукцыі праз сістэму лізінгу. Падрыхтаваны праекты дакументаў па стварэнні дзяржаўнай лізінгавай кампаніі. З расійскімі, украінскімі і іншымі кампаніямі адпрацаваны ўмовы далейшай сумеснай работы ў гэтым напрамку.

***

Пратэкцыянісцкая палітыка Расіі і Украіны перашкаджае развіццю знешняга гандлю Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння першы віцэ‑прэм’ер Уладзімір Сямашка, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Праблема заключаецца ў плацежаздольнасці пакупніка, удакладніў першы віцэ‑прэм’ер. Цэнавы фактар заўсёды адыгрываў пэўную ролю ў гандлі. «Немалую ролю тут займае і пратэкцыянісцкая палітыка, уведзеная ў суседніх краінах — Расіі і Украіне — адносна прыярытэту на закупку айчыннай прадукцыі», — сказаў Уладзімір Сямашка.

На зніжэнне экспарту Беларусі, у прыватнасці ў хімічнай прамысловасці, таксама паўплываў фактар падзення попыту на сусветных рынках. Гэта адбілася на продажы Беларуссю хімічных валокнаў. Знізіўся попыт на хлорысты калій. У выніку за 5 месяцаў бягучага года вытворчасць калійных угнаенняў склала толькі 40 працэнтаў да аналагічнага ўзроўню мінулага года.

БЕЛТА

***

Беларусь прапаноўвае «Газпрому» юрыдычна аформіць сярэднегадавую цану на газ для Мінска. Пра гэта паведаміў журналістам 26 чэрвеня першы намеснік прэм’ер‑міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

«Беларусь прапаноўвае «Газпрому» юрыдычна замацаваць у выглядзе дадатковага пагаднення да кантракта вусную дамоўленасць прэзідэнтаў Беларусі і Расіі аб аплаце Мінскам газу сёлета па сярэднегадавой цане», — сказаў Сямашка.

Ён нагадаў, што аб аплаце Беларуссю расійскага газу па сярэднегадавой цане прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў дамовіліся ў сакавіку 2009 года на сустрэчы ў Завідаве. «Прэзідэнты дзвюх краін дамовіліся, прэм’еры дамовіліся. У вас (у «Газпроме». — БелаПАН.) на стале ляжыць дадатковае пагадненне да кантракта, таму, калі ласка, падпішыце. Мы пунктуальна выконваем дамоўленасці і выплачваем па 150 долараў за тысячу кубаметраў, з другога паўгоддзя паступова пачынаем пагашаць раней утвораную запазычанасць», — сказаў Сямашка.

Віцэ‑прэм’ер падкрэсліў, што дадзеная пазіцыя выкладзена ў лісце «Газпрому» ў адказ на атрыманае «Белтрансгазам» пасланне з патрабаваннем «неадкладна пагасіць запазычанасць на 234 млн. долараў, якая ўтварылася ў выніку таго, што кантрактная цана газу ў студзені—красавіку перавышала сярэднегадавую цану, якая фактычна аплачваецца Мінскам». Пры гэтым Сямашка зазначыў, што Беларусь ужо паступова выплачвае запазычанасць, і да лістапада 2009 года яна будзе цалкам пагашаная.

Сямашка таксама зазначыў, што дадатковае пагадненне да кантракта «Газпром» яшчэ не падпісаў, хаця яно 20 сакавіка ўжо было атрыманае канцэрнам, а 24 сакавіка — парафіраванае экспертамі «Газпрома» і «Белтрансгаза».

Адказваючы на пытанні журналістаў, Сямашка паведаміў, што ў першым паўгоддзі беларускі бок «недавыбера каля двух млрд. кубаметраў газу». У сувязі з рэзкім скачком росту цэн на газ у пачатку года Беларусі «было больш выгадна выкарыстоўваць таннейшы мазут для выпрацоўкі цепла‑ і электраэнергіі», патлумачыў ён. За кошт гэтага «ўдалося зэканоміць істотныя сумы».

Пры гэтым Сямашка зазначыў, што Еўрасаюз у першым квартале 2009 не выбраў каля 30% прадугледжанага аб’ёму расійскага газу, Украіна — 40%.

***

Першы намеснік прэм’ер‑міністра Уладзімір Сямашка не ведае пра зварот Беларусі да Еўрасаюза з просьбай аб аказанні краіне фінансавай дапамогі.

«Я нічога не ведаю. Упершыню ад вас чую, што Міністэрства фінансаў звярнулася», — заявіў ён 26 чэрвеня ў Мінску журналістам у адказ на просьбу пракаментаваць нядаўнія заявы міністра фінансаў Андрэя Харкаўца.

Нагадаем, 24 чэрвеня кіраўнік Мінфіна паведаміў, што Беларусь накіравала Еўрасаюзу адозву з просьбай аб аказанні фінансавай дапамогі. «Чакаем рэакцыі. Думаю, што адказ будзе ў хуткім часе. Папярэднія вынікі будуць вядомы на працягу 10 дзён», — сказаў ён. Харкавец зазначыў, што ў ЕС «ёсць механізм аказання макраэканамічнай дапамогі», і яго адказ будзе «звязаны з працай МВФ».

У сваю чаргу, Сямашка паведаміў, што цяпер ідзе перамоўны працэс паміж Беларуссю і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця па фармаванні «гэтак званай стратэгіі па Беларусі». «А калі гэта ЕБРР, то чытай у дужках — Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ), таму што яны адзіным колам выступаюць, — сказаў Сямашка. — Пакуль ЕІБ не мае мандата на Беларусь. Але нам паабяцалі, і Хаўер Салана таксама паабяцаў, што мандат такі будзе выдзелены».

Паводле слоў Сямашкі, чакаецца, што ЕБРР пяройдзе «на аднаварыянтную канцэпцыю супрацоўніцтва» з Беларуссю на 2010—2013 гады, дзе будуць канкрэтна прапісаны інвестыцыйныя праекты. «Іх найперш цікавяць інфраструктурныя, экалагічныя, энергетычныя праекты. Будуць выдзелены пэўныя сродкі, каб іх рэалізаваць. Там шмат праектаў на любой густ з фінансаваннем ад мільёна да мільярдаў (еўра. — БелаПАН.)», — сказаў Сямашка.

Ён падкрэсліў, што для Беларусі выгадна «браць доўгатэрміновыя крэдыты, мадэрнізаваць сваю прамысловасць і энергетыку, а потым за кошт сваёй працы вяртаць гэтыя крэдыты».

***

Еўрапейскі інвестыцыйны банк — дзяржаўнае фінансава‑крэдытная ўстанова Еўрапейскага саюза для фінансавання развіцця адсталых еўрапейскіх рэгіёнаў у форме доўгатэрміновых крэдытаў. Створаны ў 1958 годзе з мэтай выдзялення крэдытаў для збудавання і рэканструкцыі аб’ектаў, якія ўяўляюць цікавасць для краін ЕС. Статутны капітал фармуецца з узносаў краін‑удзельніц і складае 163,7 млрд. еўра. ЕІБ — юрыдычная асоба. Яго членамі з’яўляюцца дзяржавы — удзельніцы ЕС. Заданне ЕІБ заключаецца ў садзейнічанні «пастаяннаму і збалансаванаму развіццю агульнага рынку ў інтарэсах супольнасці». Для дасягнення гэтай мэты банк выкарыстоўвае як рэсурсы рынку капіталаў, да якіх мае доступ, гэтак і ўласныя рэсурсы.

***

Уладзімір Сямашка адзначае наяўнасць забарончых мер на рэалізацыю беларускай тэхнікі ў Расіі

Першы віцэ‑прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка зазначае наяўнасць забарончых мер на рэалізацыю беларускай тэхнікі ў Расіі. «Расія пакуль не пагаджаецца на субсідаванне на парытэтнай аснове закупак беларускай тэхнікі. І сёння можна канстатаваць, што ідзе забарона на рэалізацыю беларускай тэхнікі», — заявіў ён, выступаючы 26 чэрвеня на сумесным пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу.

Паводле слоў Сямашкі, Расія зняла 15‑працэнтную прэферэнцыйную надбаўку на карысць сваіх вытворцаў. «Але калі ўзяць статыстыку, то 85—90% аўтатрактарнай прадукцыі і сельгастэхнікі купляецца ў Расіі асобнымі спажыўцамі з улікам прэферэнцый, субсідый з федэральнага бюджэту праз «Рассельхазбанк». Зразумела, што купляецца толькі расійская тэхніка», — падкрэсліў віцэ‑прэм’ер.

Беларусь, заявіў Сямашка, настойвае на парытэтных умовах субсідавання закупак. «Вы субсідзіруеце беларускую і расійскую тэхніку ў сябе ў Расіі, мы субсідзіруем беларускую і расійскую тэхніку ў сябе ў Беларусі. Прычым глыбіня нашых субсідый значна большая: у Расіі субсідыі складаюць дзве трэці працэнтнай стаўкі па банкаўскім крэдыце, у Беларусі ж дарагая тэхніка субсідзіруецца ў памеры 50% намінальнага кошту і поўнай працэнтнай стаўкі па беларускім крэдыце», — сказаў ён. «Мы гатовы ісці на такія выдаткі», — падкрэсліў першы віцэ‑прэм’

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0